"Доўгія вёрсты вайны": на Бераставіччыне выйдзе кніга да 75-годдзя вызвалення Беларусі

  • Мікалай Пацэнка, Бераставіцкая газета №35 от 04 мая 2019 Скачать номер 14 мая 2019 08:56 Культура Беларуская

    Пад такой назвай хутка вый­дзе кніга, падрыхтоўчая работа да выдання якой ужо завяршаецца. Гэта кніга стваралася на працягу многіх гадоў. Пісалі яе дзясяткі людзей, многіх з якіх, як і герояў іх нарысаў, артыкулаў, інтэрв’ю, няма ўжо сярод нас. Гэта кніга пра вайну, а дакладней, пра людзей,  перажыўшых яе. Гісторыя планеты яшчэ не ведала такога страшэннага варварства, якое тварылі нацысцкія акупанты на захопленай імі тэрыторыі Беларусі ў час апошняй вайны, у якой, нягледзячы на страшныя пакуты і жудасныя страты, ра­зам з іншымі народамі перамаглі савецкія людзі. Сярод іх – і бераставічане, якія ўпісалі сваю старонку ў гераічны летапіс Вялікай Айчыннай вайны. У смяротнай барацьбе з фашызмам яны выканалі свой грамадзянскі і патрыятычны абавязак – змагаліся і многія гінулі за незалежнасць нашай Айчыны.

    На фронт пайшло амаль 2 тысячы бераставічан, і толькі палавіна з іх вярнулася дамоў. Загінуў кожны другі. Значная частка ўчарашніх салдат вярнуліся пакалечанымі, кантужанымі, параненымі. Многія з вярнуўшыхся памерлі ў першыя пасляваенныя гады.Іх, ветэранаў вайны, сёння засталося вельмі мала. У святочныя дні яны надзяваюць свае ўзнагароды і з кветкамі ў руках, з унукамі і праўнукамі ідуць да помнікаў. Нашы землякі набліжалі перамогу як маглі: ішлі ў атаку і падалі ад куль і асколкаў, лячыліся ў шпіталях і зноў ішлі на фронт. Многія з іх як самую дарагую рэліквію захоўвалі Падзякі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І. В. Сталіна, надрукаваныя на пажаўцелай ад часу, працёртай на згібах паперы, Падзякі ад камандуючых франтамі, арміямі, дывізіямі. Словам, усе яны сумленна выканалі свой воінскі абавязак. Успаміны ўдзельнікаў вайны – франтавікоў размешчаны ў будучай кнізе ў раз­дзеле “Доўгія вёрсты франтавых дарог”. Каб нікога не пакрыўдзіць, незалежна ад звання, узнагарод і часу знаходжання на фронце – гэтыя ўспаміны падаюцца ў алфавітным парадку прозвішчаў іх аўтараў. А ўсяго ў раздзеле на­друкавана больш за сто ўспамінаў нашых землякоў-франтавікоў. Запісаны яны ў розныя гады: і ў 1944 – 1950 гадах, калі цела і душа кроватачылі ад цяжкіх успамінаў, і ў больш познія часы. Складальнікі кнігі пералісталі ў архівах падшыўкі бераставіцкай раённай газеты “Знамя Советов” (1944 – 1962 гг.), свіслацкай раённай газеты “Заветы Ильича” (1962-1966 гг.), якая выдавалася ў час аб’яднання Свіслацкага і Бераставіцкага раёнаў. Дзякуючы рэдакцыі “Бераставіцкай газеты” і работнікам раённай бібліятэкі імя В.М. Кавалеўскага ў нас была магчымасць пазнаёміцца з матэрыяламі раённай газеты “За камунізм” (1967-1991 гг.) і “Бераставіцкай газеты” (1992-2017 гг.). Вяліся пошукі запісаных успамінаў франтавікоў і ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, у Дзяржаўным архіве грамадскіх арганізацый Гро­дзенскай вобласці. Па-за ўвагай складальнікаў не застаўся ні адзін матэрыял, у якім гутарка ідзе аб вайне. 

    Цяжкі лёс выпаў на долю бераставічан і ў час нямецкай акупацыі. Больш за тысячу мужчын, юнакоў і дзяўчат, дзяцей было вывезена ў фашысцкую Германію: ва Усходнюю Прусію і ў іншыя рэгіёны Нямеччыны. Аб іх незайздросным лёсе можна прачытаць у раздзеле “У змрочныя дні акупацыі”. Тут жа прыводзяцца ўспаміны бераставічан аб тых парадках, якія ўсталявалі акупанты на Бераставіччыне і ў іншых мясцінах Беларусі. У раздзеле “Бераставіччына змагаецца” аповяд ідзе аб партызанах і падпольшчыках, якія змагаліся ў нашых месцах, і аб тых бераставічанах, якія ваявалі ў партызанскіх атрадах у іншых рэгіёнах Беларусі.

    Думаецца, што бу­дзе цікавым для чытачоў усіх пакаленняў і раз­дзел “Лісты з фронту”. Яны не рэдагаваліся і друкуюцца так, як былі напісаны. У іх любоў да блізкіх, нянавісць да ворага, вера ў перамогу.

    Перамога гартавалася не толькі на фронце, але і ў тыле. Аб гэтым раскажа невялікі раздзел “Перамога гартавалася і ў тыле”. Цяжкі лёс выпаў на долю жанчын, якія засталіся ўдовамі. Аб іх пойдзе аповед у раздзеле “Салдацкія ўдовы”.“И помнит мир спасённый, мир вечный, мир живой…”. Так называецца апошні раздзел гэтай незвычайнай кнігі. У назве выкарыстаны словы з шырока вядомай у свой час песні, якую выконвалі вядомыя спевакі Марк Бернэс, Уладзімір Трошын, Георг Отс. У самой назве – заклінанне да жывых і рэквіем загінуўшым і памерлым, якія здабылі гэты мір цаною шматлікіх ран і пакут, а многія – і цаной свайго жыцця. Гэтая кніга – вынік калектыўнай працы многіх людзей: журналістаў “Бераставіцкай газеты”, работнікаў аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, Музея Вавёркі і іншых.