Вечнае вяртанне

  • Знамя Юности № 19 (14744) от 08 мая 2015 08 мая 2015 00:00 Общество Русский
    Падчас акупацыі Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі было праведзена звыш 140 карных аперацый, вынікам якіх сталі жорсткія расправы з мірным насельніцтвам. Адной з найбольш буйных з іх была аперацыя пад кодавай назвай «Трохвугольнік», якая праводзілася ў верасні – кастрычніку 1942 года. 17 дзён карнікі бясчынствавалі ў вёсках Брэсцкага, Жабінкоўскага, Дывінскага і Маларыцкага раёнаў.

    Дзень першы і апошні
    23 верасня 1942 года стаў апошнім днём жыцця для 705 жыхароў вёскі Боркі і 289 жыхароў вёскі Забалацце Маларыцкага раёна.
    У кабінеце гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы сабраны матэрыял па трагедыі Забалацця: вытрымка з аператыўнага загаду камандзіра 3-га батальёна 15-га паліцэйскага палка аб знішчэнні вёсак Боркі, Забалацце і Барысаўка, справаздача камандзіра 11-й роты аб знішчэнні вёскі Забалацце, успаміны жыхароў Забалацця Кардзелюка Івана Фёдаравіча і Міхальчук Евы Мікітаўны – відавочцаў трагедыі, якім удалося ўратавацца ад смерці, спіс расстраляных жыхароў вёскі. Гэтыя і іншыя звесткі дазваляюць нам яскрава ўявіць жудасныя падзеі таго страшнага вераснёўскага дня.
    Фашысты акружылі вёску ноччу, а раніцай сагналі ўсё насельніцтва да будынка школы быццам на сход. Мужчыны павінны былі ўзяць з сабой рыдлёўкі. Людзі здагадваліся, што іх чакае, і не памыліліся. Іх раздзялілі на тры групы. Мужчын карнiкi прымусілі капаць вялікія ямы. Затым было загадана распрануцца. Іх рас­стрэльвалі і целы скідвалі ў выкапаныя ямы, якія сталі брацкімі магіламі. Такі факт: напярэдадні ноччу ў адной сям’і нарадзілiся двое блізнят, а раніцай яны былі знішчаны разам з усімі.

    «Жыхары захоўвалi самавалоданне»
    Камандзір карнікаў капітан Пельс у справаздачы аб выкананні загаду па знішчэнні вёскі Забалацце пісаў: «Рота атрымала заданне знішчыць размешчаную на паўночным усходзе ад Макран вёску Забалацце і расстраляць насельніцтва. …Пакаранне смерцю было праведзена планамерна і без асобых здарэнняў, калі не лічыць адной спробы ўцёку. Большасць жыхароў вёскі захоўвала самавалоданне… Смяротнае пакаранне было закончана каля 12 гадзін».
    Затым яшчэ чатыры дні з пустуючых дамоў і гаспадарчых пабудоў ворагі выводзілі дамашнюю жывёлу, выносілі сельскагаспадарчую прадукцыю і рыштунак, найбольш каштоўную маёмасць. Усё гэта было дастаўлена ў вёску Макраны, якая лічылася дзяржаўным маёнткам. Для гэтай мэты фашысты задзейнічалі 93 падводы з навакольных вёсак.
    А 27 верасня ў поўдзень карнікі спалілі Забалацце.
    Яшчэ вытрымка са справаздачы капітана Пельса: «…расстраляна 289 чалавек, спалены 151 двор, выгнана 700 галоў рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак і 70 коней. Вывезена хлеба: 300 ц абмалочанага і 500 ц неабмалочанага. Канфіскавана каля 150 сельскагаспадарчых машын (ручны прывад) і шматлікія рэчы».

