Стан душы

  • Светлана АДАМОВИЧ, Мінская праўда №82 от 23 мая 2015 25 мая 2015 15:44 Общество Беларуская

    І гэта тым больш няпроста, што на абслугоўванні ў сацработніка часцей за ўсё — людзі сталага веку, нямоглыя, часам патрабавальныя, капрызлівыя, адзінокія альбо тыя, хто жыве ў адзіноце, маючы дзяцей і ўнукаў. Ці сямейная пара, чые дзеці не маюць магчымасці кожны дзень іх наведваць, каб дапамагчы ў самым простым — прыбраць, прыгатаваць, памыць, прынесці вады ці дроў, прывезці неабходныя лекі альбо прадукты.

    У гэтую прафесію, бывае, прыходзяць выпадкова. А вось застаюцца ў ёй толькі тыя, хто чужы боль успрымае як свой. 15 год таму пасля змены па аб’ектыўных прычынах некалькіх месцаў працы сацыяльным работнікам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стала Алена Сезончык з вёскі Волма, што на Чэрвеньшчыне. «Калі мне прапанавалі гэтую работу, я нават і не ведала, што гэта такое, — прыгадвае яна. — Але пасля ўцягнулася. Падабаецца дапамагаць іншым, асабліва — адзінокім. Але па-ранейшаму сціскаецца сэрца, калі бачу, што часцей за ўсё ім не столькі тая дапамога патрэбна, колькі магчымасць выгаварыцца. Калі ў мяне пытаюцца, якім павінен быць сацыяльны работнік, адказваю: добрым, чулым, міласэрным. А гэта няпроста. Бывае, у самой дома праблемы, непрыемнасці. Але прыходзіш да сваёй падапечнай ці падапечнага — і ўсё роўна трэба ўсміхацца. Падтрымліваць, выслухоўваць, спачуваць. А свае турботы тады кудысьці адыходзяць».

    Напачатку зона абслугоўвання Алены Сезончык знаходзілася толькі ў вёсцы Волма. І колькасць тых, хто меў патрэбу ў дапамозе, усё павялічвалася. Таму нагрузкі ёй асабіста хапала. А пасля яшчэ дабавілася і суседняя вёска Клінок. «Там жыла адна бабуля, — прыгадвае Алена. — Яна была сляпая. Прасіла, каб ёй далі сацыяльнага работніка, але ніхто асабліва не хацеў да яе ісці. А мне так зрабілася яе шкада. І вось напачатку з-за яе адной я і ездзіла ў Клінок. А тады і іншыя падапечныя там з’явіліся».

    Па стану здароўя Алена Сезончык вымушана была змяніць працу. У тым жа Чэрвеньскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ёй прапанавалі пасаду інспектара па асноўнай дзейнасці. Там яна працуе ўжо шосты месяц. Але паранейшаму ўспрымае сябе менавіта сацыяльным работнікам.

    «Зрэшты, магчыма, што я яшчэ і назад вярнуся, — разважае Алена. — Усё ж яны да мяне прывыклі, а я — да іх. Ну як жа іх пакінуць? Яны яшчэ і зараз тэлефануюць. Просяць прывезці з Чэрвеня лекі ці яшчэ што».

    Колькасць тых, над кім да нядаўняга часу апекавалася Алена Сезончык, перасягнула за два дзясяткі. Паспрабуй тут справіцца. А маральна як бывае цяжка! Бо часта здараецца так, што дзеці не хочуць клапаціцца пра сваіх састарэлых бацькоў. І менавіта сацработнік становіцца бліжэй і радней за іх.

    Алена — чалавек тонкай душэўнай арганізацыі. Піша вершы, і найчасцей — на беларускай мове. Пашчасціла пазнаёміцца з пранікнёнымі радкамі і мне — падчас традыцыйнага конкурсу «Лепшы сацыяльны работнік», які ладзіцца на Чэрвеньшчыне ўжо не першы год. Вось адтуль і ведаю Алену Сезончык, бо яна не раз станавілася як лепшым сацыяльным работнікам года, так і лепшым брыгадзірам. «Неяк спрабавала падлічыць, колькі ў мяне грамат з конкурсу, — усміхаецца, — сыну паказвала. Здаецца, дзевяць». І гэта таксама найлепшая ацэнка яе працы.