Мара ўвасобілася ў жыццё

  • Святлана МАГІЛЕЎЧЫК, Зара над Друццю № 100 (10563) от 21 декабря 2019 24 декабря 2019 08:22 Общество Беларуская

    Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі падвяла вынікі дабрачыннага праектаМары збываюцца”.

    Амаль 50 пісьмаў і відэазваротаў ад дзяцей з розных куткоў вобласці атрымала Магілёўская абласная арганізацыя прафсаюзаў. Усяго на адрас ФПБ прыйшло  больш за 400 пасланняў.

    Дзіцячыя мары ўжо пачалі збывацца. Прафсаюзы паабяцалі выканаць жаданні семярых пераможцаў, па адным з кожнай вобласці, і з горада Мінска. Усе дзеці-ўдзельнікі праекта атрымаюць сувеніры ад ФПБ.

    У Магілёўскай вобласці ўжо ўвасобілася ў жыццё першая мара. Члены прафсаюзнай пярвічкі раённага ЦКРНіР на чале са старшынёй яе Ірынай САВЯНКОВАЙ папрасілі ў прафсаюзнага Дзеда Мароза штучную навагоднюю ёлку. Яны склалі верш пра тое, як шкада высякаць жывое дрэўца. Іх пісьмо і верш закранулі сэрцы арганізатараў дабрачыннага праекта.

    Мара педагогаў і выхаванцаў ЦКРНіР збылася якраз дарэчы. Да іх са сталіцы нашай краіны прыехала штучная навагодняя прыгажуня. Падарунак  ва ўрачыстай абстаноўцы перадалі старшыня абласной арганізацыі прафсаюзаў Дзмітрый ЯНКОЎ і старшыня райаб’яднання прафсаюзаў, якія ўваходзяць у ФПБ, Святлана ПАТАПЧЫК. Акрамя таго прадстаўнікі прафсаюзаў уручылі педагогам карэкцыйнага цэнтра электрычную гірлянду і ёлачныя цацкі.

    – Раённае аб’яднанне прафсаюзаў аказвае дапамогу выхаванцам цэнтра карэкцыйнага развіцця, навучання і рэабілітацыі ўжо пяты год запар, – распавяла Святлана Уладзіміраўна. – Тут выхоўваюцца дзеткі з асаблівасцямі. Вядома, ім патрабуецца нашмат больш увагі і клопату, але калі пазіраеш на іх, бачыш, якія яны сонечныя і пазітыўныя, зараджаешся іх настроем, і жыццё становіцца ярчэйшым.

    Дзеці і педагогі карэкцыйнага цэнтра шчыра падзякавалі за падарунак і адразу ж пачалі ўпрыгожваць прыгажуню-ёлку цацкамі і гірляндамі. А далей, як у казцы, паглядзець на сімвал Новага года завіталі Дзед Мароз і Снягурка. Яны запалілі на ёлцы агеньчыкі і ўручылі дзецям салодкія падарункі, а выхаванцы цэнтра прачыталі казачным персанажам вершы.

                               Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

                Фота аўтара.

    Теги: 
    • {Нет тегов}