На Верхнядзвіншчыне турысты падарожнічалі па Сар'янцы

  • А. Бубала., Дзвінская праўда №32 от 16 апреля 2019 16 апреля 2019 09:53 Природа и экология Беларуская

    3. месца адпачынку на Сар'янцы

    Незвычайна рана сёлета пачаўся сезон падарожжаў у байдарачнікаў. З кожным годам набывае папулярнасць у “вадаплаўных” турыстаў наша бурлівая прыгажуня Сар’янка.  У першыя выхадныя красавіцкія дні на ёй сустрэліся воднікі з Верхнядзвінска, Глыбокага і Мінска, якія прысвяцілі свой паход 75-годдзю вызвалення Беларусі ад гітлераўскай навалы. 

    1. Насустрач прыгодам

    Глыбачане, заехаўшы ў Зашчырына зладжанай гурмой зранку, паставілі мэтай выпрабаваць сваё майстэрства і спартыўныя паказчыкі і таму абмежаваліся адным начлегам, каб наступным днём завідна дайсці па Сар’янцы і Дзвіне да Лявонпаля.

    Сталічныя турысты заехалі на той самы беражок раней за іх апоўначы і падзялілі з намі вечар і начлег (для нас ужо другі) на стаянцы ў аздобленай сінечаю пералесак маляўнічай мясціне, дзе з левага берага ў Сар’янку злівае свой каламутны струмень ярыстая Тур’я, а з правага рэчку-матухну папаўняе чырванаватая крынічная вада лясной Віранкі. Мінчукі, перш чым расслабіцца на прывале, асмеліліся на штурм галоўнага прытока Сар’янкі – пагрозлівай Асуніцы, адолеўшы яе супраць цячэння да “эпіцэнтра паранармальных з’яў” – Суніц-кага моста, і здзейсніўшы круты слалам назад.

    Наша міні-група ў скла-дзе сужэнцаў Наталлі і Сяргея Лакоткаў, Генадзя Давыдзёнка і аўтара гэтай нататкі першы начлег зладзіла на цудоўным беражку ў Мотужах, каб зранку наведаць гасцей з мэтай планавання далейшага шляху. Нібы адчуўшы гістарычную значнасць нашай прысутнасці ў паграніччы, да нашага кастра некалькі разоў прыходзілі пагранічнікі, аднаго разу нават з чацвераногім сяб-рам.

    Генадзь і наша байдарка “Хатанга” ўпершыню адважыліся на сур’ёзны водны паход з элементамі другой катэгорыі складанасці. Бадзёрасці надаў ранішні марозік, а гарэза рэчка адразу паказала свой характар, як толькі добра нагружаныя пасудзіны адчалілі ад берага.

    Было б доўга расказваць пра ўсе вострыя сітуацыі ў змаганні з парогамі, прыціскамі ды нечаканымі падводнымі камянямі, апісваць свае адпаведныя адчуванні ў небяспечных сітуацыях. Скажу толькі, што пры непазбежных памылковых дзеяннях выпрабаванні былі вытрыманы годна.

    На сяброўскай вечарыне знайшліся знаёмыя і аднадумцы, гучала гаворка на роднай мове, няспынна звінела гітара. Сталічныя хлопцы прыемна здзівілі сваім бардаўскім майстэрствам, большасць песень з іхняга рэпертуару мы пачулі ўпершыню. Здзівіла і парадавала таксама эрудыцыя і шчырая зацікаўленасць новых знаёмцаў пытаннямі нашай геаграфіі, этнаграфіі і гісторыі. Асабліва ўразілі іх нашы аповеды пра ахвярныя падзеі апошняй вайны, пра вогненную Асвейскую трагедыю.

    У мінскіх турыстаў можна было павучыцца экіпіроўцы і арганізацыі побыту, была навідавоку іх даўняя згуртаванасць, інтэлігентнасць паводзін і сяброўскасць. Дарэчы, усё падарожжа на 12 чалавек з заездам з Мінска на Крайнюю Поўнач Беларусі і вяртаннем дадому абышлося ім усяго па 55 рублёў!

    Мы ж ганарыліся несумненнай прыгажосцю, багаццем нашай прыроды з элементамі экстрыму пры спробе блізкага знаёмства з ёю. Было прыемна, што працаўнікі Сар’янскага лясніцтва па-новаму абсталявалі месца адпачынку. Крыху няёмка мы адчулі сябе толькі, калі перад адплыццём сталічныя байдарачнікі спыталіся, дзе на маршруце ім сустрэнецца сметніца. Давялося суцешыць іх, што такі важны элемент турысцкага абсталявання яны сустрэнуць … каля крамы ў Сар’і. Спадзяемся, што нас зразумелі, бо зладзіць скрыню для смецця сар’янскія леснікі, мусіць, проста не паспелі.

    Па шчырасці, было шкада развітвацца з новымі сябрамі. Суцяшэннем было толькі абяцанне сустрэцца на новых маршрутах. Глыбачане запрашалі на Мнюту, мінчукі прапаноўвалі Страчу і Нарачанку. Мы ж, вядома, агітавалі за паходы па Верхнядзвіншчыне – ніводзін куток нашай Радзімы не можа пахваліцца такой густой “байдарачна-транспартнай” сеткай, як наш раён.

    На майскія святы пазмагацца з Сар’янкай і самімі сабой збіраюцца турысты з Віцебска.

    А. Бубала.