Пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019» пра галоўнае ў сямейным шчасці

  • Нэлі Зігуля, Звязда Звязда от 23 октября 2019 Скачать номер 23 октября 2019 05:46 Общество Беларуская

    Палац, прэстыжнае аўто, вялікая зарплата — вы ўсё яшчэ думаеце, што гэта галоўнае ў сямейным шчасці? Тады паслухайце, што пра гэта кажуць пераможцы конкурсу «Сям'я года — 2019»

    Алена і Сяргей Нікалаевы, а таксама іх пяцёра дзяцей усё яшчэ пад уплывам сваёй трыумфальнай перамогі. Прызнаюцца, што вельмі спадзяваліся на гэта, але цвяроза ацэньвалі свае шанцы. Яны ж разумелі, што ў фінал выйшлі найлепшыя сем'і з найлепшых. І ўжо нават паміж сабой прысудзілі першае месца сям'і з Мінска. Але фартуна распарадзілася інакш...

    <hr />

    Музыка іх звязала

    Іх выступленне сапраўды было відовішчнае — прыгожыя, натхнёныя, умеюць трымацца на сцэне. Здавалася, што выступае прафесійны калектыў, а не асобна ўзятая сям'я. Наогул, Нікалаевы на конкурс трапілі выпадкова. Першапачаткова стаўка рабілася зусім на іншых, але па сямейных абставінах у тых нешта не атрымалася. Замест іх выступілі Нікалаевы і сталі абсалютнымі пераможцамі на раённым этапе. На гарадскім іх, праўда, пасунулі на трэцяе месца, але на вобласці ім зноў прысудзілі бясспрэчнае першае.

    Усе ў сям'і так ці інакш звязаны з творчасцю. Алена, напрыклад, у юнацтве танцавала, Сяргей закончыў музычную студыю, усе іх дзеці, пачынаючы ад малодшых Аляксандры і Станіславы і заканчваючы старэйшымі — Уладзіславам, Алесяй і Андрэем — выхаванцы эстраднай студыі «Эрыдан» Цэнтра творчасці «Эверэст». Удзельнічалі ў розных конкурсах і фестывалях і не раз. Плюс усе іграюць на розных музычных інструментах. Разам сям'і выступаць не прыходзілася, а тут выпаў такі добры шанц. Адтачыць майстэрства дапамагла настаўнік па вакале, кіраўнік эстраднай студыі «Эрыдан» Юлія Зубрыцкая. Дарэчы, на сцэне з імі выступала каля 40 чалавек масоўкі — гэта непасрэдныя сябры сям'і і прыхільнікі іх талентаў. На фінальнае выступленне ў Мінск Нікалаевых збіралі, лічы, усім горадам — адны забяспечвалі парадамі, другія грашыма, трэція транспартам.

    З Магілёва ў сталіцу сям'ю, іх памочнікаў і неабходны рэквізіт везлі аж два мікрааўтобусы. Дзякуй за падтрымку ААТ «Магілёўхімвалакно», прадпрыемству, дзе працуюць адначасова тры члены вялікай сям'і — Сяргей, яго старэйшая дачка Алеся, а цяпер яшчэ і сын Андрэй. Генеральны дырэктар Пётр Руднік асабіста праяўляў клопат. Вельмі дапамагла са сцэнарыем Таццяна Капёнкіна, загадчыца ясляў — дзіцячага садка № 73 — Алена там працуе памочнікам выхавальніка. Уласна яна і прапанавала сваёй супрацоўніцы паказаць сябе і сваю сям'ю. Падтрымку аказвалі адміністрацыя Кастрычніцкага раёна, Магілёўскі гарвыканкам і іншыя. Дарэчы, конкурс праводзіцца ў краіне чацвёрты раз і прадстаўнікі Магілёва ўжо другі раз становяцца ўладальнікамі прэстыжнага статусу «Сям'я года». У першым конкурсе перамагла сям'я Глазковых. Дарэчы, сёлета яна таксама спрабавала пацвердзіць свой тытул, але Нікалаевы аказаліся больш удачлівымі. Затое Глазковы былі на фінальным конкурсе іх самымі адданымі балельшчыкамі.

    На конкурсе Алена і Сяргей вельмі чулліва расказвалі пра сваіх дзяцей. Прызнаваліся, што малодшая наогул зрабіла ім сюрпрыз. Яны былі ўпэўнены, што народзіцца Станіслаў, а на свет з'явілася Станіслава. Нечакана, але не менш радасна. Дзяўчынка стала сёмым членам сям'і. Знакавая для Нікалаевых лічба!

    — Мы і на конкурсе выступалі сёмыя, самыя апошнія, — усміхаецца Сяргей. — Ужо перахваляваліся, назіраючы за папярэднікамі, выйшлі амаль спакойныя. Думалі толькі, каб укласціся ў адведзены час — сем хвілін. А ў нас адна толькі песня займала чатыры. З намі выступалі і прадстаўнікі магілёўскай арганізацыі Беларускага таварыства глухіх. А яшчэ на сцэну з намі выходзілі навучэнцы Магілёўскага каледжа мастацтваў, дзе Уладзіслаў вучыцца на артыста тэатра і кіно.

    Уся справа ў продках

    Сабраць разам усё сямейства задача не з простых. Пашчасціла, што гаспадар у сувязі з конкурсам узяў адпачынак і з асаблівага мужчынскага погляду ацаніў сапраўднае сямейнае шчасце. Ну хто б сумняваўся, сакрэт гэтага шчасця, як ён сказаў, канешне, у дзецях. І чым іх больш, тым сям'я шчаслівейшая.

    — Алена неяк абмовілася, што калі б ёй нехта гадоў 20 таму сказаў, што ў нас будзе столькі дзяцей, не паверыла б. Цяпер не можа ўявіць адваротнае, — выдае сямейную таямніцу Сяргей і ў такім жа паўжартаўлівым тоне ўдакладняе — Цяжэй усяго было з першынцам, а з кожным наступным дзіцем станавілася лягчэй.

    Дарэчы, падчас падрыхтоўкі да конкурсу, атрымалася высветліць, што шматдзетнасць для продкаў вялікага сямейства хутчэй традыцыя, чым выключэнне. Раней не хапала часу для вывучэння сямейных каранёў, а тут спатрэбілася. Усю радню, нават самую далёкую, апыталі і столькі цікавага даведаліся. Алена Аляксандраўна, напрыклад, спадчынная казачка. Продкі Алены па лініі бацькі жылі яшчэ на Доне, потым пры імператрыцы Кацярыне вымушаны былі пераехаць спачатку на Тамбоўшчыну, а потым падаліся ў Пензенскую вобласць. Адтуль, дарэчы, прыехаў у Магілёў вучыцца на чыгуначніка яе бацька. Тут ён пакахаў беларуску, якую і забраў да сябе ў Расію. У адрозненне ад прапрабабкі, якая мела 12 сыноў і дачок, Аленіна маці нарадзіла толькі дваіх дзяцей. Затое Алена аднавіла добрую традыцыю. Бо колькі дзяцей, столькі ж і прызнанняў у любві. А гэтае пачуццё робіць чалавека моцным, асабліва ў цяжкія хвіліны яго жыцця.

    Сяргей Валер'евіч, адразу ж бачна, беларус — светлавалосы, са шчырай адкрытай усмешкай. У адрозненне ад жонкі, у якой атрымалася дакапацца да каранёў яшчэ кацярынінскіх часоў, далей прадзеда пакуль прасунуцца не атрымалася. Але было адкрыццём, што ў сям'і ёсць чалавек, наўпрост звязаны з лёсам знакамітага рускага генерала — галоўнакамандуючага сербскай арміяй Міхаіла Чарняева. Маёнтак генерала знаходзіўся ў Тубышках на Кругляншчыне. А прадзед Сяргея служыў у яго дзеншчыком. Там жа ён пазнаёміўся з прабабкай Сяргея, якая была пакаёўкай у Чарняева. А яшчэ прадзед вылучыўся тым, што ваяваў у руска-японскай вайне.

    Наогул і ў Алены, і ў Сяргея ў родзе шмат гераічных людзей. Шмат хто з іх ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны або партызаніў. Сястра бабулі Сяргея, напрыклад, была сувязной у партызанскім атрадзе. І Нікалаевы сваім доўгам палічылі ўспомніць мужных продкаў. Размова ішла ад імя сына палка. Яго прататыпам стаў дзядуля Алены. Здаецца, расказалі пра сваё асабістае, а атрымалася, што пра гераічнае мінулае ўсяго народа ўспомнілі.

    Мае дзеці — маё багацце

    Перафразоўваючы словы знакамітай песні Вахтанга Кікабідзэ можна адной фразай выказаць жыццёвае крэда Алены і Сяргея Нікалаевых. І момантаў, якія грэюць душу, у іх жыцці болей чым дастаткова. Аднойчы ў іх мікрараёне здарылася нейкая аварыя з электрычнасцю і ў кватэрах пагасла святло. Усё сямейства сабралася ў адным пакоі, маці запаліла свечкі, дастала дзіцячую Біблію і пачала чытаць. Не паверыце, тры гадзіны праляцелі як адно імгненне. Калі далі святло, нават было крыху шкада, што гэтая ідылія закончылася. Але цёплы ўспамін застаўся ў сэрцы.

    Яшчэ прыклад? Старэйшыя дзеці ўжо дарослыя, у іх свае справы, інтарэсы, але яны ніколі не змяняюць жалезнай традыцыі ў навагоднюю ноч абавязкова быць дома за агульным сталом. Да сяброў і знаёмых можна схадзіць і на наступны дзень, а вось загадаць жаданне ў коле самых блізкіх табе людзей — гэта святое. І ёлка ў доме абавязкова павінна быць жывая і пажадана да столі, каб як мага лепш прасякнуцца атмасферай.

    А цацкі на ёй — старыя, таксама з сямейнымі гісторыямі. Глядзіш на ўпрыгажэнні, і не трэба нічога выдумляць, карцінка сама ўзнікае з небыцця. А пераднавагодняя мітусня ў доме Нікалаевых самая хвалюючая, самая незвычайная, самая святочная — рэцэпты, нарады, дызайн і афармленне. Усё трэба паспець, прыдумаць, замясіць. Добра, што рук так многа.

    Што трэба, каб сям'я была моцная? Алена і Сяргей упэўнены — павага да меркавання іншага, нават калі гэта зусім малое дзіця. І зусім не згодны з тым, што шчасце без грошай не шчасце. Канечне, грошы нашмат аблегчаць побыт, але цеплыні адносінам не дададуць. Бо заўсёды хочацца яшчэ больш і яшчэ лепш. Яны з цеплынёй згадваюць той перыяд, калі жылі ўшасцярых на 12 квадратных метрах у інтэрнаце. Блок атрымалі толькі тады, калі Аляксандры споўніўся годзік. А Станіслава нарадзілася ўжо тады, калі сужэнцы пабудавалі ўласную кватэру. Ёсць пра што ўспомніць, калі яны сям'ёй ехалі на прыроду на падараваным бацькамі просценькім «Запарожцы».Той, вядома, не «Мерсэдэс», але і трэсціся над ім не трэба. Сяргей яго сваімі рукамі не раз перабіраў. Потым былі і іншыя аўто. Зараз, напрыклад, «Жыгулі». Магчыма, таксама не такія прэстыжныя, але ж надзейныя і, галоўнае, прадказальныя.

    А нядаўна Сяргей завочна вывучыўся яшчэ і на праграміста. Ну вельмі зацікавіла яго гэтая дзейнасць. Цяпер дарослыя сыны нават па кансультацыю звяртаюцца. Яны больш карыстальнікі, у сацыяльных сетках маюць кантакты. А бацька нават праграмкі піша, нескладаныя, але ж дыпломы за іх на конкурсах даюць.

    Заробку фрэзероўшчыка і памочніцы выхавальніка, вядома, на вялікую сям'ю не хапае. Але ж нават у гэтым можна знайсці плюсы. Дзеці цэняць тое, што ў іх ёсць. І нават уносяць сваю лепту. Улад, напрыклад, яшчэ школьнікам здаваў металалом, а грошы аддаваў бацькам. Цяпер у сям'і акрамя бацькоў яшчэ двое дарослых працуючых дзяцей. Іх даходы таксама паступаюць у сямейны бюджэт. Бо якое ж гэта шчасце, калі ў цябе ёсць грошы, а ў малодшай сястры няма зімняга абутку.

    Суразмоўнікі прызнаюцца, што ў іх сям'і — раўнапраўе. Ніхто нікому заданняў не дае, кожны робіць тое, што лічыць правільным. Але пры гэтым усё атрымліваецца вельмі гарманічна. І нават традыцыйныя абавязкі па кухні выконвае не толькі маці. Той, хто прыйшоў раней, прыгатаваў для ўсіх. Прычым, як сведчаць малодшыя дочкі, смачней за ўсё атрымліваюцца стравы ў таты. Асабліва ўсім падабаюцца яго фірменныя «халюндрыкі». Бярэш вараную бульбу, калі яна толькі засталася пасля сняданку, таўчэш, дадаеш туды мукі, унутр кладзеш якое-небудзь начынне і абсмажваеш. Смаката.

    А любімае месца адпачынку Нікалаевых — сціплая дача ў Магілёўскім раёне. Месца, якое дапамагае ствараць на зіму стратэгічны запас. А яшчэ тут можна добра адвесці душу, займаючыся ландшафтным дызайнам або збіраючы грыбы ў суседнім ляску. Кветкі, птушкі, прастора — чым не курорт? На сапраўдны трэба грошай яшчэ назбіраць, а тут усё пад бокам. У пачатку размовы думала яшчэ спытацца ў Нікалаевых пра іх дэвіз жыцця. Але калі развітвалася, ужо і так разумела. Тут, як той казаў, без варыянтаў: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.

    Нэлі ЗІГУЛЯ

    Фота Наталлі КУСКОВАЙ

    Теги: