“Настаўніцкая акадэмія” – ў Вялікай Бераставіцы

  • Микалай Пацэнка, Бераставіцкая газета № 68 от 31 августа 2019 Скачать номер 02 сентября 2019 16:25 Общество Беларуская

    За сваё жыццё мне часта даводзілася сустракацца з многімі настаўнікамі з розных раёнаў Гродзеншчыны. Сярод іх былі і праслаўленыя педагогі з дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі званнямі. І, калі гутарка заходзіла аб першапачатковай адукацыі, многія з іх ганарліва адказвалі: закончылі “настаўніцкую акадэмію” ў Вялікай Бераставіцы. Думаецца, што аб гэтай “акадэміі”  і са старэйшага пакалення мала хто памятае, не гаворачы ўжо пра маладых. 

    І сапраўды ў Бераставіцы была педагагічная навучальная ўстанова. Называлася яна больш сціпла — “педагагічнае вучылішча”, якое праіснавала ўсяго толькі чатыры гады. Але за гэты час яго закончылі амаль чатырыста чалавек. Для многіх з іх гэта ўстанова стала сапраўднай акадэміяй не толькі навуковай, але і жыццёвай. Яна дала пуцёўку ў адказную і запатрабаваную прафесію, навучыла першым крокам самастойнага жыцця.

    Стварэнню вучылішча ў Бе­ра­ставіцы садзейнічалі такія акалічнасці. 25 снежня 1962 года Бераставіцкі раён, як і многія іншыя раёны вобласці і рэспублікі, быў ліквідаваны. Яго тэрыторыя была далучана да Свіслацкага раёна. А ў сакавіку 1963 года Савет Міністраў БССР прыняў рашэнне аб адкрыцці ў Вялікай Бераставіцы педагагічнага  вучылішча. Для патрэб новай навучальнай установы было вырашана перадаць былыя будынкі Бераставіцкага райкома партыі, райвыканкама, ваенкамата, Бераставіцкага аддзялення Дзяржбанка і раённага аддзела міліцыі.

    Дырэктарам вучылішча быў назначаны былы намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама, настаўнік па прафесіі Павел Паў­лавіч Мамчыц.

    Ён потым пэўны час працаваў дырэктарам Ваўкавыскага пед­вучылішча, у якое ў 1966 годзе было рэарганізавана Бераставіцкае педвучылішча. Мне давялося неаднаразова сустракацца з ім. Вось што ён расказваў.

    — Пабыў я на субяседаванні ў тагачаснага міністра асветы БССР Мінкевіча і ў аддзеле школ ЦК КПБ. І ўсюды задаваў пытанне: як быць? Пастанова аб адкрыцці педвучылішча ёсць, дырэктар быццам бы таксама ёсць, будынкі выдзелены, але вучэбных класаў няма, спецыяльныя аўдыторыі і абсталяванне для іх адсутнічаюць, педагагічны калектыў не ўкамплектаваны, мэблі для інтэрната і для навучальных класаў няма, грошай пакуль што таксама няма. А праз чатыры месяцы ўжо трэба прымаць уступныя экзамены…

    Ва ўсіх кабінетах абяцалі дапамагчы. І, канечне, дапамагалі. Гродзенская мэблевая фабрыка атрымала заказ на выраб вучэбных сталоў, спальнай мэблі для нашага інтэрната. Заняліся мы і падборам педагагічных кадраў. Намеснікам дырэктара па вучэбнай частцы быў назначаны Сяргей Аляксандравіч Бандарэнка, вопытны педагог, выдатны арганізатар, добры і чулы чалавек. Ён захапляўся паэзіяй і сам пісаў неблагія вершы на беларускай мове. Верш пра Бераставіцу мясцовым кампазітарам нават быў пакладзены на музыку. 

    Ужо ў канцы мая  ў Свіслацкай раённай газеце “Заветы Ильича”  (Бераставіччына тады ўваходзіла ў Свіслацкі раён) паявілася аб’ява, што Бераставіцкае педагагічнае вучылішча ўпершыню прымае 120 студэнтаў на першы курс на 1963-64 навучальны год.

