Дэвіз “Кудзеліцы”: зберагчы спадчыну

  • Лідзія ЧАПЯЛОВА, Дняпроўская праўда №42(10106) от 27 мая 2015 Скачать номер 06 июня 2015 09:16 Культура Беларуская

    Народны фальклорны калектыў “Кудзеліца”  сёлета  адзначыў сваё 20-годдзе з дня заснавання. У 2003 годзе  яму ўпершыню было прысвоена званне “народны”, якое ён пацвярджаў  ужо 4 разы: у 2006, 2009, 2012 і 2015 гадах. Аб творчых набытках гэтага народнага калектыву карэспандэнт раённай газеты “Дняпроўская праўда” гутарыць з кіраўніком “Кудзеліцы” Анастасіяй Красоўскай.

    —Народны фальклорны калектыў “Кудзеліца” добра вядомы сваёй творчасцю не толькі ў нашым раёне, але і далёка за яго межамі, — з задавальненнем адзначае Анастасія Мікалаеўна.—На працягу 20  гадоў сваёй дзейнасці ён прапагандуе нацыянальную песенную творчасць, далучаючы сваіх прыхільнікаў да народных традыцый, спадчыны беларускай  музычнай творчасці, дае ім магчымасць  дакрануцца да скарбніцы рэгіянальнага, лепш сказаць, дубровенскага мясцовага песеннага мастацтва.

    —Мне вядома, што ў вашага калектыву ёсць нават  свой дэвіз, які ляжыць у аснове рэпертуару кожнага выступлення. Гэта праўда, Анастасія Мікалаеўна?

    —Праўда. Наш дэвіз: ”Зберажом спадчыну нашых продкаў”. Яму следуе кожны з  членаў нашага фальклорнага калектыву. Удзельнікамі “Кудзеліцы” з’яўляюцца людзі рознага ўзросту і прафесій, але  ўсіх нас аб’ядноўвае жаданне данесці да нашых сучаснікаў песенную творчасць іх продкаў, іх традыцыі, абрады і г.д. і такім чынам захаваць іх для тых, хто прыйдзе нам на змену. Наш калектыў патроху абнаўляецца, што ўпаўне заканамерна, бо жыццё не стаіць на месцы. Хаця засталося нямала ў ім і такіх спявачак-песенніц, якія былі ля вытокаў заснавання “Кудзеліцы”. Зараз у народным фальклорным калектыве, акрамя мяне самой, спяваюць Наталля Аўчарова, Людміла Радкевіч, Наталля Барнетава, Інэса Крукоўская, Вікторыя Карнеева, Таццяна Чабатарова, Таццяна Млынарская, Аляксандра Дымкова, На­дзея Сілкова, Раіса  Цярэнцьева. Ніводнае наша выступленне не праходзіць без акампаніятара Віктара Кукішава. Рэпертуар нашых канцэртных праграм скла­дзены з выключна мясцовых песень, танцаў,                                                               абрадаў.

    З дапамогай  сельскіх культработнікаў у свой час мы выявілі  нямала носьбітаў фальклору Дубровеншчыны. Дарэчы, работа гэта не спыняецца па сённяшні дзень. У час фальклорных экспедыцый запісваем песні, казкі, паданні, шукаем і стараемся набываць  у старажылаў  саматканую вопратку дубровенскага строю (спадніцы, андаракі),  даўнія прадметы хатняга побыту (ручнікі, абрусы, посцілкі, гармонікі і г.д). Наш калектыў спявае акапэльна і пад  музычна-шумавое суправаджэнне: гармонік, бразготкі, бубен, лыжкі і г.д. У першую чаргу імкнёмся выконваць  музычны і харэаграфічны матэрыял, які ўласцівы нашаму рэгіёну, уключаем у праграму кампазіцыі рознай жанравай накіраванасці: балады, жартоўныя песні, абрадавыя напевы.

