Святы Кузьма сярпы робіць...

  • Алина Большакова, Полацкі веснік 14618/Полацкі веснік от 23 июля 2019 23 июля 2019 11:33 Общество Беларуская

    Весела і цікава ў аграгарадку Зялёнка прайшло летняе народнае свята «Кузьмінкі». Яно адбылося ў гонар пачатку сенакосу, на якім славілі святых Кузьму і Дзям’яна. Зялёнкаўцы шануюць спадчыну сваёй мясцовасці, штогод адзначаюць «Кузьмінкі» і з вялікім задавальненнем узгадваюць старадаўнія традыцыі.

    У суботу ў Зялёнку з’ехаліся госці з 11 сельсаветаў Полацкага раёна. Каманды прадстаўлялі нежанатыя хлопцы, незамужнія дзяўчаты і сямейныя пары, якім належыла прайсці праз шэраг выпрабаванняў, каб стаць пераможцам і асядлаць кузьмінкаўскага каня.Па дарозе да гары «Фестываль» каманды ўлагоджвалі Кузьму-Дзям’яна, частавалі яго рознымі прысмакамі, прахо­дзілі праз сем тэматычных пляцовак: «Ссыпкі», «Баба-пляткарка», «Кузьмінкаўская стагоўніца» і іншыя. Шматлікія гледачы дзівіліся, як спрытна каманды спраўляліся з рытуальнымі дзеяннямі.Асаблівую цікавасць ва ўдзель­нікаў і гледачоў свята выклікала тэатралізавана-гульнёвая праграма «Бабін фэст». Яе распачаў зычным голасам унікальны певень-старажыл Кукарэкыч. Ансамбль «Фярцінка» Багатырскага СДК выканаў гімн «Кузьмінак», і свята загуло. Каманды і гледачы шчыра віталі «Шэсце сельскіх працаўнікоў», у якім бралі ўдзел перадавікі сельгаспрадпрыемства «Зялёнка». А потым на сцэне з’явіліся духі Сярбай і Жыжаль, каманды ўдзельнічалі ў народных абрадавых дзеях «Мудрамер ад Кузьмы-Дзям’яна», «Вывет­рыванне дурноты з жаніхоў», «Капа лёсу». Цікавай была праверка дамашняга задання, з якім прыехалі на свята каманды. Кожная падрыхтавала «жывыя» прыказкі і прымаўкі. Прысутных частавалі рытуальнай справай «Кузьмінак» — духмянай кашай. Парадаваў зялёнкаўцаў і шматлікіх гасцей вясёлым канцэртам народны ансамбль песні «Млын» Вет­рынскага ГПДК. Незабыўнымі для ўдзельнікаў свята сталі «Кузьмінкаўскія арэлі» і іншыя моманты гуляння.Самыя актыўныя ўдзельнікі свята мелі магчымасць асядлаць кузьмінкаўскага каня. Гаспадар свята  — старшыня Зялёнкаўскага сельвыканкама Віктар Нядоўба — уручыў камандам памятныя дыпломы. У намінацыі «За лепшае адлюстраванне «жывой прыказкі» ўзнагародзілі каманду-пераможцу свята з Гаранскага сельсавета. Вельмі ж старалася каманда, калі прадстаўляла прымаўку «Баба з возу — каню лягчэй». У намінацыі «Народныя галасы» ўзнагароджаны ансамбль песні «Фярцінка» Багатырскага СДК; дыплом у намінацыі «Самы ўдзячны глядач» атрымалі жыхары аграгарадка Зялёнка; у намінацыі «Самы шчодры госць» узнагароджана каманда Азінскага сельсавета; за лепшае мастацтва пляцення вянкоў — каманда Гомельскага сельсавета; у намінацыі «Майстрыха агароднай справы» — Галіна Сушчык з каманды Гаранскага сельсавета; у намінацыі «Самы яскравы народны вобраз жанчыны» — Лідзія Батура з каманды Палатоўскага сельсавета; у намінацыі «За самы яскравы народны вобраз мужчыны» — старэйшы мужчына з каманды Вароніцкага сельсавета; у намінацыі «Першая красуня» дыплом атрымала дзяўчына з каманды Саланіцкага сельсавета; у намінацыі «Самы зай­здросны жаніх свята» ўзна­гароджаны жаніх з гарпасёлка Ветрына; у намінацыі «Самая касцюміраваная прыказка» — каманда Баравухскага сельсавета; у намінацыі «За лепшае раскрыццё народных прык­мет — каманда Фарынаўскага сельсавета; у намінацыі «За самую гумарыстычную прыказку ў «жывым» малюнку» — каманда Зялёнкаўскага сельсавета; у намінацыі «За самае пластычнае адлюстраванне прыказкі ў «жывым» малюнку»  — каманда з Астроўшчынскага сельсавета.Летнія «Кузьмінкі» ў Зялёнцы прайшлі на «ўра», цяпер чакаем восеньскіх.Аліна БАЛЬШАКОВА. Фота Іллі ШВЯДКО.

    Теги: