Добры след на зямлі

  • Светлана Шурпакова, Дняпроўская праўда №83(10563) от 19 октября 2019 Скачать номер 22 октября 2019 20:18 Общество Русский

    У Год малой радзімы шмат робіцца па добраўпарадкаванні тэрыторый як буйных гарадоў, так і маленькіх населеных пунктаў. Дубровенцы таксама стараюцца наводзіць парадак не толькі ў райцэнтры, але і ў аддаленых вёсачках. На старонках газеты неаднаразова паведамлялася аб тым, што вядуцца работы па добраўпарадкаванні Чубакоўскай крыніцы.

    Мясцовыя жыхары лічаць гэта месца святым, бо заступніцай крыніцы з’яўляецца святая Параскева-Пятніца. Па добрай традыцыі здаўна ў 12-ую пятніцу пасля Вялікадня тут ладзіцца Чубакоўскі кірмаш.

    У сераду адбылося падвядзенне вынікаў зробленага і афіцыйнае адкрыццё зоны адпачынку.

    Старшыня Дубровенскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ціханава расказала аб тым, як ладзіліся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі, колькі намаганняў было прыкладзена, каб зрабіць гэта месца прыгожым і ўтульным. Яна падзякавала ўсім, хто прымаў удзел у гэтай добрай справе: супрацоўнікам Малабахаўскага сельвыканкама, кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, дэпутатам, мясцовым жыхарам і ўраджэнцам гэтых мясцін.

    Асаблівыя словы падзякі яна адрасавала Віктару Кузьмянкову, старшыні Малабахаўскага сельвыканкама, і Аляксею Маркоўскаму, начальніку Дубровенскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Менавіта яны былі ініцыятарамі, галоўнымі генератарамі ідэі і яе рэалізацыі на практыцы. Алена Віктараўна падкрэсліла, што толькія тыя людзі, якія сапраўды любяць свой край, робяць добрыя справы і астаўляюць след на зямлі. І сярод дубровенцаў шмат такіх.

    Гэтую ж думку працягнулі ў сваіх прывітаннях іншыя выступаючыя. Так, Віктар Кузьмянкоў выказаў словы шчырай удзячнасці ўсім, хто меў дачыненне да гэтай добрай справы. А Аляксей Маркоўскі заклікаў берагчы зробленае на гэтым месцы і па магчымасці працягваць яго добраўпарадкаванне.

    Як прыклад таму — вакол крыніцы былі высаджаны малодзенькія дрэўцы.

    Пасля айцец Міхаіл правёў абрад асвячэння крыніцы. А потым вядучыя мерапрыемства запрасілі жыхароў вёскі Чубакова і ўсіх прысутных паспрабаваць сцюдзёнай вадзіцы з гэтай крыніцы. Афіцыйную цырымонію адкрыцця месца адпачынку каля Чубакоўскай крыніцы завяршыў канцэрт удзельнікаў тэтра песні “Спатканне” раённага Дома культуры.

    Мерапрыемства завяршылася, а да крыніцы ўсё падыходзілі мясцовыя жыхары і пад’язджалі дубровенцы. Гэта надае ўпэўненасці, што Чубакоўская крыніца ніколі не будзе забыта, а зробленае нераўнадушнымі людзьмі зямлі дубровенскай застанецца нашым нашчадкам.