Для вядзення дакументаў

  • Алена Шапавалава, Пастаўскі край 38/2019 от 11 мая 2019 13 мая 2019 10:19 Общество Беларуская

    Тры ноўтбукі на суму 2 тысячы рублёў атрымаў 2 мая ад Цэнтра банкаўскіх паслуг №230 ААТ «ААБ Беларусбанк» Сацыяльна-педагагічны цэнтр Пастаўскага раёна.

    Прывёз і ўручыў аргтэхніку для спецыялістаў установы адукацыі дырэктар ЦБП Леанід Касарэўскі. Каштоўны падарунак зроблены ў рамках дабрачыннай праграмы банка па падтрымцы аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры і мастацтва, спорту і здаровага ладу жыцця, а таксама сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, да якіх адносяцца выхаванцы прытулку СПЦ. Да слова, спонсарскую дапамогу яму Беларусбанк аказвае не ўпершыню. У 2015 годзе дапамог уставіць два пластыкавыя акны ў вучэбным класе і маскітныя сеткі на вокнах ва ўсіх спальных памяшканнях. Штогод прымае ўдзел у дабрачынных акцыях «Збяром партфель у школу» (прымеркаваная да 1 верасня) і «Нашы дзеці» (праводзіцца ў час калядных і навагодніх свят), дорачы хлопчыкам і дзяўчынкам неабходныя канцтавары і фрукты.

    Што датычыць апошняга падарунка, то, па словах дырэктара СПЦ Наталлі Селіванавай, ён проста бясцэнны.

    — У нас вельмі не хапала камп'ютараў і ноўтбукаў, паколькі з 1 верасня 2018 года павялічыўся штат спецыялістаў цэнтра. А разам з гэтым вырас аб'ём работы і дакументаў, якія трэба афармляць, — гаварыла Наталля Віктараўна. — Я вельмі ўдзячная кіраўніцтву ЦБП №230 за прынятае рашэнне падарыць нам аргтэхніку і праўленню Беларусбанка, з якім гэта пытанне ўзгаднялася.

    Тэкст і фота Алены Шапавалавай