З верай і любоўю да людзей адзначыць важкі юбілей

  • Алёна НІКАНЧУК, Сельская праўда 57/2019 от 24 июля 2019 30 июля 2019 09:40 Калейдоскоп Беларуская

    Фота аўтара.

    Заўтра Лідзія Адамаўна Буза з Гарэлак адзначыць 80-годдзе. Свой юбілей жанчына сустракае ў атачэнні дзяцей, унукаў і праўнука, добрых знаёмых і сяброў. Напярэдадні свята мы разам пагарталі яе жыцця старонкі, напоўненыя ратнай працай, шчырай адданасцю свайму краю, штодзённымі клопатамі аб родных і блізкіх, вялікім аптымізмам, верай, надзеяй і любоўю.

    Дзяцінства ўспаміны

    Як вядома, чалавеку ўласціва захоўваць у памяці тыя яркія падзеі і ўражанні, якія давялося перажыць у дзяцінстве. Лідзія Буза — дзіця вайны. Добра памятае гул варожых самалётаў у небе, водгукі ўзрываў снарадаў, адступленне немцаў праз Гарэлкі, якія ў гневе забілі адну з вясковых дзяўчын.

    Узгадвае і дзень, калі жывым і здаровым з вайны вярнуўся тата Адам Іосіфавіч — і гэта было вялікае шчасце! І дзень, калі прыйшла сумная навіна: Лідзін хросны бацька загінуў пры абароне Брэсцкай крэпасці.

    Лідзія Адамаўна памятае сябе дзяўчынкай-першакласніцай. У школу пайшла ў восем гадоў у суседнія Крыўляны, вучэльня ўяўляла сабой звычайную вясковую хату. Зімою тапілі печ, а пісаць вучыліся па чарзе: на ўсіх быў адзін аловак і сшытак.

    Любоў да працы — выхавання аснова

    Адам і Надзея Кавальскія выхоўвалі чацвёра дзяцей. У сям’і акрамя Ліды быў старэйшы сын Валодзя і малодшыя дачушкі Кацярына ды Марыя. Змалку дзеці прывучаліся да працы: дапамагалі ў полі, па гаспадарцы, кожны меў свае абавязкі. Прыкладам ва ўсім выступалі бацькі — шчырыя рупліўцы. Тата працаваў у калгасе кавалём, быў майстрам на ўсе рукі, матуля — паляводам. Нягледзячы на занятасць, На-дзея Пятроўна знаходзіла час для рукадзелля — вышывала, шыла, гэтаму і дзяўчат вучыла, да таго ж жанчына хораша спявала. Кавальскія вылучаліся на вёсцы: былі працавітай, дружнай і згуртаванай сям’ёй.

    А лёс твой — побач

    Пасля заканчэння Крыўлянскай сямігодкі Ліда Кавальская пайшла працаваць паштальёнам, гэтай справе аддала 16 гадоў. Абслугоўвала Гарэлкі, Крыўляны, Глыбокае, бліжэйшыя хутары. На сваім двухколым жалезным памочніку імчалася па дарогах, аб’язджала вясковыя двары і развозіла свежыя нумары газет і часопісаў, бандэролі і пасылкі, шматлікія лісты і паштоўкі — карэспандэнцый тады было шмат, не тое, што ў наш час, бо цяпер, як вядома, іх замяніла электронная пошта. За добрасумленную працу Лідзіі Адамаўне прысвоілі ганаровае званне “Ударнік камуністычнай працы” і ўручылі спецыяльны знак і пасведчанне. Затым яе працоўны шлях быў звязаны з калгасам “Світанак” (ранейшая назва “Бальшавік”), дзе дзясятак гадоў рупілася даяркай, адкуль і на заслужаны адпачынак пайшла.

    Існуе меркаванне, што другую палавінку ці жаночае шчасце далёка шукаць не трэба, дастаткова азірнуцца — і вось яно, побач. Так сталася і ў жыцці Лідзіі Адамаўны. Замуж выйшла за свайго суседа-аднагодку Косцю Бузу. Разам раслі, гадаваліся, а потым да іх прыйшло сапраўднае каханне, якое правяралі яшчэ на працягу пяці гадоў. У 1966-м згулялі вяселле, тут, у Гарэлках, пачалі звіваць сямейнае гняздо. У хуткім часе маладых бацькоў парадавала сваім з’яўленнем дачушка Валянціна, пазней нарадзіўся сынок Віктар.

