Гульня ў рэальнасць

  • Аляксандра Гарачка, Нарачанская зара 30\2019 от 17 апреля 2019 18 апреля 2019 15:37 Общество Беларуская

    НЯДАЎНА дэлегацыя нашага раёна накіравалася ў Барысаў, каб наведаць рэгіянальны інавацыйна-адукацыйны цэнтр бяспекі Мінскай вобласці. Цэнтр новы, адкрыўся 28 студзеня, але праца па стварэнні аб’ектаў, дзе б сучасныя тэхналогіі дапамаглі прывіваць дзецям і падлеткам навыкі бяспекі, вядзецца ўжо на працягу двух гадоў. У вобласці за гэты час больш чым у 15-ці раёнах былі адкрыты інавацыйныя класы. А цэнтр у Барысаве стаў вынікам атрыманага вопыту. Зараз тут дзейнічае 15 інфармацыйных блокаў: супрацьпажарнай бяспекі, паводзін на балоце і на лёдзе, аказання першай дапамогі — усё навучанне праходзіць на практыцы. Нават манекены, на якіх трэба адпрацоўваць комплекс рэанімацыі, цалкам імітуюць цела чалавека. Кіраўніцтва цэнтра плануе дапрацаваць яшчэ некалькі інтэрактыўных інфармацыйных пляцовак і дапоўніць ужо наяўныя. Стаіць задача развівацца. Цэнтр працуе шэсць дзён на тыдзень. Заняткі ў сярэднім праходзяць па дзве гадзіны. Самае галоўнае — наведванне цэнтра бясплатнае. Але запісвацца туды трэба загадзя. Напрыклад, у канцы сакавіка ўсе змены на красавік ужо былі занятыя. Будуць таксама дадатковыя платныя паслугі. Напрыклад, квэсты па цэнтры бяспекі (плануецца — тры сцэнарыі для розных узростаў), а таксама асобнага наведвання пляцовак. Экскурсію для прадстаўнікоў нашага раёна праводзіла кіраўнік цэнтра, інспектар сектара прапаганды і навучання Барысаўскага ГРАНС лейтэнант унутранай службы Карына Мядзелец.

    Выкарыстоўваць прастору

    з карысцю

    На самай справе “экскурсія” — не зусім тое слова. “Навучальны курс” або нават “выпрабаванне” — штосьці бліжэй да праўды. Таму што цэнтр створаны для таго, каб навучаць. А як лепш за ўсё замацаваць правілы бяспекі, калі не на практыцы? На кожным блоку створаны максімальна рэалістычныя ўмовы. І навучанне пачыналася практычна адразу ж, як група трапіла ў цэнтр.

    Напрыклад, гардэроб тут аформлены, як аўтобус: вешалкі — поручні, на сценах намаляваны вокны “выгляд знутры”. Не паспелі зняць куртку, а вам ужо распавядаюць, як паводзіць сябе з агрэсіўнымі пасажырамі, куды паведамляць пра падазроныя рэчы і які штраф прадугледжаны за крадзеж і вандалізм (размалёўванне вокнаў, псаванне сядзенняў). Але падчас навучання групам не проста паказваюць парушэнні, а прапануюць знайсці іх і паспрабаваць растлумачыць, чаму так рабіць нельга. Навучанне тут у нейкай ступені нагадвае гульню. Папулярны квэст, калі для таго, каб прайсці да наступнай лакацыі, неабходна выканаць усе заданні ў блоку.

    Заданні разлічаны на максімальны інтэрактыў, аформлены вельмі ярка і нават модна. Напрыклад, у самым першым блоку праводзіцца першасная ацэнка ведаў групы па тэме. Удзельнікам прапануюць стаць за стойкі, паглядзець

    азнаямленчы ролік, а потым прайсці тэст. Збоку гэта вельмі падобна на тое, як праходзяць шоу тыпу “Я ведаю”. Такі фармат адрозніваецца ад школьнага тэсціравання, але дзеці яго ведаюць па тэлеперадачы, і гэта выклікае прыемныя асацыяцыі, бо ў тэлешоу не так лёгка патрапіць, а значыць, удзел у чымсьці падобным — гэта прэстыжна.

    Мядзельскай дэлегацыі прапанавалі праглядзець відэа аб пажарных апавяшчальніках, а потым пачалося асноўнае навучанне.

