У памяць аб тых, хто здабываў Перамогу…

  • Святлана МАГІЛЕЎЧЫК, Зара над Друццю № 81 (10544) от 16 октября 2019 16 октября 2019 08:40 Общество Беларуская

    Эстафету рэспубліканскай акцыі памяціУ славу агульнай Перамогіпрынялі Бялынічы.

    Урачысты мітынг у гонар абаронцаў і вызваліцеляў раёна прайшоў у самым знакавым для ўсіх жыхароў раёна месцы – на алеі Герояў у Ліпавым гаі. Тут у брацкай магіле пахаваны 348 чырвонаармейцаў і партызанаў, а таксама Герой Савецкага Саюза Барыс ХІГРЫН, тут устаноўлены помнікі знакавым асобам, якія пакінулі важны след у жыцці Прыдруцкага краю.

    На мерапрыемства завіталі намеснік старшыні Магаблвыканкама Валерый МАЛАШКА, старшыня райвыканкама Васіль ЗАХАРЭНКА і намеснік яго Ірына ФУРСАВА, протаіерэй, настаяцель царквы ў гонар іконы Маці Божай Бялыніцкай айцец Сергій, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў раёна, вучні школ.

    Незадоўга да гэтага жыхары раёна, школьнікі, актывісты грамадскіх аб’яднанняў пабывалі ў 124 месцах пахаванняў,  у якіх знайшлі свой прытулак больш за пяць тысяч воінаў і мірных жыхароў, загінулых у гады Вялікай  Айчыннай вайны, а таксама на мемарыяльным комплексе “Стэфанова”, узведзеным на месцы спаленай фашыстамі вёскі. З кожнага пахавання яны ўзялі па жменьцы зямлі, якую затым змясцілі ў агульную капсулу.

    Перад цырымоніяй закладкі зямлі старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка адзначыў, што праз 75 гадоў з дня Вялікай Перамогі цяперашняе пакаленне не мае права забыць тых, хто змагаўся за Радзіму ў час вайны на франтах, у падполлі, у партызанскіх атрадах, працаваў тыле, падымаў гарады і вёскі з руін.

    – На жаль, з кожным годам відавочцаў тых падзей становіцца ўсё менш, – сказаў Васіль Аляксеевіч. – Адзіным сведкам застаецца зямля з воінскіх пахаванняў. Менавіта яна будзе нагадваць аб гераізме нашага народа ў гады Вялікай  Айчыннай вайны.

    Права запоўніць капсулу зямлёй з воінскіх пахаванняў было прадастаўлена старшыні РА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Віктару ПАДОЛЬСКАМУ і вучаніцы СШ № 1 імя М.І. Пашкоўскага Ліі ЗАЙЦАВАЙ, старшыні райсавета ветэранаў Яўгену ЧАРНЯКОВУ і вучаніцы СШ № 2 райцэнтра Юліі ПАРФЯНОВІЧ, старшыні пярвічнай арганізацыі ветэранаў ОУС і УВ Аляксандру ЮШКЕВІЧУ і вучаніцы Кудзінскай БШ Вікторыі АСТАФ’ЕВАЙ, кіраўніку пошукавага атрада “Следапыт” Анатолю МАРОЗАВУ і вучню Свяцілавіцкага ВПК ДС СШ Віктару МУРАЎЁВУ, актывісту РК ГА “БРСМ” Ільі ЦІКУНОВУ і вучаніцы Машчаніцкай СШ Ганне СІДАРОВІЧ, выконваючаму абавязкі старшыні Вішоўскага сельвыканкама Дзмітрыю КАРПІКАВУ і вучню Вішоўскай СШ Ільі САВЕЛЬЕВУ, дырэктару Цяхцінскага ВПК ДС СШ Аляксандру МАМЧАНКУ і вучню гэтай установы Сцяпану САМУЛЁВУ, старшыні РА ГА “Беларускі фонд міру” Таццяне МЯКШЫНАЙ і вучаніцы Запольскай СШ Сняжане ДАШКЕВІЧ.

    Пасля таго як капсула напоўнілася яе асвяціў айцец Сергій.  9 мая будучага года яна знойдзе сваё месца ў крыпце Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску.

    Некалькі слоў на дарогу каштоўнай рэліквіі выказаў намеснік старшыні Магаблвыканкама Валерый Малашка. Ён распавёў пра важнасць захавання гістарычнай памяці ўсімі жыхарамі нашай краіны і дадаў, што ў Бялынічах гэта робіцца на высокім узроўні. Таксама ён узгадаў, што ў наступным годзе наш горад будзе прымаць важнае рэспубліканскае свята – ХХVІІ Дзень беларускага пісьменства, таму многія знакавыя месцы райцэнтра, у тым ліку і алея Герояў, будуць рэканструяваны. І памяць, захаваная не толькі ў метале і камені, але і ў зямлі, застанецца на многія-многія пакаленні.

    Напрыканцы ўрачыстага мітынгу цішыню Ліпавага гая ўзрушылі гукі метранома. Хвілінай маўчання ўшанавалі людзі новых пакаленняў, якія не ведалі вайны, усіх загінулых – тых, хто здабываў для нас Перамогу.

    Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

    Фота аўтара.

     

    Теги: 
    • {Нет тегов}