Здаровы лад жыцця — шлях да поспеху

  • Аляксандра Гарачка, Нарачанская зара 34/2019 от 30 мая 2019 03 мая 2019 12:54 ЗдоровьеСпорт Беларуская

    У Гімназіі-інтэрнаце горада Мядзела прайшоў круглы стол па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў “Выбіраючы спорт — выбіраю жыццё!”.

    Здавалася б, дзе сувязь? Як спорт можа прадухіліць злачынствы? Але давайце ўспомнім закон захавання энергіі: нішто не з’яўляецца з ніадкуль і не знікае ў нікуды. Нас асабліва цікавіць другая частка гэтага закона. У школьным узросце дзеці неверагодна актыўныя, яны проста поўныя энергіі і няздольныя яе вычарпаць нават штодзённыя заняткамі за партай. І калі не даць школьнікам магчымасці рэалізоўваць гэтую энергію, яна (памятаем закон) не проста знікне, а абавязкова рэалізуецца сама. І не факт, што гэта будзе карысна, бяспечна і нават законна.

    Пагадзіцеся, калі ты маеш дакладны кірунак для дзеяння, напрыклад, развіццё фізічных здольнасцей, і заматываваны на вынік, няма калі думаць пра тое, каб выкурыць цыгарэту, украсці нешта ў краме або разбіць акно цаглінай. А яшчэ спорт забяспечвае здароўе, вучыць дысцыпліне і мэтанакіраванасці, увогуле — адны толькі плюсы!

    Менавіта пра гэта, а дакладней, пра важнасць фізічнай актыўнасці і здаровага ладу жыцця расказвалі спікеры.

    Адкрыла круглы стол намеснік старшыні райвыканкама, старшыня камісіі па справах непаўналетніх Іна Барыева.

    — Сёння ў нашым маладзёжным асяроддзі шмат выпадкаў дробных правапарушэнняў, — сказала Іна Іванаўна. — Хоць правапарушэнні не бываюць дробнымі. Здаецца ўсяго толькі забыўся дома флікер — а гэта можа прывесці да небяспечнай сітуацыі, паставіць пад пагрозу ваша здароўе і здароўе людзей, якія знаходзяцца побач. Яшчэ меншая халатнасць — забыўся зрабіць з раніцы зарадку — і вось у цябе ўжо недастаткова сілы, каб быць сканцэнтраваным і ўважлівым. А гэта таксама можа прывесці да траўмы.

    Яна нагадала, што карысныя звычкі пачынаюцца з малога і дапамагаюць дасягаць большага.

    Тэму карысці спорту падтрымала намеснік дырэктара СДЮШАР раёна Наталля Баран.

    — Прыемна бачыць у зале шмат знаёмых хлопцаў і дзяўчат, якія трэніруюцца ў нас у спартыўнай школе, — адзначыла Наталля Уладзіміраўна. — Але, спадзяюся, і астатнія не забываюць рэгулярна займацца спортам. Таму што фізічная праца і праца разумовая звязаны. Вам знаёма адчуванне, калі быццам бы і выспаўся, і паснедаў, а сілы да канца дня ўсё роўна не хапае? “Зарадка” не проста так называецца — фізічныя практыкаванні з раніцы сапраўды дапамагаюць падзарадзіць арганізм на цэлы дзень.

    Яна таксама нагадала, што прымаўка “ў здаровым целе здаровы дух” не на пустым месцы з’явілася. Менавіта фізічнае здароўе можа дапамагчы нам дабіцца поспехаў у любой сферы, якую абяром, дасць больш магчымасцей і пераваг.

    Першы сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Марына Апанасёнак прапанавала школьнікам альтэрнатыву спартыўным секцыям і распавяла пра тое, што ў Мядзельскім фізкультурна-аздараўленчым цэнтры існуе паслуга “Тата-зала”. Марына Аляксандраўна прапанавала хлопцам паказаць бацькам прыклад і займацца спортам разам. Тым больш, што паслуга цалкам бясплатная.

    Напрыканцы перад прысутнымі выступіў Андрэй Палягошка, урач-неанатолаг Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы.

    — Што прыходзіць першым на памяць, калі мы гаворым пра шкодныя звычкі? Курэнне, алкагалізм, наркаманія. Але іх, як правіла, называюць залежнасцямі. А між тым шкодныя — гэта яшчэ і такія, здавалася б, нязначныя звычкі, як грызці пазногці, няправільна харчавацца. Прыхільнасць да кавы, дарэчы, таксама з’яўляецца шкоднай звычкай. Рамантычны вобраз, створаны мас-медыя — кава і цыгарэты па раніцах — выглядае крута. Тахікардыя і рак лёгкіх — не.

    Ён асабліва падрабязна спыніўся на шкодных звычках і залежнасцях, распавёўшы дзецям аб магчымых наступствах, суправадзіўшы выступленне прэзентацыяй з фотаздымкамі і канкрэтнымі прыкладамі гэтых наступстваў. Мяркуючы па рэакцыі ў зале, дзеці былі вельмі ўражаныя.

    Школьнікам нагадалі, што толькі яны вырашаюць, якое жыццё пражывуць. І не варта дазваляць грамадскім стэрэатыпам накшталт “курыць гэта крута, гэта па-даросламу” і падобным уплываць на свой выбар.