Унук-паляк раскрыў тайну свайго дзядулі-беларуса

  • Фаіна Касаткіна, Пастаўскі край 29/2019 от 10 апреля 2019 11 апреля 2019 11:50 Общество Беларуская

    Для варшавяніна Юліуша Мілішкевіча гэта гісторыя пачалася 20 гадоў назад і працягваецца па сёння — гісторыя адкрыцця невядомых раней старонак жыцця яго роднага дзядулі па бацькавай лініі — выхадца з Пастаўшчыны.

    — Я заўсёды шкадаваў, што наша сям'я зусім малая: бацькі, дзядуля з бабуляй ды мы з братам, — дзяліўся Юліуш. — Але гэта аказалася не так. Было шмат радні па-за межамі Поль­шчы — у Беларусі, Казахстане, Паўночнай Асеціі. Аднак даведаўся пра яе толькі ў 19 гадоў, пасля смерці дзядулі. Разбіраючы яго архівы, убачыў пісьмы на рускай мове з паштовым штэмпелем «Маздок» і фотаздымак незнаёмых мне дзяцей з надпісам: «Дзядуля, мы хочам цябе ўбачыць». У школе я вывучаў рускую мову. Прачытаўшы пісьмы, зразумеў, што ў дзеда, акрамя мяне з братам, ёсць яшчэ ўнукі. Але як такое магчыма? Хто іх бацькі? І чаму ў нашай сям'і ніколі не гаварылі пра іх? Пайшоў з гэтымі пытаннямі да таты, і той прызнаўся, што да вайны ў дзеда былі ў Беларусі жонка і трое дзяцей, але пасля Перамогі ён да іх не вярнуўся, а застаўся ў Польшчы.

    Ужо ніхто не дасць адказу на пытанне, чаму франтавік-беларус, які быў прызваны ў Войска Поль­скае, дайшоў з баямі да Берліна і меў шмат адзнак воінскай доблесці, фактычна здрадзіў сваёй сям'і. Магчыма, «накрыла» новае каханне. А можа, убачыў лягчэйшае і прыгажэйшае жыц­цё і паквапіўся на яго, ці былі іншыя прычыны? Над гэтым і ламае галаву яго польскі 40-гадовы ўнук. Узгадвае, што дзед часта гаварыў па-руску і яшчэ часцей пісаў лісты ці дзённік. Шмат расказваў пра сваю вёску Мя­дзелку, мястэчка Варапаева, сяброў дзяцінства і юнацтва. Але ніколі — пра сям'ю, якую пакінуў.

    Выходзіць, родныя Івана Мілішкевіча нічога не ведалі пра яго лёс і лічылі загінулым? «Не, пасля вайны ён прыслаў адно пісьмо, у якім паведаміў, што застаецца ў Польшчы, — расказвала мне яго беларуская ўнучка Святлана Сварцэвіч, якая ніколі не бачыла дзядулю. — Бабуля Бенядзікта адна ставіла на ногі Рамана, Івана і Чаславу. Пасляваенны час быў цяжкі, жылі вельмі бедна. Калі дзеці падраслі, бацька прыехаў, каб забраць да сябе сваю старэнькую маці. Дзеці мелі вялікую крыўду на яго і сустрэлі непрыязна, сын Раман ледзьве не забіў. А калі я вучылася ў 6 класе, прыслаў нам пісьмо і два свае фотаздымкі. Я таксама напісала яму на ўказаны адрас, але адказу не атрымала. А вось з сем'ямі дачкі Чаславы, якая выйшла замуж у Паўночную Асецію, і сына Івана, які пэўны час жыў у Казахстане, ён перапісваўся. Зараз нікога з дзяцей ужо няма ў жывых, засталіся толькі ўнукі».

    Дзякуючы сацыяльным сеткам, Юліуш, хаця і не без цяжкасцей, але ўсё-такі адшукаў радню па дзядулевай лініі ў Паўночнай Асеціі і Казахстане і падтрымлівае з ёй сувязь. Ездзіў знаёміцца, зараз перапісваецца ў «Аднакласніках».

    — Але з асаблівым хваляваннем я рыхтаваўся да паездкі ў вёсачку Мядзелку, дзе жыў дзядуля, — прызнаецца замежны госць. — Думаў, што там ужо няма ні хат, ні людзей. Ёсць! І так гас­цінна сустрэлі мяне! Расчуліўся да слёз. Фатаграфаваў, здымаў відэа і адразу ж адпраўляў свайму тату. Яму — 65. Магчыма, таксама захоча наведацца сюды.

    У той дзень Юліуша суправа­джалі ў Мядзелку яго пастаўскія сваякі. У вёсцы асабліва цёпла прыняла, частавала хатнімі пры­с­макамі Крысціна Мілішке­віч. На зваротным шляху ў Паставы заехалі ў Стары Двор да Веры Мі­лішкевіч (Крысціна і Вера — жонкі Іванавых сыноў), і там таксама гасцінна накрылі стол. На наступны дзень ён пажадаў зноў пабываць на дзядулевай радзіме. Сеў на прыгарадны поезд і даехаў да Варапаева. А адтуль — два кіламетры пехатой да вёскі, так, як хадзіў некалі дзядуля. Зноў любаваўся прыродай, фатаграфаваў, здымаў відэа. Да вандровак яму не прывыкаць: за выключэннем Таджыкістана, аб'­ехаў усе былыя рэспублікі СССР, тройчы бываў у Беларусі — у Мінску, Гродне, Брэсце. Зараз з Пастаў адпра­віўся ў Віцебск, адтуль — на Лінію Сталіна. «Я ўжо выдаў некалькі сваіх кніг, — дзяліўся пры размове са мной (дарэчы, рускай мовай валодае вельмі добра). Наступную буду пісаць пра дзядулеву гісторыю і сваю сустрэчу з яго малой радзімай, якая мяне вельмі ўразіла».

     А вы кажаце, адкуль творчыя людзі знаходзяць тэмы? З жыцця, якое бывае і такім заблытаным, як у мядзелкаўскага Івана Мілішкевіча, які па волі лёсу стаў варшавянінам Янам, жыў са сваёй новай сям'ёй і старой тайнай, і, безумоўна, з цяжарам на сэрцы.

    Фаіна Касаткіна