Святкавалі абласныя “Дажынкі”

  • О.Панимаева, Веснік Чэрыкаўшчыны 88(11403) от 20 ноября 2019 20 ноября 2019 12:21 КультураОбщество Беларуская

    Дэлегацыі раёнаў вобласці спяшаліся на святкаванне, і іх ужо з дзевяці гадзін раніцы сустракалі разгорнутыя шматлікія тэматычныя пляцоўкі, выставы-кірмашы, аб’екты гандлю грамадскага харчавання, выстава беларускай тэхнікі, сялянскія падворкі. Музычная пляцоўка каля Палаца радавала ўсіх прысутных выступленнямі творчых калектываў Магілёўшчыны, заклікаючы ўсіх далучыцца да святкавання масштабнага мерапрыемства.

    Арганізатары прэзентацыі і дэгустацыі прадукцыіі сельскагаспадарчых арганізацый і прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці вобласці гасцёўна запрашалі ўдзельнікаў “Дажынак” пачаставацца рознымі прысмакамі і харчовымі вырабамі.

    Затым гасцей запрасілі ў малы зал на цырымонію ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплекса. Падчас гэтага мерапрыемства прадстаўнікам нашага раёна ў ліку іншых былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды: Падзяка Магілёўскага аблвыканкама – механізатару ААТ “Чэрыкаўрайагратэхзаб” Віктару Драбніцкаму, Ганаровая грамата абласнога камітэта прафсаюза АПК – механізатару ААТ “Эксперыментальная база “Чэрыкаў” Сяргею Яфрэмаву, Дыпломам першай ступені ўзнагароджана сталовая ВТУП “Агракомплекс “Светлы”, які ўручылі загадчыку Людміле Яндоўскай, Па-дзяка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь – механізатару КСУП “Язёрскі” Віктару Хорзунаву, Сертыфікат на каштоўны падарунак– ноутбук і экскурсіённую паездку навучэнцаў – дырэктару ДУА “Язёрская сярэдняя школа” Андрэю Асіпенку.

    Пасля гэтага на плацу перад Палацам культуры вобласці адбылося святочнае адкрыццё абласнога фестываля-кірмаша з удзелам ганаровых гасцей.  Рапарт аб выніках жніва 2019 года старшыні абласнога выканаўчага камітэта Леаніду Зайцу зрабіў дырэктар ААТ “Расвет імя Арлоўскага” Кіраўскага раёна Аляксандр Багель. Затым урачыста быў падняты Сцяг Рэспублікі Беларусь. Пад музычнае суправаджэнне аркестра адбыўся парад-прадстаўленне дэлегацый Магілёўскай вобласці, у якім прыняла ўдзел і дэлегацыя Чэрыкаўскага раёна. Узначаліў шэсце чэрыкаўлян старшыня раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Касмачоў, разам з якім прайшлі ў страі старшыня раённага Савета дэпутатаў Анжэла Новікава, першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Леўшуноў, старшыня аб’яднання прафсаюзаў Юлія Сіўцова, начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Кацярына Каркозава, ганаровы грамадзянін Чэрыкаўскага раёна Андрэй Мядзведзеў, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аксана Дзятлава, прадстаўнікі кіраўніцтва, прафкамаў і працоўных калектываў сельгаспрадпрыемстваў.  Ганаровае права несці сцяг нашага горада было прадстаўлена дырэктару ДУА “Язёрская сярэдняя школа” Андрэю Асіпенку, як кіраўніку перадавога маладзёжнага сельскагаспадарчага атрада —удзельніка ўборачнай кампаніі.  

    Свята прадоўжылася ў вялікай зале Палаца з асобым размахам і пампезнасцю. Да яго далучыліся памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Уладзімір Вашчанка, намеснік Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь  Уладзімір Гракун, намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар “Мінскі трактарны завод” Віталь Вовк, старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, былыя старшыні Магілёўскага аблвыканкама, кіраўнікі дэлегацый усіх раёнаў вобласці, ветэраны сельскагаспадарчай галіны.

    Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы агучыў віншаванне са святам ад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, у якім былі словы падзякі працаўнікам Магілёўшчыны за іх плённую працу.

    Затым старшыня аблвыканкама Леанід Заяц павітаў усіх прысутных у зале, закрануўшы ў сваім выступленні  вынікі і асноўныя моманты, на якія трэба звярнуць увагу.

