Для чаго лопуху калючкі? Або пра тое, як становяцца даследчыкамі ў дзіцячым садку

  • Алена Шантыка, Пухавіцкія навіны 2019-05-15 от 15 мая 2019 Скачать номер 15 мая 2019 11:39 КалейдоскопОбщество Беларуская

    Выхавацель цэнтра дашкольнага развіцця дзіцяці “Росток” Ірына Воўчанка ўмее дасціпна адказваць на самыя нечаканыя дзіцячыя пытанні, бо ўжо не першы год у прафесіі, якую любіць якраз за тое, што не дае стаяць на месцы і вымушае заўсёды быць гатовай нешта патлумачыць сваім дапытлівым выхаванцам.

    — Дзеці пачынаюць знаёміцца са светам са здзіўлення, — кажа Ірына Мікалаеўна. — Вось пабачылі ці пачулі нешта новае — задаюць пытанне. І мы, дарослыя, павінны адказаць на яго. Можна, канечне, адразу прадэманстраваць дзіцяці сваю эрудыцыю, а можна паспрабаваць накіраваць малечу на самастойны пошук адказу. Так ужо з  самага маленства мы можам прывіваць дзецям жаданне даследаваць свет. Як інакш народзіцца навукоўца?

    Некалькі гадоў таму Ірына Воўчанка вымушана была прыгадаць свае веды пра электрычнасць, таму што шасцігадовы Багдан Дзмітрук хацеў зразумець, чаму валасы прыцягваюцца да капялюша. Так нара-дзілася першая навуковая работа, з якой Багдан бліскуча выступіў на Усерасійскім конкурсе даследчых работ і творчых праектаў у Маскве. Праз год Багдан напісаў ужо разам з першай настаўніцай новую работу пра магніты. Гэта быў пачатак  школьнай біяграфіі сённяшняга выдатніка-гімназіста.

    — Навуковая работа з дзецьмі аказалася для мяне вельмі цікавай, таму з таго часу штогод мы з кімсьці працавалі над новым да-следаваннем,— расказвае Ірына Мікалаеўна.— Аглая Абаніна, Ваня Харытончык, Уладзіслаў Далідовіч, напрыклад, вывучалі, як вырабляюць паперу, ці ёсць колер у вады. Дзеці задавалі пытанні і шукалі адказы разам з дарослымі — выхавацелямі і бацькамі. Такая сумесная дзейнасць рабіла нас бліжэй, аб’ядноўвала. Новая работа — новы крок наперад. Больш за тое, калі раней мы бралі тэму і працавалі над ёй вузкім колам зацікаўленых асоб, то сёння над праектамі мы можам працаваць усім калектывам групы. І дзіцячым, і дарослым. Так атрымалася і з даследаваннем Святланы Ніколенка.

    …У групе цішыня. Дзеці на пляцоўцы. І толькі для Святланкі зрабілі выключэнне: дзяўчынка дае першае ў жыцці інтэрв’ю. Рыхтуецца сур’ёзна. З падаконніка здымае кветачніцу з нейкай незнаёмай мне кветкай, раскладвае на стале кнігі, прыгожы каляровы альбом, цацкі… Аказваецца, будзем гаварыць пра … лопух.

    Чаму лопух? Што дзіўнага ў гэтай непрыкметнай расліне?

    — Я глядзела  з Дзяніскам тэлеперадачу “Я ведаю”, дзе дзецям задаюць пытанні, — расказвае Святланка, абдымаючы кветачніцу, у якой расце, аказваецца, самы сапраўдны лопух, аб’ект даследавання.—  Вядучы спытаў, навошта лопуху калючкі. Мы не ведалі. І адказ не пачулі, бо ў кватэры прапала святло…

    З пытаннем Святланка прыйшла да Ірыны Мікалаеўны. І тая неяк адразу зразумела, што яно можа быць асновай для новага навуковага даследавання, таму што першы, нібыта відавочны, варыянт адказу аказаўся не зусім правільным. Пра гэта мне ўжо расказвае Света:

    — Калючкі, мы падумалі, могуць быць для абароны. Як у ружы, шыпшыны. Але потым мы паразважалі і зразумелі, што ў другіх раслін калючкі на сцябліне, а не на кветцы. Што ж тады лопух абараняе? Толькі сваю кветку?

    Адказ шукалі на практыцы. Папугаі, што жывуць у групе, адмовіліся дабываць насенне з лапуховых калючак. Яны так і праляжалі ў клетцы з тыдзень. А вось на вуліцы на лопуху дзеці знайшлі птушынае пяро. Значыць, не ўсе птушкі баяцца гэтых калючак. Версія зноў аказалася няправільнай: не можа ж лопух берагчыся толькі ад папугаеў.

    Пазней Света разам з дарослымі вывучала знешні выгляд калючак. І тут відавочным стала тое, што не калючкі гэта зусім, а нейкія кручкі. Новае пытанне.

    Адказ на яго дзеці знайшлі ў гімназіі. Яго дала настаўнік біялогіі. Аказваецца, лопух не такі просты: ён сапраўдны вандроўнік! Прычапіўся да адзежы чалавека ці да жывёлы і пераехаў на новае месца. Укараніўся і даў новыя расліны. Вось нашто кручкі-калючкі!

    Што ж, адказ знайшлі. Але на тым не спыніліся. Высветлілі, што лопух выкарыстоўваецца ў касметалогіі, медыцыне. Света разам з бацькамі “зварыла” шампунь з лопухам і пераканалася, што валасы яго палюбілі.

    — А яшчэ пасля заканчэння даследавання ў нас засталася сапраўдная кулінарная кніга з рэцэптамі,— гаворыць Ірына Мікалаеўна і паказвае эксклюзіўнае выданне, у якім сабраны рэцэпты страў з… лопуха. Іх збірала ўся група. І не толькі збірала. Бацькі і дзеці разам гатавалі розныя стравы.  Рулет з лопуха, хлябцы з лопухам, “шарлотка” з лопухам, лапуховы суп… Неверагодна!

    На стале заўважаю пакуль не запатрабаваныя ў расказе пра лопух рэчы. Мне тлумачаць, што гэта экалагічныя… лапуховыя мачалкі. Іх рабіла ўся група.

    Гледзячы на ўсё гэта, разумею адно: тут, у садку,  адбыўся сапраўдны цуд. Просты лопух стаў не толькі тэмай навуковага даследавання, але і прадметам, які зрабіў цікавым жыццё цэлай групы дзетак і іх бацькоў. Хто цяпер можа сказаць, што лопух — звычайны і непрыкметны?