Вёска з каштоўнай назвай

  • Iна Ганчар, Наш край 95/2019 от 11 декабря 2019 Скачать номер 11 декабря 2019 08:41 Культура Беларуская

    Кожны населены пункт мае сваю гісторыю. Ёсць яна

    і ў вёсцы Серабрышча Палонкаўскага сельсавета. Хоць гісторыя гэтай невялічкай вёсачкі і пачынаецца не са старажытных часоў, але яна не менш цікавая. 

    Срэбраныя лугі

    У розных кутках нашай краіны можна пачуць пра затопленыя залатыя карэты, закапаныя бочкі з золатам або з грашыма, срэбны або залаты човен. Вось і з назвай вёскі Серабрышча звязаны некалькі цікавых легендаў. Па адной з іх, землі сучаснага Серабрышча, Перхавіч і Люшнева належалі аднаму пану. Аднойчы выйшаў ён раніцай з дому, паглядзеў навокал і сказаў: «Якія добрыя землі мне дасталіся! Нават лугі ўсе, нібы серабром пакрытыя».

    Другая легенда гаворыць пра напалеонаўскія скарбы. Быццам пры адступленні французы схавалі непадалёк нарабаванае срэбра. Адсюль і назва вёскі пайшла. Калі бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй навакольных мясцін, відавочна, што гэтая версія даволі праўдападобная. Падчас Айчыннай вайны 1812 года французы спалілі суседнія хутары, а дарога, па якой праязджалі іх войскі, значылася на картах дарог ваеннага значэння. 

     

    Знакаміты зямляк

    Даведацца больш пра гісторыю сваёй малой радзімы плануе дзесяцікласнік Перхавіцкай дзіцячы сад – сярэдняй школы Дзмітрый Дзянісаў. Ра-

    зам са сваёй настаўніцай Аленай Лук’янчык, бібліятэкарам Перхавіцкай сельскай бібліятэкі Наталляй Церан  юнак ужо правёў значную даследчую работу.

    – Падчас размовы са старажыламі вёскі я даведаўся, што Серабрышча – малая ра-

    дзіма паэта-сатырыка, пісьменніка і літаратуразнаўца Івана Сцяпанавіча Курбекі, – расказвае Дзмітрый Дзянісаў. – Ён нарадзіўся ў сялянскай сям’і 10 лістапада 1934 года. Быў трэцім дзіцём. Як успамінае настаўніца будучага паэта Алена Стрыхар, Іван рос спакойным, ветлівым, але ўмеў пажартаваць, пры выпадку за словам у кішэню не лез. Рыфмаваныя радкі выляталі ў яго, здавалася, самі сабой.

    Скончыўшы Серабрышчанскую сямігодку, Іван вучыўся ў Маўчадскай сярэдняй школе. У 1953 годзе паступіў на філалагічны факультэт (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры) Белдзяржуніверсітэта. З 1958 года ён – навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Янкі Купалы, а з 1964 года – навуковы супрацоўнік, загадчык аддзела, старшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Якуба Коласа.

    Іван Сцяпанавіч – аўтар зборніка гумарыстычных вершаў «Абы здароўе», кнігі лінгвістычных загадак «Хітрыя літары», зборніка «Руска-беларускія крыжасловы: займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы», альбомаў для выставак у школе «Янка Купала», «Якуб Колас», «Якуб Колас: жыццё і творчасць», укладальнік зборніка «Успаміны пра Якуба Коласа».

    Творы Курбекі былі змешчаны ў калектыўных зборніках «Асцюкі за каўняром», «Вожык смяецца» і іншых. Ён друкаваўся ў часопісе «Вожык», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», «Вячэрнім Мінску» і іншых перыядычных літаратурных выданнях. Апошняя яго кніга – «Запрашэнне ў музей» – выйшла ў 2008 годзе, яна, можна сказаць, стала яго «лебядзінай песняй». Кніга атрымалася цікавай і змястоўнай. Гэта быў прыкметны ўклад Івана Сцяпанавіча ў развіццё музеязнаўства Рэспублікі Беларусь.

    – У свой час Івана Курбеку запрашалі  весці гумарыстычную перадачу на Беларускім тэлебачанні, дзе ён імітаваў галасы Петруся Броўкі, Пятра Глебкі, Рыгора Шырмы, Янкі Маўра, – працягвае расказваць пра знакамітага земляка Дзмітрый. – Іван Сцяпанавіч лічыў, што сатыра і тонкі гумар дасталіся яму ад бацькі. Аднавяскоўцы вельмі любілі яго нячастыя прыезды ў вёску. Заўсёды збіраліся каля дома, каб пачуць сталічныя навіны, жарты земляка. На жаль, Івана Сцяпанавіча ўжо няма з намі, ён раптоўна памёр у красавіку 2009 года. Пахаваны на могілках вёскі Серабрышча каля сваіх бацькоў і радні.

