Выхаванцы дзіцячага прытулку Брагінскага сацыяльна-педагагічнага цэнтра адзначылі наваселле

  • Вольга ПАЛЯШЧУК, Маяк Палесся №18 от 03 мая 2019 Скачать номер 03 мая 2019 10:14 Общество Беларуская

    На ўрачыстае мерапрыемства былі запрошаны кіраўніцтва раёна і замежныя госці, з якімі ў брагінчан даўно падтрымліваюцца сяброўскія адносіны. Гэта прадстаўнікі дабрачынных фондаў і мэры італьянскіх гарадоў.

    Нагадаю, што раней дзіцячы прытулак Брагінскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра знаходзіўся ў Асарэвічах, а зараз размясціўся ў адным будынку з Іялчанскім дзіцячым садам.

    Як адзначыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Кохан, наваселле – гэта заўсёды радасць. Але цяперашняя падзея – асаблівая, бо яе святкуюць дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў. Аляксандр Васільевіч падзякаваў італьянскім калегам за неабыякавасць і падтрымку, а работнікам прытулку за тое, што яны робяць вельмі патрэбную і важную справу –  напаўняюць жыццё хлопчыкаў і дзяўчынак, абдзеленых сямейным цяплом, святлом клопату і лобові.

    З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся таксама намеснік кіраўніка місіі Італіі ў Беларусі Паўла Таніні, мэр горада Бейнаска Маўрыцыа П’яца, мэр горада Нікеліна Джампэтра Таларда, кіраўнікі асацыяцый  Сільвіа Тамазіні і Паўла Фантана, старшыня беларускай дабрачыннай арганізацыі “Помощь” Тамара Абрамчук. Трэба адзначыць, што Італія адной з першых працягнула руку дапамогі Беларусі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Паміж краінамі наладжана цеснае супрацоўніцтва, у атмасферы ўзаемнага даверу і сяброўства рэалізавана шмат дабрачынных праектаў.  Адзін з іх – “Яўгеній” – накіраваны на абарону інтарэсаў непаўналетніх, іх права на шчаслівае дзяцінства і абмен вопытам паміж адпаведнымі сацыяльнымі службамі Беларусі і Італіі. Названы праект у гонар аднаго з выхаванцаў тады яшчэ Асарэвіцкага прытулку –  Жэні.  Пасля знаёмства з хлопчыкам прадстаўнікі італьянскіх асацыяцый не змаглі застацца абыякавымі да яго лёсу і лёсу іншых беларускіх дзяцей, якія растуць без бацькоўскага цяпла. Дзякуючы  праекту, дарэчы, і ажыццявілася ідэя аб пераездзе прытулку ў новае прасторнае памяшканне.

    Перарэзаўшы чырвоную стужачку, госці  накіраваліся на экскурсію па абноўленым аб’ екце. Як расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Васяновіч, пасля бягучага  рамонту ў пакоях, дзе размясціўся прытулак, з’явіліся новыя вокны, дзверы і сантэхніка, вы-раўнены і пафарбаваны сцены і столі. На першым паверсе знаходзіцца сталовая, а на другім – дзве спальні (для хлопчыкаў і для дзяўчынак), санвузел, пакоі для заняткаў і адпачынку. У планах – набыць новую мэблю.  

    Галіна Анатольеўна падзякавала падстаўнікам раённай улады і італьянскіх дабрачынных фондаў, якія паклапаціліся аб тым, каб прытулак стаў  больш утульным і камфортным для пражывання дзяцей. Выказала ўпэўненасць, што ў гэтым доме будуць панаваць толькі шчасце і ўзаемаразуменне. І ў знак цёплых адносін паміж краінамі  яна ўручыла гасцям сувеніры ў выглядзе сэрцаў. Сімвалам сяброўства стане і сад дружбы, закладзены ўдзельнікамі сустрэчы ў дзень урачыстага адкрыцця прытулку.