Рывок Равінскага

  • Іван КАВАЛЕНКА, Ляхавіцкі веснік №10 от 07 февраля 2015 09 февраля 2015 10:31 Спорт Беларуская

    На зыходзе студзеня Брэсцкі манеж сабраў лепшых юных лёгкаатлетаў краіны. Таленавітыя і перспектыўныя, некаторым з іх вядомы ўжо смак перамог, атрыманых на спаборніцтвах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. З ліку апошніх і брэсцкі старт, поўная афіцыйная назва якога – спартакіяда Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод ДЮСШ і СДЮШАР. Права выступіць на спартакіядзе трэба заслужыць, для чаго тая ці іншая спартыўная школа павінна ўваходзіць у тройку лепшых сярод аналагічных устаноў сваёй вобласці. Брэстчыну на спартакіядзе прадстаўлялі школы алімпійскага рэзерву з абласнога цэнтра, гарадоў Баранавічы і Лунінец. Акрамя таго, незалежна ад “месца прапіскі” да ўдзелу ў спартакіядзе запрашаліся атлеты, якія паказалі высокія вынікі ў ходзе аналагічных абласных спаборніцтваў. Іменна па такім шляху пайшоў наш зямляк Дзмітрый Равінскі: на аблспартакіядзе ДЮСШ і СДЮШАР Дзіма першынстваваў двойчы – на паўтара- і трохкіламетровай дыстанцыях. Гэта і паслужыла пропускам. Праўда, у адрозненне ад таго снежаньскага выступлення, на спартакіядзе спартшкол краіны Равінскі стартаваў толькі на дыстанцыі 1500 метраў. Але як! Дзмітрый быў лепшым, затраціўшы на ўсё пра ўсё 4 мінуты 4 секунды. Другі прызёр фінішаваў са “спазненнем” аж на 4 секунды. Як расказаў трэнер-выкладчык аддзялення лёгкай атлетыкі Ляхавіцкай ДЮСШ Андрэй Іванюценка, паказаны Дзмітрыем вынік у многім нечаканы: да гэтага хутчэй, чым за 4 мінуты 18 секунд паўтаракіламетроўка нашаму зямляку не скаралася. На пытанне трэнера, як удалося скінуць з асабістага рэкорда адразу 14 секунд, навучэнец абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву адказаў лаканічна: “Прарвала!”.