    Брацкая магіла

    З успамінаў Кардзелюка Івана Фёдаравіча, якому тады было 18 гадоў: «…У наш дом зайшоў немец і сказаў, каб усе ішлі ў школу на сход, а бацьку загадаў узяць рыдлёўку. Калі немец выйшаў з хаты, бацька сказаў, што мне з маці лепш будзе застацца дома, а на сход ён пойдзе сам. Бацька пайшоў, а маці запаліла ў печы. Праз некаторы час вярнуўся той жа немец, адкрыў кладоўку, узяў кавалак сала, зайшоў на кухню, заліў вадой агонь у печы і, нічога не сказаўшы, пайшоў з хаты. Мы не ведалі, што нам рабіць, і засталіся ў хаце. Хутка немец вярнуўся ў трэці раз і загадаў нам ісці на сход. Мы з маці сабраліся і пайшлі ў бок школы. Яшчэ здалёк убачылі, што каля свежавыкапанай ямы фашысты прымушалі людзей распранацца і затым расстрэльвалі іх. Уба­чыўшы гэта, мы хутка прыгнуліся і пабеглі назад. Незаўважанымі нам удалося схавацца ў адным з хлявоў на вышках у сене, дзе хаваліся яшчэ некалькі чалавек. Калі пазней немцы выганялі з хлява жывёлу, то ў гэты час на вышках заплакала малое дзіця. Яны пачулі плач і павыцягвалі з сена людзей, якія потым былі расстраляны. Мяне, маю маці і яшчэ адну жанчыну немцы не заўважылі. Без вады і ежы мы правялі там амаль трое сутак, затым ноччу ўдалося ўцячы ў лес».
    Міхальчук Еве Мікітаўне было 10 гадоў. Яе ўспаміны падобныя.
    Івану Фёдаравічу, інваліду Вялікай Айчыннай вайны, жыхару Забалацця, зараз больш за 90. Некалькі апошніх гадоў ён знаходзіцца ў дачкі, якая жыве каля Брэста.
    Ева Мікітаўна пасля вайны выйшла замуж і жыла ў Маларыце. На жаль, яе ўжо няма ў жывых.
    Той самы фотаздымак
    У 1983-м і 1985-м Ева Мікітаўна і Іван Фёдаравіч у якасці сведкаў ездзілі ў Германію на судовыя працэсы над некалькімі фашысцкімі злачынцамі, якія ўдзельнічалі ў расправе над жыхарамі Забалацця.
    Карнiкi часта фатаграфавалі свае злачынствы. Так атрымалася, што ў жыхара вёскі Хаціслава Уласа Пішчыка аказаўся ўнікальны фотаздымак: гарыць Забалацце. Сфатаграфаваў вёску, якая гарэла, шафёр адной з нямецкіх машын. Гэты фотаздымак Улас Кузьміч захоўваў амаль 50 гадоў, а потым перадаў жыхару Забалацця Георгію Трафімуку, з якім разам лячыўся ў Маларыцкай бальніцы. Георгій Маркавіч пасля прынёс гэтае фота ў рэдакцыю раённай газеты «Голас часу».

    Гарыць Забалацце. Здымак 1942 г.

    У 1964 годзе ў цэнтры вёскі Забалацце адбылося перазахаванне астанкаў ахвяр трагедыі. Некранутай засталася толькі брацкая магіла, у якой пахавана найбольшая колькасць (дакладна невядома) забітых мірных жыхароў. На гэтых магілах былі ўстаноўлены помнікі-абеліскі.
    Калі я пісаў гэтыя радкі, то ўспомніў вечар, калі мой бацька Васіль Сяргеевіч, калгасны трактарыст, прыйшоў з работы вельмі ўзрушаны і расказаў маці і мне (я тады вучыўся ў шостым класе), што на сваім трактары перавозіў астанкі забітых фашыстамі людзей. Са слязамі на вачах гаварыў, што некаторыя людзі яшчэ пазнавалі сваіх родных. Гэта было страшна слухаць.
    Забалацце пасля вайны адрадзілася. Яно ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». У 2005 годзе ў вёсцы быў адкрыты мемарыял з імёнамі ўсіх загінуўшых у час вайны мірных жыхароў Забалацця (усяго 323).
    Падчас мінулай вайны загінула больш за 500 жыхароў вёсак Лукаўскага сельсавета, з якіх амаль 400 – ахвяры фашысцкага тэрору. Гэта кожны трэці…

    Мікалай БАЛІЦЭВІЧ, настаўнік гісторыі Лукаўскай сярэдняй школы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці

    Теги: 
    • {Нет тегов}