Іх прафесійныя якасці – мужнасць, смеласць, адвага

  • Святлана Магілеўчык, Зара над Друццю № 5 (10570) от 18 января 2020 21 января 2020 08:26 Общество Беларуская

    19 студзеня ў нашай краіне адзначаеццаДзень ратавальніка. З дня ў дзень людзі, якія звязалі свой жыццёвы і прафесійны лёс з гэтай сферай дзейнасці, аберагаюць нас ад надзвычайных сітуацый і розных іншых непрыемнасцей.

    Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт раённай газеты бліжэй пазнаёмілася са службай пажарных. Разам з начальнікам РАНС Віталем ВОРАНАВЫМ завіталі на пажарныя аварыйна-ратавальныя пасты раёна і ў ПАВЧ № 1 у Бялынічах.

    – Таварыш падпалкоўнік, за час нясення службы надзвычайных здарэнняў не адбылося! – рапартуе начальнік ПАВП № 11 аграгарадка Вялікая Машчаніца Аляксандр ШУТ. За гэтым кароткім дакладам стаіць вялікі ўчастак працы, зробленай з самай раніцы. Штодзень асабовы састаў паста праходзіць неабходную падрыхтоўку, правяраецца ўсё неабходнае пажарным тэхнічнае абсталяванне: ратавальнікі павінны быць у поўнай гатоўнасці 24 гадзіны ў суткі, 7 дзён на тыдзень.

    – У зону нашага абслугоўвання ўваходзіць амаль увесь Бялыніцкі раён і частка Бярэзінскага, – гаворыць Аляксандр Шут. – Па патрэбе мы падстрахоўваем сваіх калег з пажарнай часці ў Бялынічах, калі яны знаходзяцца на выездзе.

    У 2019 годзе ў раёне адбыліся 16 пажараў, і ратавальнікі з Машчаніцы ўдзельнічалі ў тушэнні ўсіх іх. А на загаранні сухой травы і смецця ў мінулым годзе выязджалі амаль 50 разоў. Гэта вясна выдалася сухой і ветранай, таму пажарным прыйшлося пазмагацца з вогненнай стыхіяй.

    – Асноўныя прычыны загаранняў можна пералічыць на пальцах: неасцярожнасць пры спальванні смецця і сухой травы вясной і знаходжанне грамадзян-віноўнікаў пажараў — у нецвярозым стане, – адзначае Аляксандр Шут. – У перыяд ацяпляльнага сезону да іх дадаюцца пажары, звязаныя з няспраўнасцю электраправодкі і печаў. Час ад часу прыходзіцца выязджаць на ДТЗ, бо побач знаходзіцца ажыўленая аўтамабільная дарога Магілёў-Мінск. Даводзілася ліквідоўваць гнёзды небяспечных насякомых, якія асабліва ўвосень даймаюць жыхароў навакольных вёсак. Дапамагаем убіраць аварыйныя дрэвы, не адмаўляем вяскоўцам у кансультацыях па пажарнай бяспецы. Увогуле, працаваць пажарным у сельскай мясцовасці вельмі адказна: тут ты заўсёды  на вачах у людзей і павінен прымаць правільныя рашэнні.

    Самы аддалены ПАВП № 15 у в. Стараселле, знаходзіцца на тэрыторыі жывёлагадоўчага комплексу ААТ “Новая Друць”. Па гэтым адрасе ён “прапісаўся” з 2011 года. Начальнік паста Кірыл КАСЦОЎ 17 гадоў служыць у РАНС. За ўзорную службу ён узнагароджаны знакам  “Выдатнік пажарнай службы Беларусі”,  Кірыл Віктаравіч паспявае спраўляцца не толькі са службовымі абавязкамі, але і з творчымі. Кірыл з’яўляецца аўтарам усіх графіці па пажарнай бяспецы ва ўстановах адукацыі раёна. Менавіта яго малюнкі знаёмяць маленькіх жыхароў Бялыніччыны з казачнымі героямі, якія навучаюць іх правільным дзеянням пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый.

    Разам з начальнікам паста ў змене знаходзіцца малады вадзіцель Віталь ЕРАШЭНКА. Ён працуе ў РАНС толькі 7 месяцаў.

    – Прыйшоў на працу адразу пасля тэрміновай службы ў арміі, – гаворыць Віталь. – Я служыў у аўтамабільных войсках. Пасля яе было многа цікавых прапаноў, каб застацца па месцы службы ці нават у Мінску. Але вельмі хацелася дадому, паступіў на службу ў РАНС, у Гомелі прайшоў спецыяльнае навучанне.

    – Замацаванню ў РАНС працаўнікоў, і асабліва з ліку моладзі, надаецца вельмі вялікая ўвага, – распавядае Віталь Воранаў. – Пры прыёме на працу ўсе новапрыбылыя атрымліваюць спецыялізаванае адзенне, абутак. Дапамагаем з жыллём, калі патрэбна. Таксама кіраўніцтва РАНС падтрымлівае ўсе спартыўныя і творчыя ініцыятывы, актыўны ўдзел ратавальнікаў у грамадскім жыцці. Ёсць і такая практыка, як настаўніцтва. За кожным маладым работнікам замацоўваецца больш вопытны, які на працягу года ўводзіць яго ў стан спраў, вучыць, дапамагае. Праз год, а то і нават раней, становіцца бачна, хто чаго варты. У рэжыме надзвычайнай сітуацыі разважаць няма часу, таму важна выхоўваць у калектыве пачуццё локця, узаемавыручку і падтрымку.

    Цяхцінскі ПАВП № 14 ужо 23 гады ўзначальвае Дзмітрый БАРАНАЎ. Ён прыйшоў на працу ў РАНС адразу пасля службы ў арміі. Таксама Дзмітрый Васільевіч уваходзіць у склад аглядальнай камісіі Цяхцінскага сельсавета.

    – У зону нашага абслугоўвання ўваходзіць 48 населеных пунктаў, – гаворыць Дзмітрый Баранаў. – Выязджаем на пажары ў вёскі Магілёўскага, Быхаўскага і Клічаўскага раёнаў. Але вялікую ўвагу надаём перш за ўсё прафілактыцы надзвычайных здарэнняў. Вясной мінулага года ў вёсцы Асман-Касаева адзін з жыхароў падпаліў невялікую груду смецця. У выніку, усхапілася сухая трава, і агонь стаў сур’ёзна пагражаць будынкам. Пажар тушылі 8 разлікаў, і да пабудоў агонь не дабраўся. Яшчэ адзін выпадак – пажар жылога дома, і зноў жа ў Асман-Касаеве. Адбыўся ён з-за няспраўнасці старога халадзільніка. Гаспадыня дома ў той час знаходзілася на лячэнні ў ЦРБ, таму і не пацярпела. А вось яе жыллё згарэла.

    Не забываюць пажарныя пра сваіх юных падапечных – выхаванцаў Цяхцінскага ВПК ДС СШ. І самі іх наведваюць з прафілактычнымі мерапрыемствамі, і да сябе запрашаюць.

    Папулярызацыя мужнай прафесіі ратавальнікаў сярод школьнікаў прыносіць свой плён. Начальнік каравула ПАВП № 1 райцэнтра Васіль МЯДЗВЕДЗЕЎ прыйшоў у прафесію літаральна са школьнай парты. Ён завочна скончыў Гомельскі інжынерны інстытут МНС, працаваў спачатку ў Круглянскім РАНС, а з 2011 года служыць тут, у часці.

    За час службы прыйшлося пабачыць многае. Іх змене, як жартуе Васіль Васільевіч, на выклікі даводзіцца выязджаць часцей за ўсіх. Але гэта акалічнасць толькі загартоўвае характар. Васіль Мядзведзеў упэўнены, што знайшоў сваё месца ў жыцці.

    – Можна многа назваць дастойных прозвішчаў, адзначыць тых людзей, якія годна нясуць званне ратавальніка, – рэзюмуе Віталь Воранаў. – Тое ж магу сказаць і пра начальніка ПАВП № 13 у аграгарадку Галоўчын Уладзіміра КАЛІСТРАТАВА. Ён, акрамя таго, што выконвае абавязкі кіраўніка, заступае на дзяжурствы, разам з усімі выязджае на здарэнні, праводзіць прафілактычную работу. Службе, дарэчы, прысвяціў амаль 25 гадоў, узнагароджаны шматлікімі знакамі адзнакі, медалямі за ўзорную службу. Дадам яшчэ, што ў 2019 годзе ў нашым раёне адбыліся 16 пажараў, а дзесяць гадоў таму іх лік не апускаўся ніжэй за 70. Гэтага зніжэння ўдалося дасягнуць дзякуючы намаганням тых, хто прысвяціў сваё жыццё прафесіі ратавальніка! Са святам, калегі!

    Святлана МАГІЛЕЎЧЫК.

    Фота аўтара.

    Теги: 
    • {Нет тегов}