     

    Школьная гісторыя

    Зараз нават і не верыцца, што калісьці ў гэтай невялічкай вёсачцы была свая школа. Пра яе гісторыю нямала звестак сабрала бібліятэкар Перхавіцкай сельскай бібліятэкі Наталля Церан. 

    – Серабрышчынская базавая школа была адкрыта ў 1937 годзе ў доме мясцовага жыхара Сцяпуры, – расказвае Наталля Сяргееўна. – Праз некаторы час школа стала размяшчацца ў панскім доме. Заняткі наведвалі каля 100 вучняў, вучылі іх два настаўнікі.

    Праз два гады з бярвення панскага хлява, прывезенага з вёскі Дукрава, была пабудавана новая школа. Навучальны працэс ажыццяўлялі Натан Курцэр і яго жонка Маля, дырэктарам быў Андрэй Кліменцьевіч Міхальчык.

    Але нядоўгім было спакойнае жыццё. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Расстрэлы, катаванні, здзекі, масавыя знішчэнні ні ў чым не вінаватых мясцовых жыхароў…

    – Гэтай долі падвяргаліся ў роўнай ступені рускія, беларусы, яўрэі, цыгане, палякі, мужчыны і жанчыны, старыя і дзеці, – кажа Наталля Церан. – На працягу ўсяго перыяду акупацыі вялося масавае знішчэнне інтэлігенцыі.

    Нямала паведаміла аб тых страшных часах былая настаўніца Алена Іванаўна Стрыхар, якой зараз 88 гадоў.

    «Восенню 1943 года ў вёсцы Серабрышча арыштавалі сям’ю настаўнікаў школы Натана і Малі Курцэр. Іх планавалі адправіць у гета, якое было ў вёсцы Дукрава Гродзенскай вобласці. Але па дарозе ім ўдалося збегчы ў лес, дзе яны сталі жыць у зямлянцы.

    Натан неаднойчы прыхо-дзіў у вёску Серабрышча, каб выменяць рэчы, якія ім удалося зберагчы, на прадукты. Дапамагаў сям’і мясцовы жыхар Іван Стрыхар, які у дупле дубоў, што раслі за вёскай, пакідаў ім ежу. Пазней свае паслугі прапанаваў яшчэ адзін з жыхароў вёскі, але ён паквапіўся на дабро Курцэраў і выдаў іх немцам. Гітлераўцы закідалі зямлянку гранатамі, Малю і Натана адвезлі ў Моўчадзь, дзе расстралялі», – успамінае Алена Стрыхар.

    Расстраляна фашыстамі была і яўрэйская сям’я Барэцкіх.

    Вось як пра гэта расказвае Алена Іванаўна: «Іх выгналі на вуліцу і пагналі ў бок могілак. Недалёка ад могілак была выкапана яма, дзе мясцовыя жыхары бралі пясок. Немцы падагналі ўсіх да краю ямы, заставілі распрануцца і  расстралялі. Усю вопратку расстраляных нямецкія акупанты забралі з сабой».

    …Толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны школьны званок зноў паклікаў на ўрокі вучняў. З 1945 года Серабрышчанская школа стала сямігодкай. Прыехалі сюды працаваць і новыя настаўнікі –

    Ніна Варанец, Анэль Астаповіч, Аляксандр Карповіч,

    Дзмітрый Волкаў, які потым працаваў загадчыкам раённага аддзела адукацыі, і іншыя. У школе пасля вайны займалася каля 160 вучняў.

    У 1989 годзе ў суседняй вёсцы Перхавічы была пабудавана новая прыгожая школа, тады і было прынята рашэнне  школу ў Серабрышчы закрыць.

    Акрамя Івана Курбекі, са сцен Серабрышчанскай школы выйшла нямала вядомых і працавітых  людзей. Напрыклад, яе выпускнікі Ілля Слізень, Марыя Пархановіч, Яўген Малахвей былі ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам Леніна. У міністэрстве сель-

    скай гаспадаркі працаваў Аляксандр Пагасай, а Іван Сцяпура стаў карэспандэнтам расійскага агенцтва міжнароднай інфармацыі «РИА Новости».  

    Теги: