Стажыроўка ідэалагічных кадраў Магілёўскай вобласці прайшла на базе Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў

  • Святлана Магілеўчык, Зара над Друццю № 62 (10525) от 10 августа 2019 13 августа 2019 10:35 Общество Беларуская

    Двухдзённая стажыроўка ідэалагічных кадраў Магілёўскай вобласці прайшла 8-9 жніўня на базе Бялыніцкага і Круглянскага раёнаў.

    Варта адзначыць, што ідэалагічныя работнікі з усёй вобласці часта завітваюць у Бялынічы. Ёсць у нас чаму павучыцца і што паказаць гасцям, калегам.

    Тэмай гэтага мерапрыемства стала развіццё вопыту арганізацыі ідэалагічнай работы ў сістэме выхавання любові да малой радзімы, грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму.

    Напачатку перад стажорамі выступіла намеснік старшыні райвыканкама Ірына ФУРСАВА. Яна распавяла аб знакавых падзеях, якія адбываюцца ў нашым раёне, дасягненнях, аб’ектах сацыякультурнай і вытворчай сфер, што маюць вялікае значэнне для жыхароў Прыдруцкага краю, аб тым, якія ўмовы створаны для замацавання ў раёне маладых спецыялістаў. Таксама яна зрабіла акцэнт на тым, што ў наш раён вяртаюцца на працу яго ўраджэнцы, а гэта значыць, праца па выхаванні любові да малой радзімы дае свой плён.

    Аб тым, як наладжана ў раёне ідэалагічная работа, распавяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна ІГНАТОВІЧ.

    Бібліятэкар раённай бібліятэкі Алена ГРЫБАЙЛАВА пазнаёміла ўдзельнікаў стажыроўкі з творчым праектам “Таямніцы малой радзімы”, які рэалізуецца падчас правядзення штомесячных дзён інфармавання. Яна адзначыла, што дзякуючы гэтым гістарычным нататкам у жыхароў нашага раёна павысілася цікаўнасць да гісторыі роднага краю.

    З прыгожымі творчымі нумарамі выступілі перад гасцямі маладыя супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры.

    Наступным пунктам наведання ідэолагаў стала праваслаўная царква ў гонар Бялыніцкай іконы Божай Маці. Прыхаджане храма правялі для іх тэматычную экскурсію і распавялі аб рэлігійным жыцці Бялыніччыны з далёкай мінуўшчыны па сённяшні час.

    Не менш цікавым было знаёмства з ідэалагічнай работай, якая праводзіцца ў БУКП “Жылкамгас”. Гэта прадпрыемства зарэкамендавала сябе ўстановай высокай карпаратыўнай культуры. Перад стажорамі выступіў намеснік дырэктара жылкамгаса па ідэалагічнай рабоце Аляксандр АСІПЁНАК. Ён распавёў у тым ліку і аб магчымасцях, якія выкарыстоўвае арганізацыя, каб замацаваць работнікаў на сваіх рабочых месцах.

    – Дзякуючы гаспадарчаму падыходу да арганізацыі працы асобных служб удалося знізіць шэраг выдаткаў, што ў сваю чаргу стварыла магчымасць арганізоўваць карпаратыўныя мерапрыемствы, сямейныя святы, спаборніцтвы па летняй і зімовай рыбалцы, матэрыяльна стымуляваць лепшых працаўнікоў, – сказаў Аляксандр Мікалаевіч.

    Пабывалі ўдзельнікі стажыроўкі і ў раённым мастацкім музеі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі. І нават паспрабавалі свае сілы ў майстар-класе па вырабе барэльефаў, які правёў для іх Алег КАВАЛЁЎ, і стварэнні лялек-абярэгаў разам з народнай майстрыхай Ірынай КАСЦОВАЙ.

    На наступны дзень для ідэалагічных работнікаў-удзельнікаў стажыроўкі прайшла не менш насычаная праграма мерапрыемстваў у горадзе Круглае.

    Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

    Фота аўтара.

    Теги: 
    • {Нет тегов}