    — Кожная дзяржава марыць мець харчовую бяспеку. Менавіта харчовая бяспека нашай дзяржавы вырашана паспяхова, у  чым заслуга аграрыяў і работнікаў перапрацоўчай галіны. На ўнутранным спажывецкім рынку харчавання –  гама тавараў для ўсіх слаёў грамадства. Сярод краін былога СССР Беларусь займае годнае месца па развіццю аграпрамысловага комплексу. Нашай краіне належаць рэкордныя цыфры на душу насель-ніцтва па малаку, мясу, бульбы, агародніны. Лішкі прадукцыі — 30 працэнтаў мясной,60 — малочнай прадукцыі паспяхова рэалізуюцца на рынках 95 краін свету. Мы высока ўзнялі свой брэнд беларускага прадукта. Наша краіна за год атрымала валютную выручку на пяць мільярдаў долараў ЗША, якія паступілі на рахункі. Кожны дзень з краіны экспартуецца прадуктаў харчавання на суму больш чым за 11 мільёнаў долараў ЗША. Да гэтага мы ішлі мэтанакіравана не  адзін год, дзякуючы гераічнай працы аграрыяў пры падтрымцы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі.

    Выказваю словы падзякі таксама работнікам нафтахімічнай галіны, будаўнікам, вучоным, прадстаўнікам сацыяльнай сферы, сродкам масавай інфармацыі і іншым за ўнёсак у агульны каравай нашай дзяржавы.

    Вялікі духмяны каравай вобласці быў прадэманстраваны як сімвал завяршэння прац на хлебнай ніве.

    Наступным этапам стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў спаборніцтваў. Каля 140 работнікаў сельскай гаспадаркі атрымалі свае ўзнагароды. У іх ліку была таксама і аператар машыннага даення ААТ “Чэрыкаўрайаграпрамтэхзаб” Валянціна Балыбіна, якой Леанід Заяц уручыў Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта.

    Для ўдзельнікаў свята адбыўся канцэрт выканаўцаў і калектываў абласной сцэны. Жывое выкананне і святочная атмасфера надавалі веліч арганізаванаму мерапрыемству вобласці.

    Каравай з  ураджаю зямлі Чэрыкаўскай

    Нягледзячы на тое, што ў канкурэнтнай барацьбе сярод кандыдатаў і хлебапёкаў вобласці каравай нашага раёна не заняў ганаровага месца, нельга сказаць, што ён быў нечым горш за іншых ці не адпавядаў конкурсным патрабаванням. Наадварот, на наш погляд, ён быў годным канкурэнтам у абвешчаным конкурсе караваяў “Славім працу хлебароба” і знешне, і на смак.

    Прыгожы каравай быў спечаны ў ДПЛ № 11 выкладчыкам вышэйшай катэгорыі Святланай Радзьковай, майстрамі першай катэгорыі Людмілай Міранцовай, Валянцінай Галанавай, старэйшым майстрам Людмілай Шаныгінай, навучэнцам другога курса Кацярынай Куцінёвай.

    — Каравай быў спечаны з дражджавога здобнага цеста,–адзначае выкладчык ліцэя Святлана Радзькова,– і толькі з натуральных прадуктаў. Сама канструкцыя складаецца з чатырох ярусаў, кожны з якіх 60, 50 сантыметраў у дыяметры. Вага каравая –10 кілаграмаў. Працавалі над выпечкай тры дні. Рэцэптура цеста каравая — звычайная вясельная. На смак ён салодкі і вельмі смачны. Упрыгожванні гатаваліся з заварнога і бялковага цеста, масцікі.

    Як адзначылі кандытары, адказнымі былі ўсе этапы “раджэння” каравая — ад выпечкі ярусаў да моманту ўпрыгожвання. Усё замацоўвалася так, каб “канкурсанта” удалося давесці да вобласці ў належным стане. Усе ярусы ўбраны багаццем нашых палёў: каласамі, рамонкамі і ва-сількамі, а таксама  прыгожымі ружамі.

    — Наш каравай з’яўляецца сімвалам урадлівасці, дастатка, дабрабыту, – адзначылі кандытары ліцэя.

    Узнагароды да свята

    Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловай галіны, у мінулую суботу,  у зале райвыканкама адбылося чарговае ўзнагароджанне да свята.  Старшыня райвыканкама Міхаіл Касмачоў павіншаваў аграрыяў са знамянальнай каляндарнай датай і пажадаў поспехаў у працы, дабрабыту.

    Міхаіл Міхайлавіч  уручыў грашовыя прыміі шэрагу работнікаў сельскай гаспадаркі раёна за іх плённую працу і дасягненні.

    Теги: