Змагаліся за званне “Уладара сяла”

  • Ірына Міклаш, Бераставіцкая газета № 65 от 20 августа 2019 Скачать номер 20 августа 2019 11:17 Общество Беларуская

    17 жніўня ў аграгарадку Пархімаўцы Бераставіцкага раена прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла-2019». Арганізатарамі выступілі раённы камітэт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

    Наша дзяржава надае вялікую ўвагу маладым сем’ям, якія жывуць і працуюць у сельскай мясцовасці. Гэтаму пацвярджэнне і праект «Уладар сяла», які рэалізуе Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Ён накіраваны на папулярызацыю сельскагаспадарчай дзейнасці, замацаванне маладых сем’яў у сельскай мясцовасці, умацаванне сямейных традыцый і адра­джэнне працоўных дынастый. Удзел у гэтым сямейным праекце таксама спрыяе актывізацыі работы па ўпарадкаванню індывідуальных сельскіх падвор’яў,   фарміраванню ў моладзі пачуцця патрыятызму, а таксама павагі і любові да сельскагаспадарчых прафесій. Вось і сёлета пасля збору ўраджаю збожжавых у Пархімаўцах сабраліся маладыя сем’і, якія не па чутках ведаюць, як здабываецца хлеб, працуюць у сельскагаспадарчых арганізацыях раёна, вядуць уласную гаспадарку, знаходзяць час для творчасці,  сваімі рукамі робяць прыгожымі і ўтульнымі  свае дамы і прысядзібныя ўчасткі, падаючы годны прыклад сваім дзецям і аднавяскоўцам.   За ганаровае званне называцца  лепшай сельскай сям’ёй Бераставіччыны  ў гэтым годзе вырашылі пазмагацца тры  сям’і: Пракапчук з аграгарадка Вялікія Эйсманты, Пяцельчыц з аграгарадка Канюхі і Сабалеўскіх з аграгарадка Пархімаўцы.Падтрымаць канкурсантаў прыехалі іх блізкія і знаёмыя, а таксама шматлікія жыхары  Пархімаўцаў, якія сабраліся ў парку аграгарадка.Яшчэ да пачатку конкурснай праграмы сем’і-ўдзельнікі разгарнулі выставы сваіх  дасягненняў, творчых работ і любімых сямейных страў, якімі яны потым з задаваленнем частавалі журы і гледачоў. А ўжо больш блізка ўдзельнікі праекта  прадставілі сябе ў конкурсе «Давайце пазнаёмімся», дзе яны ў творчай форме расказвалі пра сябе, свае захапленні, дэманстравалі свае здольнасці і ўменне выступаць дружнай камандай.Першымі на сцэну выйшлі  Васілій і Алена Пракапчукі з аграгарадка Вялікія Эйсманты. Муж і жонка працуюць у КСУП «Варанецкі», Васілій — упраўляючы аддзяленнем МТК «Мацеевічы», а Алена – ветэрынарны урач  СТК «Рэмуцеўцы». У сям’і падрастае  чатырохгадовы сын Глеб.А вось у наступных кан­курсантаў — Валяр’яна і  Вікторыі Пяцельчыц з Канюхоў — сям’я значна большая, у ёй выхоўваецца чацвёра дзетак: сыны Мікіта і Уладзіслаў, дочкі Сняжана і Анастасія. Тата працуе загадчыкам участка КСУП «Макараўцы», а мама пакуль што знаходзіцца ў водпуску па доглядзе малодшай дачкі Анастасіі, якой споўнілася толькі шэсць месяцаў. Сям’я Сабалеўскіх у аграгарадок Пархімаўцы прыехала нядаўна. Тата Ігар стаў працаваць галоўным ветэрынарным урачом у КСУП «Пархімаўцы», а мама Ганна — тэхнікам па ідэнтыфікацыі і ўліку жывёлы. На сцэне яны выступалі разам з трохгадовым сынам Робертам, які актыўна спрабаваў падпяваць маме і тату.Пасля прадстаўлення візіт­ных картак сем’і адправіліся ўдзельнічаць у конкурсе «Дрывасек», дзе муж і жонка  распілоўвалі бервяно, потым муж рубаў дровы, а жонка складала акуратныя паляніцы, і зрабіць гэта трэба было максімальна хутка.У наступным конкурсе — «Сіў­ка-бурка» — маладыя сем’і прадэ­манстравалі, як яны ўмеюць абыходзіцца з хатняй жывёлай, паказалі ўменне запрагаць і распрагаць каня. І хоць штодня ім не прыходзіцца гэтага рабіць, але тым не менш і з гэтым заданнем усе справіліся на «выдатна».У сельскай спартыўнай эстафеце ўсе ўдзельнікі паказалі свой спрыт, хуткасць і нязломнае імкненне да перамогі. Завяршаючым этапам выпра­баванняў стаў конкурс «Майстар», у якім таты мелі магчымасць паказаць, што яны майстры на ўсе рукі, і вырубаць з дапамогай сякеры дошку-стальніцу.Гледачы актыўна пад­трымлівалі і падбадзёрвалі канкурсантаў, асабліва хваляваліся за сваіх бацькоў самыя маленькія ўдзельнікі праекта.Пры падвядзенні вынікаў журы ацэньвала і відэаролік, які сем’і спецыяльна падрыхтавалі, каб паказаць усю прыгажосць свайго сельскага падворка.  Вядома, кожная сям’я імк­нулася да перамогі, розніца паміж баламі канкурсантаў часта была мінімальнай. Але тым не менш, удача на гэты раз, як кажуць, усміхнулася сям’і  Пяцельчыц, менавіта яна і стала пераможцай раённага этапу рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла-2019». Каштоўны падарунак – мікрахвалёўку — ёй уручыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Апон. Другое месца заняла сям’я Пракапчук, трэцяе месца дасталося сям’і Сабалеўскіх. Граматы і падарункі яны атрымалі ад раённага камітэта БРСМ.31 жніўня сям’я Пяцельчыц будзе ўдзельнічаць у абласным этапе рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар сяла-2019», які пройдзе ў Слоніме.

    Фота аўтара