На Бярэзіншчыне праходзіць месячнік па навядзенні парадку на зямлі

  • Анатоль ПАЛЫНСКІ., Бярэзінская панарама 27 от 13 апреля 2019 15 апреля 2019 11:31 Общество Беларуская
    25 сакавіка раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне “Аб правядзенні месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый”. Правядзенне работ такога кшталту ў раёне стала традыцыяй, бо кожны з нас імкнецца вясной стварыць сваімі рукамі ўтульнасць на ўласным падворку, рабочым месцы, у месцах масавага адпачынку. Мы ўжо прывыклі жыць у чысціні і імкнёмся падтрымліваць яе не толькі ў веснавы час, а і на працягу ўсяго года, бо гэта – паказчык нашай культуры і любові да свайго роднага краю. А для таго, каб намаганні мелі важкі, завершаны і маштабны вынік, распрацаваны план асноўных мерапрыемстваў месячніка. Пра тое, якія найбольш істотныя работы па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторый мяркуецца правесці, гутарым са старшынёй раённага Савета дэпутатаў В.В. Лашкоўскім:

    — Сёлетні месячнік ладзіцца з 1 па 31 красавіка. За гэты час нам неабходна выканаць значны аб’ём работ. Па-першае, гэта навядзенне парадку на сваіх вытворчых і прылягаючых да іх тэрыторыях.

    Па-другое, у полі зроку будуць мехдвары і фермы, прыдарожныя палосы, лясныя масівы.

    — Але ж у гэтай канве ёсць канкрэтныя мерапрыемствы?

    — Безумоўна. Назаву найбольш значныя з іх. Да прыкладу, нам належыць завяршыць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі каля возера, размешчанага на вуліцы Перамогі. Гэта далейшая выкарчоўка куставой расліннасці, заворванне, выраўнованне глебы і высеў травы, укладка тратуарных дарожак і ўстаноўка асвятлення. У гэтым жа мікрараёне мяркуецца правесці добраўпарадкаванне лесапаласы ад возера ўздоўж вуліцы Зялёнай да барысаўскай трасы Р-67. Наступны аб’ект — тэрыторыя па вуліцы Аляшкевіча каля мастка, што побач з будынкам архітэктуры. Плануецца таксама правесці вырубку кустова-драўніннай расліннасці ў канцы вуліцы Красіна (зялёная зона). У плане таксама — перакрыжыванне вуліц Пралетарскай і Мінскай. Сёлета прадоўжацца работы і па добраўпарадкаванні месца для купання ў раёне вуліцы Мультана (участак ракі Бярэзіны каля СШ №2).

    У плане азелянення горада вызначаны два асноўныя аб’екты. Гэта, па-першае, участак вуліцы Ульянава, дакладней былая тэрыторыя сплаўучастка. Тут шмат ужо зроблена па ліквідацыі былых эстакад для распрацоўкі драўніны. На іх месцы будуць пасаджаны дрэвы для стварэння зялёнай зоны. У больш перспектыўных планах — уладкаванне зоны адпачынку паміж стадыёнам і касцёлам, які сёння пакуль будуецца. Гэта знос колішняй танцпляцоўкі і рэкультывацыя ўчастка. Традыцыйна ў горадзе будзе высаджана шмат кветак, на ўнутрыдваровых тэрыторыях з’явяцца дрэвы, стане значна чысцей у грамадскіх месцах і месцах адпачынку людзей.

    — А якія захады мяркуецца ажыццявіць у сельскай мясцовасці?

    — Тут, перш за ўсё, будзе весціся далейшае закрыццё міні-палігонаў цвёрдых бытавых адходаў. Збор смецця будзе ажыццяўляцца за кошт устаноўкі кантэйнераў або арганізацыі кальцавога яго вывазу тэхнікай РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”. У прыватнасці, такая работа запланавана ў Мікулічах. Акрамя таго, застаўся невялікі ўчастак для далейшага добраўпарадкавання каля святой крыніцы ў вёсцы Крупа.

    Рэгулярна аб праведзенай рабоце дакладваюць сельскія выканаўчыя камітэты: колькі спілавана аварыйных дрэў, закапана падмуркаў, устаноўлена плоту, колькі людзей папярэджаны аб неабходнасці навядзення парадку каля сваіх домаўладанняў і г.д. Вядзецца добраўпарадкаванне грамадскіх могілак. Так, са 114 ужо прыбрана 11, са 108 воінскіх пахаванняў ахвяр Вялікай Айчыннай вайны на 37 наведзены парадак. У перыяд веснавых работ гаспадары домаўладанняў папярэджваюцца аб неабходнасці захавання мер супрацьпажарнай бяспекі пры спальванні смецця.

    — У рамках правядзення месячніка запланаваны два суботнікі – 13 і 20 красавіка.

    — Так, заўтра, напрыклад, у горадзе школьнікі, работнікі райвыканкама і іншых устаноў будуць наводзіць парадак у скверы каля раённай бібліятэкі, у зоне адпачынку каля возера, побач з інтэрнатам, размешчаным у будынку былой райбальніцы каля гарадскіх могілак, у раёне будынка графа Патоцкага і гарадскога стадыёна. Работнікі сельгаспрадпрыемстваў у пераважнай большасці заняты на сваіх рабочых месцах палявымі работамі, прадстаўнікі сельсаветаў і школьнікі – добраўпарадкаваннем вёсак.

    Калі гаварыць у цэлым, хацелася б, каб усе нашы запланаваныя мерапрыемствы былі максімальна выкананы, а ў будучым — каб адмысловы парадак падтрымліваўся ў любым куточку горада і раёна. Давайце створым прыгажосць сваёй малой радзімы разам!

    Фота аўтара.

    Теги: 
    • {Нет тегов}