Свята кавальства «Крашынскі перазвон» стане брэндавым мерапрыемствам?

  • Мiхаiл Шубiч, Наш край 58\2019 от 31 июля 2019 Скачать номер 31 июля 2019 18:59 Культура Беларуская

    Тры гады таму ў аграгарадку «Крошын» Баранавіцкага раёна быў пакладзены пачатак святу рамёстваў і фальклору пад назвай «Крашынскі перазвон». І не выпадкова, бо менавіта тут нарадзіўся паэт-каваль Паўлюк Багрым, які дасягнуў у кавальстве мастацкіх вяршыняў, пра што сведчыць выкаваная ім жырандоля – яна і сёння захоўваецца ў мясцовым касцёле і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.

    І вось новая сустрэча з мастацтвам народных ўмельцаў з розных раёнаў Берасцейшчыны. Яны атабарыліся ў Крошынскім парку, каля сельскага Дома культуры, уваход у які ўпрыгожыў незвычайны выраб – арка-падкова, зробленая мясцовымі кавалямі Дзмітрыем Шашковым і Георгіем Підэнка. Як мяркуюць аўтары, скульптура прынясе поспех і шчасце кожнаму, хто пройдзе пад гэтай аркай, бо падкова здаўна лічыцца знакам поспеху і шанцавання. А сярод тых, хто ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці аркі-падковы, быў і дырэктар ААТ «Крошын» Уладзімір Шчэрбацэвіч, бо менавіта гэта гаспадарка выступіла спонсарам пры стварэнні аб’екта.

    Удзельнікі свята кавальства і госці з задавальненнем прайшлі пад аркай-падковай і сталі сведкамі другой значнай падзеі ў жыцці Крошына – адкрыцця ў Доме культуры яшчэ аднаго арт-аб’екта пад назвай «Жаўранак Багрыма». Гэта работа выканана кавалём з вёскі Кісялі Баранавіцкага раёна Дзянісам Ашчэпкавым як даніна памяці і ўдзячнасці Паўлюку Багрыму, бо за ідэю ўзяты жаўрук як элемент яго знакамітай жырандолі.

    Але і на гэтым не скончылася ўшанаванне славутага земляка: на мармуровай пліце помніка Паўлюку Багрыму, пастаўленага на могілках каля касцёла, кавалі, удзельнікі свята, ўсталявалі выкаваныя імі вазу і валошкі. Дарэчы, валошкі былі дамашнім заданнем конкурсу «Каваль куе, жаўрук пяе». А ўжо на месцы, у ходзе конкурсу,  кавалі выраблялі дэкаратыўную рамку з элементамі Багрымаўскай жырандолі. Гэта ўжо адбылося пасля падняцця сімвалу свята пераможцамі конкурсу «Крашынскі перазвон» 2016 года кавалямі Дзянісам Ашчэпкавым і Сяргеем Блезе, які прыехаў са Стаўбцоў.

    – Сёння вы сталі сведкамі адкрыцця на Крошынскай зямлі двух арт-аб’ектаў, – сказаў, даючы старт святу кавальства, намеснік старшыні Баранавіцкага райвыканкама Міхаіл Барысевіч. – Разлічваем, што з цягам часу арт-аб’екты стануць візітнай карткай Крошынскага сельскага Дома культуры, а свята кавальства стане брэндам і ў хуткім часе будзе ўключана ў спіс абласных мерапрыемстваў.

    Пакуль на розных пляцоўках у парку гучалі песні ў выкананні творчых калектываў раёна і гасцей свята, выступалі фальклорныя і танцавальныя калектывы, можна было няспешна прайсці па «Рамеснай слабадзе Крашына». Вачэй было не адвесці ад створанага чалавечымі рукамі, якія, аказваецца, здатныя не толькі да плуга, сярпа ці касы – гэтага чалавеку мала. Ён абавязаны валодаць і якой-небудзь справай для душы, каб радаваць, цешыць сваім майстэрствам людзей. У звычайных будзённых рэчах з гліны, саломкі, жалеза, вырабах ткацтва і вышыванках выявіліся майстэрства, фантазія, мастацкі густ, узятыя ў спадчыну ад дзядоў, бабуль і бацькоў.

