Дарогі вайны – дарогі памяці

  • Вераніка Філановіч, Пастаўскі край 29/2019 от 10 апреля 2019 11 апреля 2019 11:47 Общество Беларуская

    На мінулым тыдні ў СШ №4 распачалі рэалізацыю патрыятычнага праекта «Вялікая Айчынная вайна — урокі памяці», прымеркаванага да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

    — Моладзь павінна ведаць тых, хто аддаў свае жыцці ў імя міру, ушаноўваць іх памяць, — гаварыў дырэктар школы Вячаслаў Пякарскі падчас урачыстай лінейкі. — На тэрыторыі Пастаўшчыны знаходзіцца вялікая колькасць пахаванняў байцоў Чырвонай арміі, партызан, мірных жыхароў, забітых фашысцкімі карнікамі. На карце «Дарогі вайны — дарогі памяці», якую мы стварылі для гэтага праекта, будзем паступова адзначаць папяровымі зорачкамі помнікі і абеліскі, ля якіх пабываюць навучэнцы 11-га, ваенна-патрыятычнага, класа. Завяршыць азнаямленне з імі плануем да пачатку мая.

    Настаўніца Наталія Федаровіч нагадала прысутным, што адзін з тых, хто загінуў пры вызваленні нашага раёна, — Герой Савецкага Саюза Васілій Паўлавіч Кірычук. Ён пахаваны ў брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай. Імем героя названа адна з вуліц горада, а таксама піянерская дружына СШ №4. У летапісе школы беражліва захоўваюцца пісьмы брата Васілія Паўлавіча — Канстанціна. У адным з іх ён пісаў: «Няхай не зарасце сцежка да брацкіх магіл, у якіх пахаваны нашы бацькі і дзяды, маці і сёстры. І няхай свеціць яркае сонца, няхай будзе мір на зямлі».

    — Дзякуй школе за цудоўны патрыятычны праект, а таксама раённаму савету ветэранаў, райкаму БРСМ і раённаму края­знаўчаму музею, якія далучыліся да рэалізацыі ініцыятывы, — гаварыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто. — Упэўнены, што вы не толькі ўшануеце памяць вызваліцеляў, але і глыбока адчуеце душой гераізм нашых продкаў. У добры шлях!

    Пад марш «Развітанне славянкі» ўдзельнікі праекта адправіліся ў экспедыцыю па дарогах памяці. У той дзень яны прывялі на тэрыторыю Лынтупскага сельсавета. Калісьці менавіта ў гэтым кірунку ішла з баямі 145-я стралковая дывізія, якая ў ліпені 1944-га вызваляла наш раён ад акупантаў.

    Вёска Апідамы. Тут вечным сном спяць па-зверску закатаваныя фашыстамі Рысевы Абрамій, На­дзя і Феадосія. Самы старэйшы, Абрамій, — партызан брыгады імя Варашылава. Яму не бы­ло і 25-ці. У вёсках Палессе, Навасёлкі-2 і Палхуны ў неба ўзносяцца абеліскі. Тут ніхто не пахаваны.  Пом­нікі, з аднаго боку, услаўляюць ратныя подзвігі воінаў-землякоў, з другога — даюць магчымасць успом­ніць і пакланіцца сва­ім блізкім тым, хто нават не ведае, дзе яны пахаваныя.

    У Лынтупах чатыры брацкія магілы часоў Вялікай Айчыннай. На вул. Галубкова знайшлі апошняе прыстанішча 65 мірных жыхароў, расстраляных акупантамі. Такі ж лёс напаткаў мясцовых яўрэяў і членаў партызанскіх сем'­яў, магілы якіх знаходзяцца на ўскраіне гарадскога пасёлка, па вул. Новабудоўля. Гэтыя жалобныя месцы «крычаць» пра тое, што арміі, якая ваюе з мірным насельніцтвам, праводзіць палітыку генацыду, няма ніякага апраўдання. Ля брацкай магілы воінаў 145-й стралковай дывізіі і ўдзельнікаў супраціўлення, якая знаходзіцца ў цэнтры пасёлка, да экспедыцыі далучыліся прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскасці, пагранічнікі. Прайшоў мітынг.

    З гісторыяй кожнага памятнага месца прысутных пранікнёна знаёміла ды­рэктар раённага края­знаў­чага музея Таццяна Гарошка. Паралельна ўдзель­нікі праекта добраўпарадкоўвалі іх.

    Тэкст і фота Веранікі Філановіч