Цудоўны дзень у фальварку мінулага

  • Людмила Ребковец, Полесская правда № 65 (13217) от 14 августа 2019 Скачать номер 13 августа 2019 16:01 КультураОбщество Беларуская

    Прыадчыняе – таму што немагчыма за раз паказаць усё змесціва такога ўяўнага куфэрка. Фальклорныя калектывы, гурты, народныя майстры з ўсяго раёна вязуць у вёску Мерчыцы лепшае. Дзейства адбываецца на тэрыторыі Цэнтра традыцыйнай культуры і побыту «Спадчына Палесся». Лепшае месца для такога мерапрыемства і ўявіць цяжка.

    Дарэчы, гісторыя «Фальварка мінулага» толькі пачынаецца, але мерапрыемства ўжо мае намер стаць культурным брэндам нашага раёна.

    «Свята, сапраўды, маладое, ладзіцца толькі другі год, – зазначае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людміла Галавач. – У мінулым годзе гэта было проста раённае фальклорнае свята, зараз жа – адкрыты рэгіянальны фальклорны фестываль. Мы працуем над тым, каб надаць яму больш шырокі маштаб, у гэтым годзе запрасілі да ўдзелу калектывы з Ганцавіцкага, Івацэвіцкага і Лунінецкага раёнаў. Таксама ў рамках свята прайшоў пленэр разьбяроў па дрэве. Майстры з усяе краіны на працягу тыдня працавалі ў Мерчыцах, ствараючы вобразы працаві-тага палешука. Госці фестываля змаглі паглядзець, якія цудоўныя драўляныя скульптуры ў іх атрымаліся».

    Безумоўна, архаічныя фігуры касца з яго прыгожай гаспадыняй, рыбака і працаўніка лесу ўпрыгожылі тэрыторыю Цэнтра традыцый-най культуры і побыту. Адкрываючы свята, намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Палхоўскі падзякаваў гасцям Піншчыны, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў – народным майстрам Беларусі Уладзіміру Чыквіну, Аляксандру Жураўлевічу, сябру народнага клуба майстроў «Скарбы зямлі лагойскай» Святаславу Няхайчыку, дэбютанту конкурсу разьбяроў Міхаілу Пранько.

    Пачаўся фестываль з шэсця творчых калектываў па вясковай вуліцы да сцэнічнай пляцоўкі. Затым творчыя калектывы раёна ўзялі ўдзел у конкурсе народнай творчасці, які прадугледжваў выкананне музыкі і песень, дэманстраванне абрадаў, святаў і танцаў.

    Церабень, Сташаны, Валішча, Лемяшэвічы, Ладараж, Ласіцк, Дабраслаўка і іншыя – кожнае выступленне артыстаў было яскравым, кожнае гледачы адорвалі цёплымі апладысментамі. Цяжкая задача стаяла перад журы – ацаніць тое, што не мае цаны. Усё ж з дапамогай прафесійных падыходаў былі выяўлены лепшыя выступленні. Так, у намінацыі «Песенная творчасць» дыплом пераможцы ўручылі фальклорнаму калектыву «Журавушка» Пасяніцкага СК (кіраўнік Ала Гаўрусік), лепшымі ў намінацыі «Народ-ная інструментальная творчасць» сталі гарманіст Мікалай Макарскі і выканаўца прыпевак Марыя Жук (Парэцкі ЦСДК, дырэктар Ніна Башчук), за лепшую дэманстрацыю абраду адзначаны народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Крыніцы» Пінкавіцкага СДК (Аляксандр Хаўстовіч), які паказаў момант абраду «Праводна нэділя», лепшымі танцорамі прызнаны народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Дударыхі» Валішчанскага СДК (Лукер’я Андрыевіч) і дзіцячы фальклорны калектыў «Вяночак» Боркаўскага СК (Галіна Банцэвіч).

    У гала-канцэрце паўдзельнічалі госці раёна – народны аўтэнтычны фальклорны калектыў «Хатовічы» (Ганцавіцкі раён), фальклорны калектыў «Гарталяначка» (Івацэвіцкі раён) і народны ансамбль народнай песні «Васілінкі» (Лунінецкі раён). Дыпломы пераможцам і гасцям уручылі члены журы – начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Людмі-ла Галавач і галоўны рэдактар рэдакцыі газеты «Палеская праўда» Віялета Падлужная.

    «Лічу, што ў суквецці культурных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нашым раёне, «Фальварак мінулага» – гэта найвялікшы самацвет, – адзначыла ў інтэрв’ю Віялета Падлужная. – Мне асабліва прыемна, як простаму жыхару Пінска, знаходзіцца на гэтым свяце з маімі бацькамі. Яны выраслі ў вёсцы і не на чутках ведаюць мясцовыя традыцыі – песні, абрады… Вельмі хвалююча дакрануцца да пры-гожай даўніны, якая пануе на фестывалі. Перад супрацоўнікамі культуры раёна і перад кожным з нас стаіць вельмі важная задача – захаваць багатую фальклорную спадчыну і перадаць маладому пакаленню».

    Вялікую працу ў гэтым накірунку праводзіць метадычны цэнтр раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, якую ўзначальвае Наталля Знавец. Рупліва над арганізацыяй свята папрацавалі супрацоўнікі цэнтра Галіна Рабцэвіч, Святлана Какауліна і іншыя. Праграмма фестываля прадугледжвала таксама этнадыскатэку «Скокі пад гармонік», выставу-продаж вырабаў майстроў, майстар-класы па традыцыйных відах рамёстваў, фальклорна-гульнёвыя пляцоўкі, гандаль «Беларускі гасцінец» ды іншае.