Наша гістарычная «Памяць»

  • Анатоль ПАЛЫНСКІ., Бярэзінская панарама 27 от 13 апреля 2019 12 апреля 2019 12:07 Общество Беларуская

    Прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Мікалай Барысевіч, мастак Валенцій Ваньковіч, кампазітар Мікола Равенскі, тайны фінансіст Кастрычніцкай рэвалюцыі Аляксандр Гельфанд, больш вядомы як Парвус… Гэтыя і многія іншыя імёны добра вядомы ўсяму свету. Яны — гонар Бярэзіншчыны, слаўныя старонкі гісторыі нашай малой радзімы. Аб’ядноўвае гэтых людзей і яшчэ адна “прапіска”. Усе яны – славутыя вучоныя і творцы, а таксама малавядомыя змагары за свабоду роднага краю і шчырыя працаўнікі – знайшлі агульную “прапіску” на старонках гісторыка-дакументальнай хронікі “Памяць. Бярэзінскі раён”. Гэта адзінае, найбольш поўнае і ўнікальнае выданне пра гісторыю нашага раёна – памятную, слаўную, незабыўную і малавядомую.

    Сёлета спаўняецца роўна 15 гадоў, як гэтая кніга пабачыла свет у выдавецтве “Беларусь” і стала для многіх сапраўдным адкрыццём невядомых старонак гісторыі, для кагосьці – падручнікам, для некаторых – крыніцай ведаў і ўзгаданнем прозвішчаў блізкіх і сваякоў.

    Работнікі раённай бібліятэкі не змаглі абысці ўвагай такую падзею і наладзілі з нагоды юбілейнай даты мерапрыемства. На яго прыйшлі не толькі тыя, хто ў свой час меў дачыненне да стварэння гэтага фаліянта, а і ўсе нераўнадушныя да гісторыі роднага краю. Вядучая сустрэчы Тамара Мікалаеўна Круталевіч, як сапраўдны архіварыус, акуратна, старонку за старонкай, пачала перагортваць лісты гэтай кнігі, ажыўляючы падзеі мінулай даўніны і памяці – іншы раз слаўнай, а часам і горкай. Вось Бярэзіншчына ў складзе Ігуменскага павета, вось гучыць ліст удзельніка Першай сусветнай вайны да сваіх родных, вось біяграфіі кавалераў Георгіеўскага крыжа і побач – людзей, якія трапілі пад цяжар сталінскіх рэпрэсій, слаўныя гераічныя подзвігі нашых землякоў у час Вялікай Айчыннай вайны і сведчанні жыхароў вёсак – сясцёр Хатыні…

    Удала ўпісаліся ў кантэкст мерапрыемства выступленне настаяцеля Сялібскага храма Аляксея Маслянкова з расказам пра пакутніка-святара брадзецкай царквы Леаніда Біруковіча, вакальныя нумары ў выкананні Мікалая Міхайлоўскага і Рамана Яраша.

    Нямала гучала ў той дзень шчырых слоў, прысвечаных стваральнікам кнігі “Памяць” і, у першую чаргу, галоўнаму яе ўкладальніку, чалавеку, які па драбніцах збіраў гістарычны матэрыял пра Бярэзіншчыну і валодаў самым багатым архівам, – Пятру Аўрамавічу Прыбыткіну. Педагог, ардэнаносец, краязнаўца, патрыёт. Колькі жыцця, часу, энергіі патраціў ён для таго, каб бярэзінцы ведалі сваю мінуўшчыну, былі нераўнадушнымі да яе, ведалі свае карані і ганарыліся сваім паходжаннем.

    Нямала цікавых фактаў з гісторыі раёна ўдалося адшукаць і захаваць і такім краязнаўцам Бярэзіншчыны, як Сяргей Сцяпанавіч Ігнатовіч, Уладзімір Уладзіміравіч Трус, Мікалай Пятровіч Любецкі. Без іх намаганняў наша гісторыя была б не такой поўнай, многія падзеі і імёны згубіліся б за даўніной часу. Сёння пошукавую справу працягвае не менш апантаны чалавек, хоць па прафесіі і далёкі ад гісторыі, але па духу свайму сапраўдны краязнаўца – Ігар Леанідавіч Жукоўскі. Яму ўдаецца не толькі беражліва захоўваць былыя архівы П.А. Прыбыткіна, але і ўпісваць новыя, невядомыя раней, радкі ў гісторыю Бярэзіншчыны, аднаўляць забытыя прозвішчы і падзеі.

    Сапраўды, ці можна любіць свой родны куток, сваю малую радзіму і не шанаваць, не ведаць яе гісторыю? Яе таямніцы і дзівосы, слаўнае і незабыўнае, у тым ліку і тое, чаго забываць нам ніяк нельга, — усё гэта яна, кніга “Памяць”. Часцей гартайце яе старонкі, чытайце і вывучайце іх змест і напаўняйцеся гонарам за сваё бярэзінскае паходжанне.

    Фота аўтара.

    Теги: 
    • {Нет тегов}