Пастаўчанка Іна Бабчук — цудоўная гаспадыня. Пастаянна любуюся парадкам каля яе дома па вуліцы Чырвонаармейскай. А нядаўна, заглянуўшы па справах, убачыла ў цяпліцы агуркі-веліканы.
— Гэта гатунак кітайскіх агуркоў, — расказвала жанчына. — Высаджваю не першы год. Сёлета вырашыла паназіраць, якім можа вырасці. Сцябліны не вытрымліваюць такога цяжару. Гэтыя агуркі ніколі не бываюць горкімі, не жаўцеюць пры перарастанні. Вырошчвала іх у адкрытым грунце, але на зямлі яны скручваліся. У цяпліцы калівы падвязаныя, і плады звісаюць з вышыні. Холадаўстойлівыя, пладаносяць практычна да замаразкаў. А якія сакавітыя, смачныя! Ідэальна падыходзяць для салатаў.
Сарвалі плады. Два з іх заважылі амаль па кілаграме, даўжыня — 55 сантыметраў.
Тэкст і фота Анны Анішкевіч