    У аб’яве раз’яснялася, што вучылішча рыхтуе настаўнікаў пачатковых класаў на базе сярэдняй адукацыі. Уступныя экзамены праводзяцца па рускай мове (дыктант), рускай мове і літаратуры (вусна) і арыфметыцы. Тэрмін навучання 2 гады. Студэнты забяспечваюцца інтэрнатам і стыпендыяй.

    Сфарміраваўся і педагагічны калектыў. Беларускую мову і літаратуру выкладала выпускніца Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы Ядвіга Баляславаўна Навумовіч, рускую мову і літаратуру – выпускнік Беларускага Дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна Станіслаў Іосіфавіч Зубрыцкі, Майя Ільінічна Плікус (Жыцелева), Тамара Іванаўна Зданчук,  супругі Раманенкі, Эмма Васільеўна Бадзьян, Віталій Уладзіміравіч Юрэчка выкладалі асновы музычнай культуры, выразнаму чытанню  вучыў Віктар Аляксандравіч Губіч, Аркадзій Аляксандравіч Гамза выкладаў матэматыку, Антаніна Аляксандраўна Канановіч – педагогіку, Аляксандра Фролаўна Гаховіч – замежную мову, выкладчыкамі працы былі Георгій Аляксандравіч Гулінскі і Ларыса Аляксееўна Васільева, фізкультуры – Міхаіл Аляксеевіч Леваненя.  Вучылішча было сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця не толькі Вялікай Бераставіцы, але і Бераставіцкага рэгіёна ды, бадай, і ўсяго Свіслацкага раёна.

    Былая выкладчыца Ядвіга Навумовіч расказвала.

    — У 1964 годзе напярэдадні  Між­народнага жаночага дня на сцэне Дома культуры ў г.п.В. Бераставіца быў паказаны спектакль па п’есе Я. Купалы “Паўлінка”. Яго паставілі выкладчыкі і студэнты Бераставіцкага педвучылішча. У зале не хапала месцаў для гледачоў, якія дзякавалі самадзейным артыстам бурай апла­дысментаў. Галоўныя ролі ў спектаклі выконвалі: Паўлінкай была выкладчыца вучылішча Ядвіга Навумовіч, роль Якіма выконваў выкладчык Віктар Губіч, роль Пранцыся Пустарэвіча – студэнт Канстанцін Богуш. Спектакль паставіла рэжысёр, выкладчык вучылішча Антаніна Канановіч.

     Па просьбе жыхароў Бераставіцы самадзейныя артысты паказалі спектакль на Бераставіцкай сцэне яшчэ раз — 8 сакавіка.

    А праз тыдзень яны ўжо выступалі ў Свіслацкім раённым Доме культуры. Узнагародай для самадзейных артыстаў былі вялізны букет кветак і гарачыя апладысменты гледачоў.

    Хочацца асобна адзначыць прыродны талент і ўменне мастацкага пераўвасаблення двух выканаўцаў роляў у гэтым спектаклі – выкладчыка Віктара Аляксандравіча Губіча і студэнта Канстанціна Богуша. Канечне, Віктар Губіч меў ужо спецыяльную прафесійную адукацыю. Ён скончыў Гродзенскае культасветвучылішча і Маскоўскі інстытут культуры. Як кажуць, па Сеньку і шапка. А вось студэнт Канстанцін Богуш – гэта сапраўдны мясцовы самародак. Пасля заканчэння Паўлюшскай школы, дзе ён прымаў актыўны ўдзел у школьнай самадзейнасці, на Бераставіцкай сцэне ён так таленавіта выканаў ролю Пранцыся Пустарэвіча, што мы яму прапаноўвалі пасля заканчэння вучылішча паступаць у Мінскі тэатральны інстытут.

     Жыхарка Вялікай Бераставіцы Валянціна Раманчук, былая студэнтка педвучылішча, успамінае. 

