З дыпломам пераможцаў і добрымі ўражаннямі вярнуліся нядаўна з Мінска з VII рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў “Веснавы букет” майстры Мастоўскага цэнтра рамёстваў.
— Велічны і прыгожы форум, які заняў усю прастору сталічнага Лошыцкага парка, сабраў лепшых майстроў з усёй рэспублікі. Ад Гродзенскай вобласці на фестывалі было прадстаўлена шэсць падворкаў.Фестываль праводзіўся пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарвыканкама і Беларускага саюза мастроў народнай творчасці. Святочную атмасферу надалі мерапрыемству шматлікія мастацкія калектывы, якія з’ехаліся ў Мінск таксама з усёй Беларусі. Нам, майстрам, цікава было паглядзець на іншых, павучыцца ў іх і сябе паказаць, на што здольны. Для мяне асабіста цікава было пераняць для сябе штосьці новае, тым больш, што многія майстры ў час фестывалю праводзілі майстаркласы, — дзеліцца ўражаннямі дырэктар цэнтра рамёстваў Жанна Лявонцьеўна Новік.
У фестывалі нашы майстры ўдзельнічаюць другі раз. На гэты раз раён і вобласць у сталіцы прадстаўлялі і ўражвалі ўдзельнікаў і гасцей фестывалю сваімі работамі і палётам фантазіі Жанна Лявонцьеўна Новік, Марыя Іосіфаўна Севасцьяновіч, Міхаіл Мар’янавіч Маскевіч, Кліменцій Канстанцінавіч Панок. Яны прадставілі на фестывалі керамічныя вырабы, разьбу па дрэве, рукадзелле і саматканыя вырабы.
Майстры па ткацтву з Гудзевіч Людміла Міхайлаўна Станеўская, Кацярына Вітальеўна Басінская разам з вучнямі мясцовай школы Ксеніяй Гаспаровіч, Веранікай Басінскай і Дзмітрыем Солтанам прывезлі з сабой у сталіцу аж двое кроснаў: адны звычайныя, вялікія, на якіх працуюць дарослыя ткачыхі, і маленькія ручныя.
Гудзевіцкія майстры для ўсіх жадаючых правялі майстар-клас па ткацтву. Не было адбою ад жадаючых проста пасядзець за кроснамі і нават сфатаграфавацца на памяць разам з майстрамі, пажадалі сфатаграфавацца за кроснамі і госці з Англіі. А юных жыхароў сталіцы і іх бацькоў уразіў той факт, што ў Гудзевічах умеюць ткаць не толькі дзяўчынкі, але і хлопцы.
— Правядзенне такіх фестываляў дае магчымасць пазнаёміцца з узорамі народнага майстэрства з усіх куточкаў нашай Беларусі, навучыцца чамусьці новаму, падзяліцца сваімі напрацоўкамі. Вельмі патрэбна гэта дзецям і моладзі, тым, хто толькі пачынае асвойваць нейкае рамяство. Такія імпрэзы выклікаюць цікавасць да народных рамёстваў, сведчаць аб неабходнасці іх адраджэння і захавання. “Веснавы букет” – сапраўднае свята народных умельцаў, дзе можна і патрэбна абмяркоўваць работы народных майстроў, ацаніць дасягненні і вынікі, якія дае іх праца, — мяркуе дырэктар Гудзевіцкага літаратурнакраязнаўчага музея К. В. Басінская.
М.М. Маскевіч правёў майстарклас разьбы па дрэве. Гэтым відам рамяства цікавіліся не толькі мужчыны, але і дзяўчаты.
На кірмашы можна было не толькі любавацца прыгожымі вырабамі майстроў, але і купіць для сябе тое, што асабліва спадабалася. Мінчане і госці сталіцы ахвотна набывалі ў нашых майстроў лялькі-абярэгі. Каму такіх абярэгаў не хапіла, папрасілі майстроў зрабіць іх на заказ.
Я. ЦЕСЛЮКЕВІЧ