    —Як часта  народны фальклорны калектыў “Кудзеліца” дэманструе сваё майстэрства за межамі  раёна?  Аб тым, што без яго ўдзелу не абыходзіцца ніводнае мерапрыемства ў нашым раене,  ужо гаварыць не прыходзіцца…

    —Сапраўды, наш калектыў вельмі запатрабаваны. За 20 год яго існавання было падрыхтавана  больш за 400 праграм народных святаў, абрадаў на аснове сабранага фальк­лорнага матэрыялу. За апошнія тры гады было праведзена 67 мерапрыемстваў, з іх 34 канцэрты. “Кудзеліца” прымала ўдзел у абласным фальклорным фестывалі вясельных абрадаў “Вялікая вясельніца”, часта  выступае на міжнародных  фестывалях мастацтва “Славянскі базар ў Віцебску”. Пастаянна прымаем удзел у Міжнародным фестывалі песні і музыкі Падняпроўя Беларусі, Расіі і Украіны “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, юбілейных святах гарадоў Віцебскай вобласці, рэспубліканскіх “Дажынках”, якія праводзіліся ў нашай і Магілёўскай абласцях, былі ўдзельнікам абласнога тэлевізійнага творчага праекты “Зорны шлях”,  чацвёртага рэгіянальнага  фестываля народнай творчасці, народных промыслаў і раместваў “Дрыбінскія таржкі”. Нас часта запрашаюць  землякі на ўрачыстую рэгістрацыю шлюбаў і юбілеі. Усе ўдзельнікі калектыву выступаюць у самабытных касцюмах на аснове вопраткі дубровенскага строю. Нярэдка выступленні нашага калектыву  ўспры­маюцца не як музычныя нумары, а этнаграфічныя пастаноўкі.

    —Якая галоўная задача  зараз стаіць перад “Кудзеліцай”?

    —Яна заўсёды адна і тая ж і  закладзена ў  нашым дэвізе: зберажэнне спадчыны нашых продкаў. Яшчэ адна мэта нашай дзейна­сці—адраджэнне і захаванне мясцовай танцавальнай творчасці.  У нашым рэпертуары сёння такія ўнікальныя рэгіянальныя танцы як “Расхадная”, “Дасада”, “Яблычка”, “Мяцеліца”, “Падыспанец”, “Кракавяк”.

    Для некаторых нашых  гледачоў дубровенскі фальклор — малазнаёмы  культурны пласт. Яны з захапленнем слухаюць каляндарныя, пасляабрадавыя і абрадавыя песні, цікавяцца  семантыкай арнаментаў на нашых касцюмах. Я рада, што з нашай дапамогай дзесяткі людзей змаглі  далучыцца да жыватворнай  крыніцы беларускай культуры.

    —Народнаму  фальклорнаму  калектыву “Кудзеліца”  споўнілася дваццаць гадоў. Ня­зменны  кіраўнік,  Анастасія Мікалаеўна,  як вы ацэньваеце яе ўзрост. Многа гэта ці мала? 

    —Для фальклорнага калектыву, лічу, гэта сталы ўзрост. Росквіт творчасці, калі ёсць ужо пэўныя напрацоўкі, набыты вопыт, склаліся калектыў і кола гледачоў і прыхільнікаў нашай творчасці, калі ведаеш, дзе і што трэба сказаць, праспяваць, станцаваць, з якой праграмай выйсці на сцэну. Аднак, кожны раз працуючы над чарговым сцэнарыем або праграмай выступлення “Кудзеліцы”, заўсёды хвалюешся. І толькі калі чуеш шчырыя апладысменты і бачыш бляск у вачах гледачоў ад атрыманага задавальнення, іх добразычлівыя ўсмешкі і ўдзячныя водгукі, разумееш, што ўсё атрымалася як мае быць., і дваццаць гадоў работы прайшлі не дарма.

     —У такім разе, нашай паважанай   “Кудзеліцы” – даўгалецця, а яе ўдзельнікам—новых творчых напрацовак і ўдзячных гледачоў.