Параіліся з народам

  • Міхась КАРПЕЧАНКА, Зара над Друццю № 58 (10521) от 27 июля 2019 30 июля 2019 10:24 Общество Беларуская

    У чацвер у Цэнтры культуры прайшла сустрэча старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатоля ШЧУПЛЯНКОВА з насельніцтвам горада, у якой таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі ключавых служб, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Алег ПІШЧАНКА.

    Звяртаючыся да бялынічан, а гэта былі самыя нераўнадушныя да праблем горада жыхары райцэнтра з актыўнай грамадскай пазіцыяй, кіраўнік раёна запрасіў усіх іх на актыўны дыялог.

    – Ёсць пэўныя праблемы па сацыяльна-эканамічным развіцці, добраўпарадкаванні раёна, павышэнні дабрабыту насельніцтва, – сказаў Анатоль Шчуплянкоў. – Мы іх бачым, разумеем і працуем над тым, каб вырашыць, улічваючы меркаванне самога насельніцтва. Разам з тым, чакаем і спадзяёмся, што і жыхары горада і раёна не застануцца проста сузіральнікамі. Разам мы зможам зрабіць вельмі шмат карысных спраў для росквіту нашай агульнай малой радзімы.

    Сапраўды, сёлета вельмі шмат зроблена і робіцца па абнаўленні, добраўпарадкаванні зусім не галоўных, як іх яшчэ называюць – пазафасадавых, вуліц горада. Дастаткова сказаць, што на гэтыя мэты на бягучы год выдзелена 1 млн 086 руб. бюджэтных сродкаў, што значна больш чым у папярэднім годзе (800 тысяч руб.). Значныя сумы бюджэтных сродкаў на добраўпарадкаванне горада будуць выкарыстаны і ў наступным годзе, паколькі Бялынічы ў першую нядзелю верасня 2020 стануць сталіцай знакавага для ўсёй краіны свята – Дня беларускага пісьменства.

    – Мы спадзяёмся, – падкрэсліў Анатоль Шчуплянкоў, – што бялынічане выкажуць свае прапановы адносна праграмы гэтага свята і прымуць самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы нашага горада для яго правядзення.

    Кіраўнік раёна зрабіў акцэнт на раўнадушшы некаторых жыхароў да грамадскага жыцця. У якасці яскравага прыкладу ён прывёў зварот да яго аднаго з бялынічан, які злосна наракаў на тое, што работнікі камунгаса ў двары яго шматкватэрнага дома пасадзілі елкі, але тыя праз нейкі час у спякоту засохлі. 

    – Кажу яму, – расказвае старшыня райвыканкама, – а сам чаму, выносячы смецце, не паліў вадой тыя дрэўцы?

    – Дык работнікі камунгаса абавязаны паліваць...

     Раўнадушнасць – самая страшэнная заганная з’ява. Яна спараджае, фактычна, усе сённяшнія нашы сацыяльныя беды.

    На сустрэчу са старшынёй райвыканкама прыйшло каля дзясятку жыхароў бялыніцкай вуліцы Беларуская і прылеглых да яе. Асноўнае іх пытанне – асфальтаванне вуліцы.

    Дырэктар жылкамгаса Віктар ІВУЛЁЎ даходліва патлумачыў, што сёлета заасфальтаваць яе немагчыма, паколькі гэта будзе парушэннем дзейнічаючага адпаведнага заканадаўства.

    – Зараз у пяты раз праходзіць працэдура выбару выканаўцы работ па правядзенні рамонту, добраўпарадкавання і грэйдзіравання гэтай вуліцы, – растлумачыў Віктар Міхайлавіч. – Без выканання гэтых работ нельга праводзіць асфальтаванне.

    Анатоль Шчуплянкоў паставіў задачу начальніку аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Галіне ПАНЦЯЛЕЕВАЙ, дырэктару БУК ЖКГ Віктару Івулёву, упраўленню па капітальным будаўніцтве раёна прыняць усе неабходныя меры па паскарэнні працэсу рамонту вуліцы Беларуская з тым, каб уключыць асфальтаванне яе ў раённую праграму добраўпарадкавання і капрамонту наступнага года.

    Прадстаўнікі жыхароў іншых вуліц райцэнтра, у прыватнасці, Саўгасная, таксама прасілі кіраўніка раёна ўключыць асфальтаванне сваіх вуліц у праграму наступнага года.

    Віктар Івулёў патлумачыў ім, што адначасова правесці асфальтаванне ўсіх вуліц горада не магчыма, паколькі на балансе камунгаса ўтрымліваецца 67 км вуліц райцэнтра і 200 км – у сельскіх саветах. Бюджэтныя сродкі, а яны невялікія, на выкананне комплексу рамонту і гадавога догляду іх выдзяляюцца на душу насельніцтва гэтых вуліц.

    – Наша Міністэрства, – тлумачыць дырэктар БУКП “Жылкамгас”, – звярнулася ў Савет Міністраў аб пераглядзе такога падыходу фінансавання. Рашэнне пакуль не прынята, таму працуем, зыходзячы з адпаведных нарматыўных актаў.

    На сустрэчы былі агучаны і іншыя пытанні забеспячэння жыццядзейнасці жыхароў горада. Адно з іх тычылася, напрыклад, працы райпаліклінікі, стаматалагічнай службы яе. Жыхарка горада назвала некалькі фактаў, калі яна з прычыны правядзення планёркі галоўным урачом не змагла патрапіць на прыём да лекара.

    Анатоль Шчуплянкоў тут жа распарадзіўся, каб планёркі, сходы і ўсё да іх падобнае ў райпаліклініцы праводзілася выключна ў нерабочы час. І ўзяў выкананне гэтага і ўсіх сваіх даручэнняў, дадзеных ім на сустрэчы, пад асабісты кантроль.

    У заключэнне сустрэчы кіраўнік раёна выказаў пажаданне праводзіць такія мерапрыемствы на пастаяннай аснове і прадугледзіць іх арганізацыю ў аграгарадках.

    Міхась КАРПЕЧАНКА.

    Теги: 
    • {Нет тегов}