Працаўнікі арганізацый і ўстаноў Прыдруцкага краю, жыхары раёна прынялі ўдзел у мерапрыемствах абласнога суботніка

  • Аліна Цыганій, Зара над Друццю № 83 (10546) от 23 октября 2019 24 октября 2019 08:34 Общество Беларуская

    Працаўнікі арганізацый і ўстаноў Прыдруцкага краю,  жыхары раёна прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах абласнога суботніка па азеляненні і навядзенні парадку на зямлі.

    Працоўны дэсант райвыканкама, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, ФАКу “Друць”, жылкамгаса, рэдакцыі раённай газеты “Зара над Друццю” і іншых арганізацый займаўся работамі па азеляненні тэрыторый каля вуліц Мінская, Задруцкая і Мічурына райцэнтра. Уздоўж новага мікрараёна па вуліцы Мінская, збоку ад дарогі, неўзабаве вырасла цэлая алея маладых бярозак, а на Задруцкай пасяліліся маладзенькія сосны. Пасадачны матэрыял быў прадастаўлены ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас”. Дарэчы, самі работнікі лясгаса ў суботу актыўна папрацавалі на ачыстцы лясоў раёна ад захламленасці. Да іх далучыліся калектывы райЦГЭ на чале з галоўным урачом Аленай ДАМАРАЦКАЙ, райінспекцыі ПРіАНА і міжрайаддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз.

    Усяго ў акцыі “Чысты лес” прынялі ўдзел больш за 300 працаўнікоў лясгаса і 74 – з іншых арганізацый. Прыбрана з ляснога фонду 6 м3 смецця і 40 м3 хламу, дапоўнены ляснымі культурамі 1,3 га пасадак новага лесу.

    – У рамках мерапрыемстваў па азеляненні тэрыторый у нашым раёне высаджана 1455 дрэў, – паінфармавала карэспандэнта раённай газеты начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Галіна ПАНЦЯЛЕЕВА. – У сельскай мясцовасці – 435, горадзе – 385. Яшчэ 570 дрэў пасадзілі вакол аўтадарог працаўнікі ДЭУ-74 і 65 – ДРСУ-170. Дэкаратыўныя дрэвы і кустарнікі па вуліцы Мічурына райцэнтра высадзілі работнікі жылкамгаса.

    Таксама Галіна Рыгораўна дадала, што ў суботу калектывы арганізацый і ўстаноў раёна актыўна наводзілі парадак на замацаваных тэрыторыях і ў грамадскіх месцах, аб’ектах сацыяльнай сферы, у месцах масавага адпачынку, вакол помнікаў і пахаванняў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

    На Магілёўшчыне ў мерапрыемствах абласнога суботніка па азеляненні і навядзенні парадку на зямлі прынялі ўдзел каля 15 тысяч чалавек.  Яны пасадзілі больш за 50 тысяч маладых дрэў.

    Старшыня Магаблвыканкама Леанід ЗАЯЦ падкрэсліў, што асноўная мэта суботніка – зрабіць нашы населеныя пункты прыгажэй, таму трэба аб’яднаць у важнай справе навядзення парадку на малой радзіме намаганні ўлады і насельніцтва. А талакой лёгка выканаць любую працу.

    Аліна ЦЫГАНІЙ.

    Фота аўтара, прадастаўленыя ДЛГУ “Бялыніцкі лясгас” і БУКП “Жылкамгас”.

    Теги: 
    • {Нет тегов}