Паспяшалася вясна – рупяцца і хлебаробы

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 28/2019 от 06 апреля 2019 09 апреля 2019 15:29 Общество Беларуская

    На мінулым тыдні на Пастаўшчыне прыступілі да яравой сяўбы. Першымі вывелі ў поле сеялкі хлебаробы сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра».

    Пасяўная кампанія ў СП «Дунілавічы-агра» сёлета стартавала 28 сакавіка — на тыдзень раней, чым летась. Першымі ажывіліся сяргеевіцкія палі. Ва ўрочышчы Міхаліна амаль на 80 гектарах лёг у глебу авёс. Затым працавалі ля Каліт, праз тры дні пераехалі да Пятровіч. Пакуль задзейнічаны дзве сеялкі. З “Лемкенам” рупіцца Аляксандр Парневіч, з СЗУ-3,6 — Андрэй Галінскі. А вось яшчэ адзін вопытны сеяльшчык, Валерый Вайткевіч, пакуль толькі нервуецца: у яго трактары яшчэ восенню выйшаў са строю рухавік. Уласнымі сіламі ўхіліць паломку было немагчыма, а заплаціць маторарамонтнаму заводу доўгі час не мелі грошай. Напрыканцы зімы адвезлі рухавік у Віцебск. З дня на дзень павінны забраць. Як толькі запусціць трактар — падчэпіць шасціметровую сеялку і ўключыцца ў работу.

    На падрыхтоўцы глебы стараюцца Андрэй Вайткевіч і Эдуард Рагіня.

    — З кожным годам зямлі дабаўляецца, — расказваў галоўны аграном Уладзімір Балай. — Сёлета нам перада­дзены 200 гектараў з райаграсэрвісу. Іх трэба ўзараць і засеяць. Аб’ём работы немалы: яравыя культуры трэба пасеяць на 645 гектарах. Сваіх рабочых рук не хапае. Таму, згодна з рашэннем райвыканкама, на дапамогу прыйдуць механізатары з дунілавіцкіх лясніцтва і дома-інтэрната, УП ЖКГ.

    З-за маласнежнай зімы і сухога надвор’я цяпер зямля хутка перасыхае, таму трактары з сеялкамі ідуць ледзь не ўслед за тымі, якія рыхтуюць глебу. Ля Пятровіч высявалі элітнае насенне ячменю «зубр», якое набылі ў ААТ «Хацілы-агра».

    Тэкст і фота Анны Анiшкевіч