На парадку дня - работа Лужкаўскага сельскага Савета дэпутатаў

  • Сяргей Райчонак, Кліч Радзімы 60/2019 от 27 июля 2019 30 июля 2019 10:03 Общество Беларуская

    Мясцовая ўлада заўсёды надае вялікую ўвагу навядзенню парадку на зямлі ў гарадскім пасёлку, аграгарадках, вялікіх вёсках і самых маленькіх населеных пунктах. Ад гэтага залежаць узровень жыцця насельніцтва, яго дабрабыт.

    19 ліпеня на базе Лужкаўскага сельскага Савета прайшоў раённы выязны семінар. Яго мэтай стаў абмен вопытам па арганізацыі работы сельскіх Саветаў дэпутатаў з насельніцтвам, з сельгаспрадпрыемствамі, арганізацыямі раёна ў плане навядзення парадку на зямлі. Закранулі таксама пытанні функцыянавання работы ўстаноў сацыяльнай і вытворчай сфер, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Узначальваў работу семінара старшыня Шаркаўшчынскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, члены райвыканкама, начальнікі аддзелаў і служб раённага выканаўчага камітэта, старшыні сельскіх Саветаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

    Спачатку ўдзельнікі семінара наведалі вёску Барсукі. Тут размяшчаецца крыніца, якая ўключана ў спіс аб’ектаў гісторыка-культурнага маршрута “Лужкаўскія вандроўкі”. Прысутныя змаглі пасмакаваць крынічную ваду ў зацені векавых дрэў. Старшыня Лужкаўскага сельсавета Таццяна Мікалаеўна Краснадубская расказала пра гісторыю стварэння крыніцы і адзначыла людзей, якія займаюцца на гэтай тэрыторыі добраўпарадкаваннем.

    Наступным аб’ектам для наведвання стаў Верацееўскі цэнтр культуры і адпачынку. Установа размяшчаецца ў двухпавярховым будынку былой базавай школы. Акрамя клубнай установы там яшчэ ёсць бібліятэка, ФАП, комплексны прыёмны пункт.

    Аб развіцці сацыяльнай сферы нашага раёна прысутным расказаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Анатольевіч Васілеўскі, звярнуўшы асаблівую ўвагу на аб’екты сацыяльнай сферы, што размешчаны на тэрыторыі Лужкаўскага сельскага Савета. Удзельнікі семінара азнаёміліся з прынцыпам працы сацыяльных устаноў, пагутарылі з работнікамі.

    Лужкаўская сярэдняя школа з’яўляецца адной з лепшых навучальных устаноў раёна, дзе на належным узроўні арганізаваны вучэбна-выхаваўчы працэс, працуюць вопытныя і таленавітыя педагогі. Дырэктар школы Ларыса Віктараўна Гараніна для ўдзельнікаў семінара правяла экскурсію па тэрыторыі, падрабязна расказала пра накірункі работы ўстановы адукацыі. Там і сапраўды ёсць што паказаць. Тэрыторыя школы мае вельмі прывабны від. Радуюць вока шматлікія кветнікі, альтанкі, штучны вадаём, расліны-экзоты на прышкольным дэндрарыі, малыя архітэктурныя формы, зробленыя ўласнымі рукамі настаўнікаў, вучняў і работнікаў школы. Аналагічная прыгажосць і ў памяшканнях навучальнай установы, дзе з ахвотай працуюць педагогі, перадаючы веды сваім здольным вучням. Пасля змястоўнай экскурсіі ўдзельнікі накіраваліся на стадыён аграгарадка. У той дзень там урачыста адкрылі зону адпачынку “Беражок”. Лужкаўскі сельсавет удзельнічаў у конкурсе сумесных ініцыятыў “Мясцовыя стратэгіі — справа кожнага” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага саюза, у якім атрымаў перамогу і пэўную грашовую суму. Фінансавыя сродкі пайшлі на добраўпарадкаванне зоны адпачынку, куды цяпер з ахвотай прыходзяць і дзеці, і дарослыя.

    Пасля невялікага міні-канцэрта, праведзенага работнікамі ўстаноў культуры аграгарадка каля зоны адпачынку “Беражок”, удзельнікі семінара накіраваліся ў памяшканне Лужкаўскага сельскага Савета, дзе былі падведзены вынікі работы семінара.

    Старшыня раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Серафімавіч Шпец яшчэ раз нагадаў прысутным, што пытанні, якія ўзнікаюць у насельніцтва па тых або іншых праблемах, павінны вырашацца ў комплексе. Увогуле, работа старшыні Лужкаўскага сельсавета з боку кіраўніцтва раёна была ацэнена станоўча. Як сказаў Уладзімір Серафімавіч, аналагічны семінар пройдзе ў жніўні ў Станіславоўскім сельсавеце.