    Большасць працоўнага жыцця Канстанціна Міхайлавіча была звязана з калгасам, дзе рупіўся шафёрам, сядаў таксама за руль трактара і камбайна. У роднай гаспадарцы быў на добрым рахунку як адказны і добрасумленны работнік.

    Таленты — ад мамы

    Так лічыць Лідзія Буза, бо, як і матуля, усё жыццё займалася рукадзеллем — вышывала крыжыкам і гладдзю, шыла, вязала пруткамі і кручком. У спадчыну атрымала цудоўны голас — спявала ў калектыве, які існаваў пры Крыўлянскім СДК. Пякла вясельныя караваі ў тры ярусы і ўпрыгожвала іх рознакаляровымі кветкамі, якія рабіла сама з паперы. К 50 гадам у жанчыны раскрыўся яшчэ адзін талент — паэтычны, яна пачала складаць вершы і прыпеўкі, якія прысвячала роднай старонцы, хараству прыроды, сябрам. Шкадуе толькі, што нехта ўзяў пачытаць запаветны сшытак з творамі, ды так і не вярнуў, а памяць, на жаль, не ўсе радкі захавала.

    Захапленні для душы

    Мая суразмоўніца вельмі любіць бываць у лесе, які непадалёк — ведае ў ім кожную сцяжынку. Ён шчодра адорвае жанчыну рознымі ляснымі дарамі — ягадамі ды грыбамі. Звычайна ходзіць у лес пешшу, часам ездзіць на веласіпедзе, на ім жа дабіраецца і ў Крыўляны, дзе наведваецца не толькі да родзічаў, але і ў краму, і ў бібліятэку. Тут ведаюць чытацкія густы Лідзіі Адамаўны і загадзя падбіраюць ёй кнігі на рэлігійную тэматыку. Усё жыццё жанчына жыве з верай, ходзіць у царкву і ў сваіх штодзённых малітвах да Усявышняга просіць здароўя дзецям і ўнукам, моліцца за блізкіх людзей і сяброў. А іх у жанчыны шмат, бо ўмее сябраваць па-сапраўднаму: калі патрэбна, дапаможа, падтрымае, дасць параду.

    У той дзень, калі я завітала ў Гарэлкі да Лідзіі Адамаўны, убачыла яе каля хаты са свежым нумарам “Сельскай праўды”. Яна прызналася, што ўсё жыццё сябруе з раённай газетай, якая цікава расказвае пра землякоў, іх дасягненні і захапленні, знаёміць з навінамі і гісторыяй роднага краю. Раней Лідзія Буза выпісвала “Комсомольскую правду” і абласную “Зарю”, любімы часопіс “Гаспадыня”. Зараз акрамя раёнкі застаецца верная яшчэ аднаму выданню — “Друг пенсионера”. Жанчына расказала, што за чытаннем адпачывае, а хатніх спраў шмат. Больш за 20 гадоў жыве без гаспадара, таму і касіць навучылася, і дровы калоць. Побач дзеці: дачка Валянціна з сям’ёй жыве ў Жабінцы, сын Віктар — у Крыўлянах, прыязджаюць, дапамагаюць. Вось і юбілей матулін усе разам будуць адзначаць.

    Яе аптымізму пазайздросціш

    І гэта сапраўды так. Нягледзячы на ўзрост, нягоды і выпрабаванні лёсу, Лідзія Буза застаецца вялікім жыццялюбам, ад яе сыходзіць неверагодная энергія, пазітыў, якімі міжволі зараджаешся і ты побач з гэтай цудоўнай жанчынай. Ад усёй душы хочацца пажадаць юбілярцы: няхай дом ваш будзе такім жа гасцінным, кожны дзень радасным, здароўе моцным, а навіны прыходзяць толькі добрыя.

    На здымку: Лідзія БУЗА са сваімі вышыванкамі.