Падчас сезона перапрацоўкі сыравіны ён апаратчык дыфузіі, у астатні час працуе слесарам-рамонтнікам аддзялення сушкі жамерын.
– На камбінаце завяршылі перапрацоўку цукровых буракоў, – расказвае Андрэй Анатольевіч. – Праз некалькі дзён прыступім да перапрацоўкі бурачнага сіропу. Работы хапае…
Андрэй дзеліцца, што праца на камбінаце падабаецца: тэхнічная справа яму па душы, калектыў адметны высакакласнымі спецыялістамі, рабочымі, добры заработак, важкі сацыяльны пакет. У складзе жыллёвага кааператыва прадпрыемства пабудаваў кватэру.
– На камбінаце цяпер працуе многа моладзі, некаторыя, як і я, выпускнікі Слуцкага дзяржаўнага каледжа. Мая работа патрабуе ведаў і навыкаў, спачатку дапамагалі старэйшыя таварышы, цяпер я сам дзялюся вопытам з маладымі працаўнікамі. Прадпрыемства штогод мадэрнізуецца, папаўняецца новым сучасным абсталяваннем, відавочна, з улікам гэтага праходзім перападрыхтоўку. Напрыклад, пасля ўстаноўкі на камбінаце новай дыфузіі вучыліся, атрымлівалі кансультацыі спецыялістаў нямецкай кампаніі. Не ўяўляю, што мог бы займацца іншай справай, камбінат, можна сказаць, з дзяцінства для мяне родны: тут працавалі мае бацькі, мама Валянціна Васільеўна – старшым лабарантам, тата Анатолій Уладзіміравіч – электрыкам. А яшчэ я нямала гадоў быў гульцом футбольнай каманды нашага камбіната.
Андрэй Анатольевіч – чалавек сямейны, з любоўю і адказнасцю адносіцца да жонкі і шасцігадовай дачушкі. Гаворыць, што шчасце ў немалой ступені залежыць ад самога чалавека, ад жадання быць патрэбным, ад мэтанакіраванасці.