    — Дырэкцыя і камітэт камсамола вучылішча прынялі рашэнне ў сувязі з Міжнародным жаночым днём занесці на Дошку гонару лепшых студэнтак, якія выдатна вучацца, актыўна ўдзельнічаюць у рабоце камсамольскай арганізацыі. Сярод іх і бераставічанкі Тамара Казлова, Данута Плоцкая і Валянціна Раманчук.

    А Тамара Казлова, таксама былая студэнтка гэтага ж вучылішча, расказала аб тым, як у  Бераставіцкім кінатэатры “Радзіма” прайшла прэм’ера новага мастацкага фільма “Крыніцы”, пастаўленага кінастудыяй “Беларусьфільм” па аднайменнаму раману Івана Шамякіна. Па ініцыятыве дырэкцыі педвучылішча і камітэта камсамола на прэм’еру былі запрошаны і выступілі перад гледачамі пісьменнік Іван Шамякін і рэжысёр-пастаноўшчык Іосіф Шульман, вядомы гледачам па фільмах “Шчасце трэба берагчы”, “Чалавек не здаецца” і іншых. Пасля прагляду кінастужкі  ў абмеркаванні кінарамана прынялі ўдзел дырэктар педвучылішча Пётр Мамчыц, выкладчыкі Ядвіга Навумовіч і Віктар Губіч, старшыня мясцовага калгаса Іван Рыбін і іншыя.       

     Калектывы мастацкай сама­дзейнасці педвучылішча неаднаразова прымалі ўдзел у абласных аглядах народнай творчасці. Адзін з актыўных удзельнікаў гэтых аглядаў Канстанцін Богуш расказваў аб выступленні вясной 1965 года на сцэне Гродзенскага абласнога Дома палітычнай асветы (цяпер будынак філалагічнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы). Тут праходзіў абласны агляд мастацкай самадзейнасці Гродзеншчыны. Удала выступіў на аглядзе хор нашага Бераставіцкага педвучылішча (мастацкі кіраўнік, выкладчык вучылішча Віталій Юрэчка), які выканаў песню кампазітара Фляркоўскага “Родина Ленина”, а таксама беларускія народныя песні “Ты, чырвоная каліна” і “Карагодная”. 

    Значную ўвагу гледачоў і журы прыцягнула выступленне дуэта ў складзе выкладчыкаў вучылішча Віктара Губіча і Віталія Юрэчкі. Журы высока ацаніла выступ­ленне самадзейных артыстаў Бераставіцкага педвучылішча. Многія нумары выконваліся ў заключным канцэрце абласнога агляду мастацкай самадзейнасці.

    Успамінае настаўніца Кватарскай сярэдняй школы, былая студэнтка педвучылішча Тэрэза Будзіловіч.

      — У той час у вучылішчы дзейнічаў літаратурны гурток, які ўзначальваў завуч Сяргей Аляксандравіч Бандарэнка. Ён сам пісаў вершы, друкаваўся ў раённай, абласной і рэспубліканскіх газетах. У гуртку былі тыя студэнты і выкладчыкі, якія спрабавалі свае сілы ў паэзіі ці прозе. Прыкметна выдзяляўся сваімі гумарэскамі Іван Кіслы, які потым працаваў журналістам.

    Па ініцыятыве ўдзельнікаў літаратурнага гуртка  і камітэта камсамола педвучылішча вясной 1965 года ў пасялковым Доме культуры прайшла сустрэча з вядомымі беларускімі пісьменнікамі Васілём Быкавым і Аляксеем Карпюком, якія жылі і працавалі ў Гродне. А гурткоўцы прачыталі свае літаратурныя пробы, якія прыхільна былі сустрэты  гасцямі і ўсімі прысутнымі.

    Літаратурны гурток Бера­ставіцкага педвучылішча таксама рэгулярна выпускаў насценную газету  “Голоса молодых”, у якой публікаваліся вершы і проза студэнтаў.

    Практыку бераставіцкія студэнты праходзілі ў Ваўкавыскім, Свіслацкім і Бераставіцкім раёнах. Як успамінае былы вучань Карпаўскай пачатковай школы Сяргей Хілюта, студэнты-практыканты за выдатны адказ ставілі пяцёрку і ўручалі падарунак — каляровую паштоўку. 