    «Ганчарны свет», «Дзівосы з дрэва», «Казкі з шкла», «Лазовыя карункі», «Народны ручнік як крыніца натхнення», «Госць, не дзьміся, еж, што ў місе», «Добры гаспадар рымар», «Дзе кветка – там і пчолка»… Хадзі па кірмашы-продажы, любуйся, бяры майстар-класы…

    Глечыкі для малака, гаршкі, заварнікі, талеркі, конаўкі, бутэлькі для алею ці віна – усё з гліны… Але я звярнуў увагу на нейкі слоік з… дзіркамі: навошта ён?

    – Гэта цыбульнік – для захавання цыбулі ці часнаку, – тлумачыць ганчар з Ганцавіч Віталь Шапялевіч. – Дзірачкі – каб паветра хадзіла…

    Аказваецца, Віталь скончыў Мірскае мастацкае вучылішча па спецыяльнасці ганчар, ужо сем год «месіць» гліну, якую капае ў вёсцы Гарадная Столінскага раёна, ачышчае ад розных галінак ды карэнчыкаў, або купляе ачышчаную ў Мінскай вобласці. А ў Ганцавіцкім раёне няма гліны, прыдатнай для вырабу посуду.

    Рознымі колерамі вясёлкі радуюць вока вышыванкі Зоі Зарэцкай з вёскі Русіно Баранавіцкага раёна. Майстэрства стварэння квяцістых ручнікоў, вышытых гладдзю і крыжыкам, ёй перадалося ад мамы і старэйшай сястры.

    – Дзесяць маіх ручнікоў вісяць на іконах у Русіноўскай царкве, – расказвае Зоя Паўлаўна. – Самы вялікі ручнік даўжынёй больш за два метры, бо ікона вялікая. Вышываю ручнікі тыдзень-два – я ўседлівая. Вышываю зімой, бо летам трэба агарод палоць.

    Свае вырабы з саломы дэманструюць прадстаўнікі Дома рамёстваў з вёскі Дарава Ляхавіцкага раёна. Майстар саломапляцення Надзея Гарко расказвае, чаму атрымліваюцца трывалымі іх капелюшы, кошыкі, какошнікі, цукерачніцы, кветкі – трэба ведаць, як салому запарваць, каб не ламалася.

    У класічным, гатычным, рэтрастылях выкананы жаночыя ўпрыгожанні рамесніцай з Баранавіч Юліяй Татарыновіч. Кулоны, кольцы, брошкі, падвескі, зробленыя са скуры, палімернай гліны, іншых матэрыялаў, выглядаюць даволі арыгінальна. А рамесніца Тамара Расцягаева, якая вяжа кручком і на спіцах, ўпэўнена, што такія панамкі, шапачкі, мітэнкі, шалікі, рукавічкі не вяжа больш ніхто ў Баранавічах.

    Дзятва ўчыніла вясёлы гармідар на гульнявой пляцоўцы «Вясёлка дзяцінства». А надакучыла скакаць на тым жа батуце – можна праехаць на брычцы ўздоўж Шчары – «У вазочку з вецярочкам, ды ў вёсачку трушком».

    Ва ўтульным куточку ў парку сабраліся бібліятэчныя работнікі Баранавіцкага і Лунінецкага раёнаў, якія сябруюць не першы год. З Лунінца прыехалі з дзесятак літаратараў – членаў аматарскага аб’яднання «Літаратурная правінцыя» і столькі ж членаў фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Надзея», які дзейнічае на базе бібліятэкі-клуба вёскі Кажан-Гарадок.

    – Асноўная мэта нашай пляцоўкі «Бібліятэчны марафон» – паказаць гісторыю сваёй малой радзімы, – расказала дырэктар Баранавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Лайша. – Таму мы падрыхтавалі вялікую фотагалерэю «Па сцежках роднага краю» і выстаўку «Бібліятэка – тэрыторыя для ўсіх», дзе прадставілі гісторыю кожнай вёскі нашага раёна, дзе ёсць бібліятэкі. Нашы бібліятэкары па крупінках сабралі гісторыю сваіх вёсак, сваіх бібліятэк, пачынаючы з тых часоў, калі былі яшчэ хаты-чытальні.

    На раённым свяце кавальства «Крашынскі перазвон» майстры атрымалі свае ўзнагароды. Але галоўнае, што, мусіць, кожны ўдзельнік і глядач адчуў крэўную, непарыўную сувязь з гісторыяй свайго народа, якая, узяўшы пачатак з глыбінь сівой даўніны, цягнецца ў дзень сённяшні. І парадаваліся, што не рвецца повязь пакаленняў.

    Теги: