— Калі вы будзеце ў Сяргеевічах, абавязкова заязджайце да Мікалая Аляксандравіча і Надзеі Маркаўны Сачышыных, — сказала кіраўнік справамі Навапольскага сельвыканкама. — Гэтых людзей ведаюць многія ў нашым раёне. Сваё жыццё яны пры-свяцілі працы ў сельскай гаспадарцы, маюць шмат узнагарод. Яшчэ Мікалай Аляксандравіч доўгі час быў старастам вёскі.
Гэта сямейная пара адметная не толькі сваёй працавітасцю. Узаемаадносіны Мікалая Аляксандравіча і Надзеі Маркаўны — прыклад для моладзі. Разам яны ўжо 51 год.
На карысць саўгаса і людзей
У далекім 1967 годзе лёс прывёў будучых мужа і жонку ў саўгас “Сяргеевічы”. Мікалай Аляксандравіч на гэты момант ужо скончыў ветэрынарны інстытут у Віцебску, папрацаваў у Таджыкістане, адслужыў у арміі ў Баку. Вярнуцца на радзіму ў Гарэлец вымусілі жыццёвыя абставіны.
— Працаваць далёка ад дома не мог, бо хварэла маці. Я даведаўся, што ў “Сяргеевічы” набіралі спецыялістаў. Уладкаваўся туды галоўным ветурачом, — расказвае Мікалай Аляксандравіч. — У гаспадарцы працаваў 35 гадоў.
Надзея Маркаўна, для якой Пухавіччына ўжо стала роднай, сама з Магілёўскай вобласці. Спачатку скончыла Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум. Вышэйшую адукацыю атрымала ў сельгасакадэміі ў Горках. Па размеркаванні прыехала ў наш раён. У “Сяргеевічах” працавала 40 гадоў.
З задавальненнем субяседнікі ўспамінаюць былое. Саўгас “Сяргеевічы” быў арганізаваны на базе саўгаса “Шацк”. У першыя гады спецыялісты сутыкну-ліся з рознымі праблемамі, але паступова справы наладзіліся. На канец 1970-х — пачатак 1990-х прыходзіцца эканамічны росквіт гаспадаркі. Павысілася ўраджайнасць, будаваліся жывёлагадоўчыя памяшканні. Людзі атрымлівалі добрую зарплату. У сярэдзіне 80-х гадоў былі пабудаваны кантора, клуб, цэлыя вуліцы прыгожых дамоў.
— Мы жылі вельмі цікава. Наш працоўны калектыў быў адзінай сям’ёй. Усе старанна працавалі. Спецыялісты выходзілі капаць бульбу на 250 гектарах, палоць буракі, працавалі і на ферме. Дагэтуль захоўваем шматлікія граматы, — расказвае Надзея Маркаўна. — Шкада, што цяпер у Сяргеевічах няма адасобленай гаспадаркі і многіх аб’ектаў сацыяльнай сферы.
Мікалай Сачышын доўгі час быў старастам Сяргеевіч. Як выбралі на гэту пасаду? Назначылі самі людзі. Мікалай Аляксандравіч быў і застаецца чалавекам з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
— Калі я быў старастам, — гаворыць Мікалай Аляксандравіч, — людзі трымалі гаспадарку і прасілі арганізаваць дапамогу з сельскагаспадарчымі клопатамі. У саўгасе ўсіх забяспечвалі сенам, выдзялялі трактар, каб пасеяць або выкапаць бульбу. Нездарма мы садзілі 40 сотак бульбы, бо была дапамога. Дарэчы, у былыя гады ў нашай вёсцы было 180 кароў. Цяпер толькі 14. Да 70 гадоў мы трымалі на падворку кароў і свіней.
Залатыя юбіляры
Шчыра прызнаюся, што заўсёды з асаблівым задавальненнем слухаю гісторыі знаёмства лю-дзей, якія пражылі разам шмат гадоў. Мікалаю Аляксандравічу на момант знаёмства з будучай жонкай было 26 гадоў, Надзеі Маркаўне — 21. Малады чалавек нядоўга прыглядаўся да дзяўчыны: літаральна за тыдзень яны арганізавалі вяселле. Іншага жыццёвага сцэнарыя яны ўжо не ўяўляюць.
— У 1968 годзе ў гэтым жа пакоі мы гулялі вяселле. Маштабнага свята не рабілі. Запрасілі толькі 25 чалавек — самых блізкіх. І дагэтуль жывём у гэтым доме, — працягвае гаспадар.
Нарадзілі дваіх дзяцей. Маладой сям’і шмат разоў прапаноўвалі змяніць месца працы і пераехаць у горад. Мінск, Мар’іна Горка, Старыя Дарогі — геаграфія розная. Сын з дачкой не захацелі пераязджаць, таму бацькі засталіся. І не памыліліся. Гаспадар і цяпер любіць лес, а гаспадыні даспадобы ціхія вуліцы і прыгажосць мясцовага возера.
Муж і жонка цяпер асабліва клапоцяцца адзін пра аднаго. На сваёй вуліцы яны адзіная сямейная пара. Тры гады таму ў Мікалая Аляксандравіча здарыўся інфаркт. На шчасце, ён у гэты момант быў у бальніцы, дзе яму своечасова аказалі дапамогу. Пасля была аперацыя, якая доўжылася амаль сем гадзін. Гэта былі самыя цяжкія гадзіны для Надзеі Маркаўны. З вышыні пражытых гадоў пара па-іншаму ацэньвае сямейныя каштоўнасці. Галоўнае — удваіх, і гэта — шчасце.