Студзень не студзіць — аратых галубіць

  • Святлана КІСЛАЯ, Сельская праўда 5/2020 от 22 января 2020 23 января 2020 10:05 Экономика Беларуская

    Дзіўная выдалася сёлета зіма: ні табе калядных маразоў, ні сумётаў. Дрэвы выпускаюць пупышкі, кветкі распускаюцца, там-сям пчолы гудуць, журавы над Брэстам курлычуць — ці то з выраю вярнуліся, ці ўвогуле не адляталі, збітыя з панталыку цёплым надвор’ем. Так што казка Самуіла Маршака “12 месяцаў” і не казка ўвогуле, а праўда сучаснага жыцця.

    У сельгасарганізацыях на дзівацтвы еўразімы ўвагі не звяртаюць, а карыстаюцца магчымасцю падрыхтавацца да веснавой сяўбы: актыўна рыхтуюць глебу. (Калі такое было, каб на Вадохрышча, пасярод зімы, зямліцу аралі?!) ААТ “Мацеевічы” — не выключэнне: ва ўмелых руках Аляксея Пятрова магутны асілак “Джон Дзір” штодня падымае да 20 гектараў зябліва. На рахунку механізатара звыш 1,5 тысячы гектараў глебы, падрыхтаванай да веснавой сяўбы.

    — Аляксей Міхайлавіч у прафесіі ўжо звыш дзясятка гадоў, тэхніку любіць і ашчадна адносіцца да яе, таму і з 8-корпуснымі плугамі спраўляецца на выдатна, яму на падмогу прыходзіць араты Васіль Яцэнка, — расказвае галоўны аграном Аксана Бяльчук і дадае: — Можна сказаць, цёплая восень і палова зімы далі нам магчымасць спакойна, не спяшаючыся, увайсці ў яравую сяўбу. Якая вясна бу-дзе, невядома, аднак амаль падрыхтаваныя палі даюць адчуванне ўпэўненасці: сяўба пачнецца своечасова. Думаю, калі такое надвор’е — без маразоў — пратрымаецца і далей, мы яшчэ да вясны выканаем план па падрыхтоўцы глебы. Што тычыцца азімых культур, то пасевы, лічу, у неблагім стане. Плюсавое надвор’е пакуль ім не шкодзіць.

    Фота аўтара

    Теги: 
    • {Нет тегов}