Кожнай птушцы — свой дом

  • Аляксандра Гарачка, Нарачанская зара 28/2019 от 10 апреля 2019 12 апреля 2019 08:44 Общество Беларуская

    ЯКОЕ свята мы адзначаем першага красавіка? Пагадзіцеся, занадта лёгкае пытанне, бо ўсе ведаюць, што гэта — Дзень гумару. Але і не толькі! Менавіта ўсамым пачатку красавіка ва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень птушак. У Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі пра гэта ведаюць. На базе школы дзейнічае клуб “Крылаты дазор” грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, па ініцыятыве якога  ўвесь сакавік праходзіла экалагічная дабрачынная акцыя-конкурс  “Кожнай птушцы — свой дом”. У яе рамках вучням прапанавалі зрабіць шпакоўні і штучныя гняздоўі для іншых птушак. Дапамога бацькоў і сваякоў не забаранялася, бо самае галоўнае, каб як мага больш птушак атрымалі новыя домікі.Каб гняздоўі адпавядалі неабходным памерам, валанцёры распаўсюдзілі па класах спецыяльныя інфармацыйныя лісткі. У іх падрабязна распавядалася, якія памеры гняздоўя патрэбны для пэўнага віду птушак. Вынік акцыі — больш за пяцьдзясят шпакоўняў і штучных гняздоўяў. Школьнікі паклапаціліся нават аб самых дробных птушачках, напрыклад, аб сініцах, гарыхвостках і іншых.— Актыўней за ўсіх удзельнічалі вучні малодшых класаў: 1 “А”, 2 “В” і 4 “В”, — дзеліцца Алена Паршута, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, старшыня раённага аддзялення ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. — Ад кожнага з гэтых класаў мы атрымалі каля дзесяці домікаў! Вельмі прыемна, што школьнікі і іх бацькі з такой гатоўнасцю адгукнуліся на прапанову паўдзельнічаць у акцыі. Паколькі акцыя дабрачынная, шпакоўні не толькі будуць развешаны ля нашай школы, але і перададзена ва ўстановы дашкольнай адукацыі горада, Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна і ў дзяржаўную прыродаахоўную ўстанову “Нацыянальны парк “Нарачанскі”.Акцыя праводзілася на конкурснай аснове, гэта значыць, што лепшыя работы атрымаюць каштоўныя прызы. Выбар пераможцаў праходзіць у два этапы. Першы — глядацкае галасаванне, якое адбылося перад пачаткам вясновых канікул. Падлікам галасоў займаліся валанцёры. Пра тое, як арганізавана галасаванне, даведалася ў вучаніцы 6 “А” класа Марыі Зарэцкай.— Цягам дня ўсе ахвотныя — і школьнікі, і бацькі — маглі аддаць голас за ўпадабаны выраб, — расказвае дзяўчынка. — Для гэтага трэба было толькі пакласці каля яго лісток з выявай птушачкі. Я палічыла і запісала, колькі галасоў набраў кожны выраб. Гэта спатрэбіцца для падвядзення агульных вынікаў.— А хто будзе прымаць удзел у фінальным галасаванні? — удакладняю ў намесніка дырэктара Алены Паршуты.— Другі этап галасавання і падвядзенне вынікаў пройдзе ў красавіку. Выберуць найлепшыя работы супрацоўнікі Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Будзем не толькі ўзнагароджваць пераможцаў, але таксама адзначым і астатніхудзельнікаў. Самі ўдзельнікі акцыі нейкіх карыслівых мэтаў не ставілі.— Я рабіў шпакоўню разам з татам, — распавядае вучань 2 “В” класа Арцём Дулебенец. — Птушачкам патрэбны домікі, таму што, калі яны прылятаюць, яшчэ холадна. А ўзімку мы ў школе рабілі кармушкі, каб птушкі не галадалі.А вось Ліза Корзік, вучаніца 2 “В” класа, прызналася: яна ўзрадавалася, калі даведалася, што за ўдзел у акцыі яшчэ і будуць нейкія прызы. Але, упэўнена, нават калі ніякага месца не зойме, не засумуе.— Я захацела ўдзельнічаць у конкурсе адразу, як у класе пра яго распавялі. Рабіць шпакоўню мне дапамагаў дзядуля. Ведаю, што вельмі важна дапамагчы птушачкам, таму што такія домікі абараняюць іх ад ветру і катоў, — патлумачыла Ліза.Пасля падліку галасоў частку шпакоўняў развесілі на дрэвах каля школы. А ў час канікул новыя дамы для птушак усталявалі таксама на тэрыторыях дашкольных навучальных устаноў і карэкцыйнага цэнтра. Зараз застаецца чакаць падвядзення вынікаў. Спадзяюся, у наступным годзе, вы, паважаныя чытачы, першага красавіка не толькі паведаміце сябру, што ў яго “спіна белая”, а яшчэ і знойдзеце час павесіць у сябе ў двары штучнае гняздоўе. Аляксандра ГАРАЧКА.Фота аўтара.