    У ліпені 1965 года празвінеў апошні званок у Бераставіцкім педвучылішчы для першага выпуску. 120 яго выпускнікоў атрымалі прафесію педагога. Сярод іх – ураджэнцы Міншчыны, Гомельшчыны, Віцебшчыны і, канечне, Бераставіччыны. Дарэчы, пры паступленні конкурс быў 3 чалавекі на месца. 

    Урачысты вечар, прысвечаны першаму выпуску  педвучылішча, прайшоў у Бераставіцкім пасялковым Доме культуры. Выпускнікоў сардэчна віншавалі дырэктар          П.П. Мамчыц, сакратар Свіслацкага райкама партыі А.А. Дземянцей, выкладчыкі Я.Б. Навумовіч,  В.А. Губіч і іншыя.      

     На вечары пад гукі духавога аркестра выпускнікам былі ўручаны дыпломы і кветкі, а потым быў святочны канцэрт. Выпускнікі раз’ехаліся па ўсіх абласцях Бела­русі і павезлі з сабою добрую памяць аб Вялікай Бераставіцы, аб вучобе ў вучылішчы, дзе атрымалі пуцёўку ў жыццё.

     На наступны 1964-65 навучальны год у Бераставіцкім педвучылішчы ўжо было прынята на  першы курс 180 студэнтаў: палавіна з іх – на базе сярэдняй школы, а астатнія – на базе васьмігодкі. Конкурс  на месца -  12 чалавек.

    Вучылішча было цэнтрам не толькі культурнага, але і спар­тыўнага жыцця Бераставіцы. Студэнты неаднаразова выходзілі пераможцамі раённых і абласных спаборніцтваў, прымалі ўдзел і ў рэспубліканскіх турнірах, і алімпіядах.   

     На базе Бераставіцкага пед­вучылішча ў 1965 годзе праводзіліся абласныя фінальныя сельскія спартыўныя гульні, якія праходзілі два дні пад дэвізам “Алімпійскі год не толькі для алімпійцаў”. У спаборніцтвах па валейболу сярод мужчын і па лёгкай атлетыцы сярод жанчын пераможцамі сталі  каманды нашага педвучылішча.

    Надоўга запомніўся не толькі студэнтам, а і ўсім жыхарам Бераставіцы другі выпускны вечар гэтага вучылішча, які стаў і апошнім.

    Пад гукі духавога аркестра студэнты прайшлі святочнай калонай па цэнтральных вуліцах пасёлка, усклалі кветкі да помнікаў У.І. Ле­ніну і загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, далі ўрачыстую клятву на вернасць Айчыне і сваёй прафесіі, якую атрымалі ў Бераставіцкім педвучылішчы. 

     У  пасялковым Доме культуры цёпла віншавалі выпускнікоў старшыня Дзяржаўнай камісіі, начальнік аддзела Міністэрства асветы БССР А.І. Гурскі, першы сакратар Свіслацкага райкама камсамола І.К. Ярмашчук, класны кіраўнік С.І. Зубрыцкі і  іншыя.

    Затым пад гукі духавога аркестра выпускнікам былі ўручаны дыпломы і кветкі. Лідзія  Трасцінская і Тамара  Жданеня атрымалі дыпломы з адзнакай “выдатна”. 

    Ніхто яшчэ тады не ведаў – ні студэнты, ні выкладчыкі, ні жыхары Бераставіцы, што развітваюцца з вучылішчам назаўсёды. Студэнтам пасля летніх канікулаў не давядзецца вярнуцца ў гэты мілы сэрцу куточак, а бераставічанам не прыйдзецца назіраць за цікавым жыццём непаседлівай студэнцкай моладзі Бераставіцкай “настаўніцкай акадэміі”. 30 ліпеня 1966 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў адноўлены Бераставіцкі раён. А Бераставіцкае педвучылішча было пераведзена ў Ваўкавыск, дзе працуе і да цяперашняга часу.

    Навуковы супрацоўнік музея Вавёркі