Каб не здарылася бяды

  • Алена Шапавалава, Пастаўскі край 28/2019 от 06 апреля 2019 09 апреля 2019 15:22 Общество Беларуская

    Кожную вясну, калі сыходзіць снег, работнікі аддзелаў па надзвычайных сітуацыях сутыкаюцца з праблемай загарання сухой расліннасці. Як правіла, вінаватыя ў гэтым грамадзяне, якія пачынаюць наводзіць парадак вакол сваіх дамоў, выпальваючы мінулагоднюю траву і рознае смецце. Нярэдка загаранні адбываюцца і па віне аматараў адпачынку на прыродзе. Пакідаючы пасля сябе непатушанае вогнішча або кінуўшы ў траву акурак, які тлее, яны не задумваюцца, што гэта можа прывесці да пажару.

    У 2018 годзе на тэрыторыі Пастаўскага раёна зарэгістраваны два выпадкі загарання сухой расліннасці, адзін з якіх закончыўся сур'ёзным пажарам. Жыхарка вёскі Ожарцы Навасёлкаўскага сельсавета вырашыла выпаліць сухую траву на сваім участку. Вецер падхапіў полымя, і па траве агонь пайшоў у бок дома. Спачатку загарэлася павець, затым — лазня, а следам і дом. Спробы гаспадыні самастойна справіцца са стыхіяй не мелі поспеху. Пакуль прыехалі пажарныя, агонь паспеў знішчыць павець і лазню, істотна пашкодзіў дом. Другое загаранне сухой расліннасці на плошчы каля 1 гектара адбылося ў вёсцы Касцяні Юнькаўскага сельсавета. У дадзеным выпадку вяскоўцы змаглі яго ліквідаваць да прыезду падраздзяленняў МНС, уцалелі і ўсе пабудовы. Але ўстанавіць вінаватага так і не ўдалося.

    Сёлета спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падчас паездак па раёне таксама рэгіструюць нямала фактаў выпальвання мінулагодняй расліннасці. Адно з іх, каля вёскі Кейзікі, ледзь не закончылася пажарам. А вось тушыць узгаранне на плошчы 0,8 гектара побач з вёскай Паташня Лынтупскага сельсавета давялося пажарным. На шчасце, абышлося без матэрыяльных страт.

    Эколагі і спецыялісты па ахове і абароне лесу не стамляюцца паўтараць: вясеннія палы — сапраўднае экалагічнае бедства. У народзе трывала ўкараніўся міф пра іх спрыяльнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе: маўляў, можна хутка навесці парадак на ўчастку, паскорыць рост маладой травы. На самай жа справе палы знішчаюць урадлівасць глебы і парушаюць прыродную раўнавагу. Акрамя таго, пры пажарах у атмасферу выдзяляецца вялі­кая колькасць ядавітага дыму, а падчас спальвання смецця, у прыватнасці пластыку, які ўтрымлівае хлор, у паветра трапляюць небяспечныя высокатаксічныя рэчывы. Палы таксама прыводзяць да ўзгарання тарфянікаў і лясных насаджэнняў.

    У адпаведнасці з артыкулам 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, ржышча і пажніўных рэшткаў на палях або непрыняцце мер па ліквідацыі палаў прадугле­джана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. Развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах караецца штрафам у памеры да 12 БВ. А ў некаторых выпадках за парушэнне пра­вілаў пажарнай бяспекі можа наступіць нават крымінальная адказнасць.

    Калі выпальваць сухую расліннасць на палях і лугах катэгарычна нельга, то раскладваць вогнішчы для спальвання смецця і адходаў закон дазваляе. Але пры выкананні шэрага ўмоў. Па словах начальніка Пастаўскага РАНС Аляксея Кісяля, рабіць гэта можна на пляцоўках, акаймаваных мінералізаванай (ачы­шчанай ад мінеральнага слою глебы) паласой шырынёй не менш за 0,25 м пры слабым ветры (да 5 м/сек) на адлегласці не менш за 15 м ад будынкаў (пабудоў), 25 м — ад ляснога масіву і 30 м — ад скірдаў сена і саломы. Пры прыгатаванні на тэрыторыі жылых дамоў сядзібнай забудовы, дачных і садовых домікаў ежы на спецыяльных прыстасаваннях з выкарыстаннем гарачага вуголля (мангалах, барбекю, грылях і інш.) мінімальная адлегласць ад будынкаў і пабудоў павінна быць не менш за 4 м.

    Пляцоўку для спальвання смецця або адходаў і месца размяшчэння прыстасаванняў для прыгатавання ежы трэба выбіраць такім чынам, каб выключыць магчымасць узнікнення пажару. Пад рукой абавязкова павінны быць вогнетушыцелі або ёмістасці з вадой аб'ёмам не менш за 10 літраў, а таксама штыкавая лапата.

    Адпраўляючыся адпачыць на прыроду:

    — старанна прадумайце ўсе меры бяспекі пры правя­дзенні адпачынку і забяспечце іх няўхільнае выкананне як дарослымі, так і дзецьмі;

    — не пакідайце ў месцах адпачынку непатушаныя вогні­шчы, запалкі, акуркі, шкляныя бутэлькі (на сонцы яны працуюць як павелічальнае шкло, факусіруюць сонечнае святло і падпальваюць траву, мох і г.д.);

    — не праходзьце міма травы, якая гарыць. Калі не можаце патушыць пажар сваімі сіламі, паведаміце пра ўзгаранне ў дзяжурную службу МНС па тэлефонах 101 або 112.

     Не дапускаецца:

    — выпальванне сухой расліннасці, іржышча;

    — спальванне смецця і размяшчэнне спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы пад кронамі дрэў;

    — пакідаць без нагляду пляцоўку для спальвання смецця і гарачае вуголле ў спецыяльных прыстасаваннях для прыгатавання ежы.

    Пасля спальвання сме­ц­ця, адходаў на пляцоўках і прыгатавання ежы ўсё павінна быць патушана да поўнага спынення тлення.

    Алена Шапавалава