    Нават прастору калідора ў цэнтры выкарыстоўвалі для інтэрактыўных пляцовак. З яго стварылі вуліцу. Дзе — прасёлкавая дарога з участкамі балота (тут хадзіць можна толькі па перакінутых дошках), дзе — асфальт і адчыненыя люкі, якія неабходна абыходзіць. Ёсць нават светлафор і зебра, каб паўтарыць правілы дарожнага руху для пешаходаў.

    Ало, мы гарым!

    Кожны з навучальных блокаў прысвечаны пэўнай задачы. Напрыклад, ёсць пляцоўка для трэніроўкі пажарнай бяспекі і выкліку дапамогі. Практыкаванні будуюцца па прынцыпе паўтарэння атрыманай інфармацыі: напрыклад, спачатку экскурсавод паказвае, як правільна карыстацца вогнетушыцелем, тады прапануе ўдзельнікам паўтарыць.

    Вогнетушыцель сапраўдны, але не запраўлены. Затое ў раструб усталяваны ліхтарык, які свеціцца, калі ўсё зрабіць правільна. А на інтэрактыўнай сцяне, дзе намалявана звычайная кухня, з дапамогай святлодыёдаў імітуецца агонь. Накіруеш вогнетушыцель на ачаг загарання — і той згасае. Усё як у жыцці.

    — У любой надзвычайнай сітуацыі ў першую чаргу неабходна думаць пра сваю бяспеку: ацаніце абстаноўку і дзейнічайце, толькі калі вам самім нічога не пагражае. Калі пагроза ёсць — лепш адразу выклікаць дапамогу, інакш і іншым не дапаможаце, і сябе пакрыўдзіце, — асабліва падкрэслівае Карына Мядзелец. Гэтую ўстаноўку за час экскурсіі яна паўторыць яшчэ не раз.

    Групе таксама прапанавалі пералічыць усе сродкі, якімі можна тушыць агонь. Я вось, напрыклад, не ведала, што для гэтай справы падыдуць пральны парашок (не вадкі!) і гарох.

    У блоку ўсталяваны панэлі з выявамі розных здарэнняў. Напрыклад: гарыць трава ў пасёлку, загаранне ў кватэры. У кожнай панэлі ёсць тэлефон з запісам стандартных адказаў дыспетчара МНС. Задача здаецца простай: вызначыць, што адбылося, патэлефанаваць у службу выратавання і выразна расказаць, што і дзе здарылася, назваць свае прозвішча, імя і адрас.

    Па словах Карыны Сяргееўны, заікацца тут пачынаюць нават дарослыя.

    — Самая распаўсюджаная праблема з малодшымі школьнікамі — яны проста не ведаюць хатняга адраса і тэлефонаў бацькоў, — кажа Кацярына Мядзелец. Мы заўсёды раім стварыць для дзіцяці падказку: напісаць нумары тэлефонаў выратавання і любога сваяка і павесіць так, каб на працягу дня дзіця пастаянна гэтую падказку бачыла — вельмі дапамагае запамінанню. Дадаткова такую падказку можна пакінуць ля тэлефоннага апарата.

    І так добра

    Наступны блок выглядае як звычайная кватэра-студыя. На пліце ў патэльні абсмажваецца кава, у каміне гараць дровы, на стале стаіць попельніца з непатушанай цыгарэтай. Як быццам тут сапраўды хтосьці жыве.

    — На гэтай пляцоўцы выкарыстоўваецца функцыя дапоўненай рэальнасці. У афармленні кватэры дапушчана некалькі небяспечных памылак. Удзельнікам прапануюць узяць спецыяльныя планшэты: знаходзіш парушэнне, наводзіш на яго планшэт — і праграма з дапамогай анімацыі паказвае, да чаго яно можа прывесці, — тлумачыць Карына Мядзелец.

    Напрыклад: на каміне расколіна — калі не выправіць, гэта прывядзе да пажару. А яшчэ — нявыключаны прас, непатушаная цыгарэта, абарваныя драты ў разетцы… нададзена ўвага нават, здавалася б, невідавочнай небяспецы — кубак з чаем, які стаіць на самым краёчку стала. Але для малога дзіцяці нават дзвесце мілілітраў гарачай вады могуць абярнуцца сур’ёзным апёкам.

    Усяго ў пакоі адзінаццаць парушэнняў, тыя, што не змаглі знайсці ўдзельнікі, паказала экскурсавод і патлумачыла кожнае.

    Захоўвайце спакой

    Мабыць, самы цікавы, а яшчэ самы страшэнны блок у цэнтры — задымлены лабірынт для адпрацоўкі эвакуацыі пры пажары. Там унутры сапраўдны дым (не небяспечны і не алергенны) і на самай справе нічога не бачна. Толькі з’яўляюцца чырвоныя і белыя ўспышкі і крычаць людзі (у запісе, вядома).

