І гледачы, і ўдзельнікі

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 56/2019 от 13 июля 2019 15 июля 2019 15:58 Культура Беларуская

    У чацвер, 11 ліпеня, у Летнім амфітэатры абласнога цэнтра прайшлі ўрачыстая цырымонія адкрыцця і гала-канцэрт Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які з’яўляецца візітнай карткай Рэспублікі Беларусь.

    Святочныя ж мерапрыемствы распачаліся 8 ліпеня — стартаваў XVII Міжнародны дзіцячы музычны конкурс, Гран-пры якога заваявала беларуска Ксенія Галецкая. Дзень Саюзнай дзяржавы прайшоў 12 ліпеня. Асновай канцэрта стала святкаванне 50-годдзя творчай дзейнасці ансамбля «Песняры». 13—14 ліпеня — XXVIII Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні.

    У гэтыя дні гарадскія залы і вуліцы Віцебска запоўнілі любімыя публікай праекты: «Тэатральныя сустрэчы», фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», «Лялечны квартал», «Вечары ў Віцебскай абласной філармоніі». У гэтым годзе фестывальны Віцебск прымае Dream Dance Fest — міжнародны танцавальны батл. А плошча Перамогі на час форуму ператварылася ў арт-прастору, дзе з 11 па 15 ліпеня праводзіцца вялікі open air. У яго праграме выступленні беларускіх груп NaviBand, «Без Білета», «J: Морс», начныя тэатральныя пастаноўкі, фестывалі аўтагуку і кавер-бэндаў. Яшчэ адна навінка — лядовае шоу «Лебядзінае возера» ад прафесійнага класічнага балета на лёдзе з Санкт-Пецярбурга.   

    Па традыцыі на галоўнай сцэне Летняга амфітэатра выступяць «зорныя» госці. На сольную праграму народнай артысткі Грузіі Тамары Гвердцытэлі і яркае шоу балета Алы Духавай Todes адправяцца і многія пастаўчане (пра гэта паклапацілася раённае аб’яднанне прафсаюзаў). Спецыяльнай госцяй фінальнага гала-канцэрта ў гэтым годзе будзе Сафія Ратару. Таксама сярод заяўленых артыстаў  рок-група «Кіпелаў», «Сурганава і Аркестр», Аляксандр Панаётаў, Стас Міхайлаў, Валерый Лявонцьеў, На­дзея Кадышава і ансамбль «Залатое кальцо» і многія іншыя славутасці.

    Урачыстае закрыццё фестывалю адбудзецца 15 ліпеня. Але мерапрыемствы будуць працягвацца.

    У «Горадзе майстроў» можна сустрэць рамеснікаў і народных умельцаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Літвы. Пастаўшчыну прадстаўляюць дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Петух і майстры Юлія Калядзіна, Алеся Зайцава, Вольга Сафонава, Крысціна Брэская, Алена Крывенькая.

    На розных сцэнічных пляцоўках выступяць аркестр барабаншчыц, ансамбль народнай музыкі і песні «Заранка» Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, народны лялечны тэатр «Вытварашкі» раённага Дома культуры, у конкурсе прыпевачніц — дырэктар Парыжскага сельскага Дома культуры Галіна Іваноўская і ўдзельніца мастацкай самадзейнасці Валкоўскага сельскага клуба Тэрэза Літовец. Побытавыя танцы прадэманструюць гутчане Даша Кукштэль і Арцём Кухальскі, Алена Галяш і Пётр Касарэўскі.

    Анна Анішкевіч