Жыві і квітней, Беларусь!

  • Валянціна ПРАНКЕВІЧ, Чачэрскі веснік 10 июля 2015 от 09 июля 2015 09 июля 2015 14:51 Общество Беларуская

    Свята Дня Незалежнасці нашай краіны парадавала і чачаран, і гасцей горада.На гэты раз да нас прыехалі  дэлегацыі з Краснагоршчыны Бранскай вобласці, гарадскога пасялення Гаршэчнае Курскай вобласці, падмаскоўнага Валакаламскага муніцыпальнага раёна Расіі і п.г.т.Кулікоўка Чарнігаўскай вобласці Украіны. Сябры-славяне наведалі гарадскую ратушу і пазнаёміліся з гісторыяй станаўлення Чачэрска, прайшліся па тэматычных экспазіцыйных залах, падняліся па вінтавой лесвіцы наверх. Сустрэліся за «круглым сталом» са старшынёй райвыканкама Уладзімірам Краўчанкам і ўліліся ў агульны паток адпачываючых на цэнтральнай плошчы. А тут для ўвагі прысутных было ўсё, каб добра правесці выхадны дзень і адзначыць самае галоўнае свята Беларусі насычана і з настроем. Аматараў песень вабіла сцэнічная пляцоўка каля кінаканцэртнага цэнтра «Акцябр», прыхільнікаў народнай творчасці чакалі выставы прадпрыемстваў і арганізацый горада, жадаючых пакінуць свой «аўтограф» гасцінна сустракалі работнікі бібліятэкі каля імправізаванага мальберта, куды прапанавалася прышпіліць каляровую стужку, што адпавядала пытанню: якую літаратуру Вы больш за ўсё любіце: прыгодніцкую, гістарычную, казкі, дэтэктыў, класіку і г.д. Тут жа можна было сфатаграфавацца каля пікантнай Бібліялэдзі і стыльнага Бібліямэна, крыху далей запрашалі паспрабаваць салдацкай кашы і прыняць падарунак у ходзе акцыі ААТ «Белаграпрамбанк» для дзяцей і падлеткаў «Расти большой». Рарытэтныя экспанаты перыяду мінулых гадоў адшукалі ў падвалах і каморах для гэтага дня работнікі раённага вузла паштовай сувязі. Стылізаваныя шалашы і партызанскія бівакі змайстравалі на адкрытай пляцоўцы медработнікі, камунальшчыкі і інш. Адным словам, было на што паглядзець і чаму падзівіцца. Аматарам экстрыму прыйшліся да спадобы забаўляльныя атракцыёны чэшскага луна-парка, разнастайныя гульні і пацехі, салодкая вата і мядовыя пернікі. Вячэрнюю атмасферу аздобілі каларытам эстрадных мелодый удзельнікі канцэртнай праграмы «Рытмы жыцця» і калектыў Гомельскай абласной філармоніі. Па хатах чачаране разышліся далёка за поўнач, нават калі разам праспявалі гімн Рэспублікі Беларусь, развітвацца не хацелася. Свята адбылося на высокім узроўні, і трэба ведаць, што яно стала магчымым у першую чаргу дзякуючы тым, хто сёння ляжыць у брацкай магіле на ўскраінах лясных масіваў, чые косці раскіданы па палях і лугавінах, нашым ветэранам. Паклонімся ім за мір, за крыштальную ранішнюю расу і бясхмарнае зорнае неба. Слава пераможцам!

    Теги: