Ёсць тысяча!

  • Анна Анішкевіч, Пастаўскі край 62/2019 от 03 августа 2019 05 августа 2019 11:09 Общество Беларуская

    Паведаміла раніцай у мінулы чацвер старшыня прафкамітэта ААТ «Камайскі-агра» Юлія Селівёрстава вадзіцелю Паўлу Кеўлічу. У лік першых тысячнікаў раёна Павел увайшоў другі год запар.

    — Былі такія плённыя дні, калі я перавозіў па 200 тон збожжа, — дзеліцца Павел. — Жалі каля Муляраў. Адлегласць з поля да зернясклада невялікая, ураджайнасць была высокая, бункеры камбайнаў New Holland, на якіх убіраюць Андрэй Сакалоў і Васілій Чабуранаў, змяшчаюць па 9 тон збожжа. Якраз столькі можа перавезці за адзін раз мой МАЗ. А калі з прычэпам — у два разы больш. Вось і махануў. Разгружаюся, прыязджаю ў поле — бункеры зноў поўныя. З азартам працавалася! З пачатку жніва прыкідваў, колькі тон перавожу. Потым сказалі, што зерне рапсу не ўлічваецца, толькі збажына. Перастаў лічыць. А тут старшыня прафкама паведаміла, што на маім рахунку — тысяча. Прыемна быць першым! Хоць і няпроста: на пяты наступаюць браты Вацлаў і Уладзімір Яцэвічы, рупяцца і іншыя.

    Як стала вядома пазней, тысячнікам стаў і вадзіцель ААТ «Хацілы-агра» Аляксандр Валодзічаў.

    Учора героі жніва прымалі віншаванні ад кіраўніка раёна Сяргея Чэпіка, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксея Філімонава, першага сакратара райкама БРСМ Веранікі Казлоўскай. Музычныя падарункі для Паўла Кеўліча падрыхтавалі і работнікі Камайскага сельскага Дома куль­туры.

    Тэкст і фота Анны Анішкевіч