    Асновы эвакуацыі распавядаюцца яшчэ перад выпрабаваннем: пра тое, што рухацца трэба на кукішках; што неабходна закрыць твар тканінай, лепш вільготнай, а адну свабодную руку выкарыстоўваць як вядучую або пакласці на плячо таму, хто наперадзе; што трэба перамяшчацца абавязкова ланцужком па адным. І калі ўваходзіш у лабірынт, здаецца, што ўсё ведаеш і правядзеш эвакуацыю, як трэба. Хтосьці нават жартаваць у працэсе прымудраўся, мабыць, ад нерваў.

    А між тым: два ўдыхі дыму — і чалавек траціць прытомнасць, трэці наогул можа стаць смяротным.

    Карына Мядзелец кажа, што гэта тыповая памылка ва ўсіх груп. Асабліва часта сустракаецца ў настаўнікаў, якія на развілках крычалі дзецям, куды паварочваць.

    Яшчэ адну памылку здзейснілі наогул усе ўдзельнікі дэлегацыі: успрыняўшы лабірынт проста як гульню, мы нават не падумалі пакінуць перад уваходам усе лішнія рэчы: заплечнікі, фотаапараты, курткі з капюшонамі і гэтак далей.

    — Вы нас не папярэдзілі, — нясмела заўважыў нехта.

    — Падчас пажару побач ніколі не будзе чалавека, які папярэдзіць, — адрэзала Карына Сяргееўна. — Тым больш, што ўсе мы тут — дарослыя, многія з вас працуюць з дзецьмі, а гэта значыць, менавіта вы ў небяспечнай сітуацыі павінны будзеце даць параду дзецям, як сябе паводзіць і што рабіць. Вельмі важна паставіцца да гэтага сур’ёзна.

    Правільны выбар

    У цэнтры па-максімуму імкнуцца выкарыстоўваць сучасныя тэхналогіі і навучанне ў гульнёвай форме. На пляцоўцы, якая ўяўляе сабой пад’езд жылога дома, ёсць ліфт, плануецца дапрацаваць яго так, каб можна было імітаваць падзенне. А ў блоку, аформленым як двор жылога дома, усталявана гульнявая прыстаўка з распазнаннем руху. Праектар транслюе на экран сітуацыю: напрыклад, вы знайшлі на вуліцы кашалёк, і чалавек, імітуючы рух, можа падабраць прадмет і выбраць месца, куды яго трэба аднесці.

    У блоку, у якім разбіраюцца правілы паводзін падчас навальніцы, выкарыстоўваецца вельмі натуральная імітацыя маланкі. Удзельнікі навучання могуць выбраць некалькі правільных месцаў, каб схавацца: домік, яр, адкрытую прастору. Могуць памыліцца і схавацца ад навальніцы каля вады ці лініі электраперадач. Маланкі ж напрамую залежаць ад месцазнаходжання людзей — яны спыняюць зіхацець толькі тады, калі ўсе зробяць правільны выбар. Гэта магчыма дзякуючы датчыкам руху.

    Ёсць пляцоўка з імітацыяй балота і купінамі: удзельнікам прапануецца прайсці па іх, з дапамогай тычкі вызначаючы, на якую купіну можна ступаць, а на якую не. Не атрымалася — лічы, патануў.

    Побач вадаём з чалавекам (манекенам), які праваліўся пад лёд. Калі няправільна рухацца па лёдзе, пласціны разыходзяцца проста ў цябе пад нагамі.

    Як бачыце — ва ўсім цэнтры ў ход ідзе максімальная інтэрактыўнасць. Збоку можа здацца, што правілы бяспекі занадта сур’ёзная рэч, каб навучаць ім у гульнявой форме, але гэта не так. Такія заняткі — ідэальная магчымасць адпрацаваць усё на практыцы, не падвяргаючы жыццё рэальнай небяспецы. Па словах Карыны Мядзелец, дзеці з ахвотай прыходзяць у цэнтр па некалькі разоў і нават адзначаюць у ім дні нараджэння і святы.

    Пагадзіцеся, такая цікавасць важная не менш, чым разуменне ўсёй значнасці навучання. Веды, атрыманыя ў такіх рэалістычных гульнях, спрацуюць і падчас сапраўднай надзвычайнай сітуацыі. Застаецца спадзявацца, што нікому з нас яны ніколі не спатрэбяцца.