– Сёлета мы вырасцілі 37,5 тысячы штук саджанцаў з закрытай каранёвай сістэмай, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Шчучынскага лясгаса Андрэй Уладзіміравіч Мінькоў. – 17 тысяч раслін ужо высаджаны ў адкрыты грунт. Чым прываблівае нас гэта фінская тэхналогія? Саджанцы з закрытай каранёвай сістэмай прыжываюцца практычна на 98-99 працэнтаў. Яны высаджваюцца разам з земляным комам, у якім раслі, што значна аблягчае прыстасаванне да новых умоў. А вось перыяд адаптацыі для саджанцаў з гадавальніка доўжыцца каля года, і ў выніку ў адкрытым грунце выжывае толькі каля 90 працэнтаў маладзенькіх дрэўцаў.У планах лясгаса – пабудаваць цэх высеву насення, цяпліцы для вырошчвання, а таксама пляцоўкі па дарошчванні пасадачнага матэрыялу. Уласны лесанасенны цэх, які працуе ўжо некалькі год, забяспечыць якаснай пасадачнай сыравінай. Згодна з новым метадам, прарастанне насення будзе адбывацца ў цяпліцы, а наступнае даспяванне сеянцаў – у спецыяльным грунце з падкормкай на адкрытай пляцоўцы. Затым саджанец – дрэўца вышынёй 10-16 см, якое на пачатковым этапе забяспечана харчовымі рэчывамі і не мае патрэбы ў паліве, будзе перасаджана ў лес.Праект, распрацоўка якога пачнецца ў бліжэйшы час, плануецца рэалізаваць пры фінансавай падтрымцы Сусветнага банка.У Фінляндыі шырока выкарыстоўваецца шматаперацыйная лесанарыхтоўчая тэхніка: каля 95 працэнтаў драўніны нарыхтоўваюць харвестары. У Беларусі гэты паказчык пакуль ніжэйшы амаль на палавіну.– Вялікая розніца паміж нашымі краінамі ў тым, што ў Фінляндыі ў развіццё аўтапарка ўкладваюць значныя сродкі прыватныя кампаніі, а затым аказваюць адпаведныя паслугі лясгасам, а ў нас велізарныя сумы на пакупку тэхнікі выдаткоўваюць самі лясгасы, – тлумачыць Андрэй Уладзіміравіч. – Таму пакуль не так проста поўнасцю адмовіцца ад бензапілы і выкарыстоўваць толькі механізаваны спосаб нарыхтоўкі драўніны. Аднак паступова мы да гэтага ідзём: у Шчучынскім лясгасе на сённяшні дзень працуюць два харвестары і два фарвардары.Значны аб’ём работ выконваецца пры дапамозе спецыялізаванай тэхнікі. Ужо некалькі год лясгас прымае актыўны ўдзел у нарыхтоўцы мясцовых відаў паліва – шчэпкі, якая выкарыстоўваецца як для работы мясцовых кацельняў, так і накіроўваецца на экспарт. Для яе вытворчасці быў набыты спецыяльны комплекс, так званая рубільная машына. У Шчучынскім лясгасе, зноў жа згодна з фінскай тэхналогіяй, выкарыстоўваецца сістэма відэаназірання: дзве камеры, устаноўленыя на вышках, дапамагаюць кантраляваць лясную сітуацыю. Яны вельмі запатрабаваны ў пажаранебяспечны перыяд, калі важна імгненна адрэагаваць на няштатную сітуацыю. З цягам часу плануецца выкарыстоўваць сістэму аўтаматычнага кантролю з цеплавізарамі: пры ўзнікненні пажару яна будзе адразу падаваць сігнал.Сачыць за парадкам у лясах цяпер дапамогуць фотапасткі, дарэчы, пяць такіх цуда-прыбораў ужо ўстаноўлены ў лясным масіве лясгаса. Яны рэагуюць на любы рух і фіксуюць яго. Фота парушальніка можа стаць выдатнай падставай для прыцягнення да адказнасці. Магчыма, гэты спосаб барацьбы з несумленнымі грамадзянамі, што вывозяць смецце ў лес і арганізуюць стыхійныя звалкі, стане дзейсным у захаванні парадку на лясной тэрыторыі. Багаты вопыт работы, назапашаны шчучынскімі лесаводамі, дазваляе ім паспяхова выкарыстоўваць фінскія тэхналогіі, адаптуючы іх да свайго рэгіёна. Абдуманы і ўзважаны падыход да новай справы стане залогам сур’ёзных дасягненняў у вядзенні лясной гаспадаркі.