Лясгас, уперад!

  • Ала АЛЬФЕР, Бярэзінская панарама 51 от 14 июля 2015 14 июля 2015 11:26 ОбществоСпорт Беларуская

     

    Спартыўныя спаборніцтвы  – гэта не толькі здароўе і цікавы адпачынак, але згуртаванасць калектыву. Разумеючы гэта, у ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” вырашылі зрабіць  традыцыйным правядзенне спартакіяды сваіх работнікаў. Як і летась, у памяшканнях

    плавальнага басейна ў дзень правядзення спартакіяды было не толькі шматлюдна, тут панаваў сапраўдны запал як сярод удзельнікаў спаборніцтваў, так і сярод балельшчыкаў, якімі сталі члены сем’яў.

    Ёсць і відавочныя вынікі та­кіх спаборніцтваў. Летась бярэзінскія работнікі лясной гаспадаркі сталі пераможцамі ў абласной карпаратыўнай спартакіядзе, чым можа ганарыцца ўвесь раён. Пра гэта падчас адкрыцця спаборніцтваў нагадаў старшыня раённага Савета дэпутатаў А.М. Зябко.

    Сёлета пераможцы таксама паехалі прадстаўляць калектыў на абласных спаборніцтвах, якія праходзяць якраз  у гэтыя выхадныя. А пакуль, на месцы, усім жадаў перамогі дырэктар лясгаса С.У. Чэмка, з гонарам заклікаючы: “Лясгас, уперад!”.

    Практычна ўвесь дзень доўжыліся спаборніцтвы і выяўлялі ўсё новых пераможцаў. Напрыклад, у шматбор’і “Здароўе” сярод жанчын першыя месцы ў розных узрос­тавых групах занялі памочнік ляснічага Дзмітравіцкага лясніцтва Марына Досугава і майстар лесу Мачаскага лясніцтва Ганна Шлехцермаер.  Сярод мужчын на першую прыступку ўзняліся леснікі: Пагосцкага лясніцтва Пётр Савасціёнак і Бярэзінскага – Аляксандр Губіч. У выніковай табліцы па настольным тэнісе сярод жанчын уладальніцамі прызавых месцаў значацца памочнік ляснічага Бярэзінскага лясніцтва Ганна Гемская, зноў жа, Ганна Шлехцермаер, вядучы інжынер па лесааднаўленні Іна Дамаронак. Сярод мужчын  пераможцамі сталі ляснік Любушанскага лясніцтва Андрэй Войткун, вальшчык лесу Дзмітравіцкага лясніцтва Мікалай Дуброўскі і вадзіцель Міхаіл Краткоўскі. У агульнакамандным заліку першыя тры прызавыя месцы заваявалі каманды Бярэзінскага і Дзмітравіцкага лясніцтваў, аўтапарка.

    Шмат балельшчыкаў сабралі спаборніцтвы па валейболе, тут перамаглі каманды апарата лясгаса,  аўтапарка і  Брадзецкага лясніцтва, заняўшы адпаведна тры найвышэйшыя прыступкі.

    Адметна, што ў сёлетнюю спартакіяду былі ўключаны спаборніцтвы па шашках. У гэтым інтэлектуальным відзе спорту сваю кемлівасць сярод жанчын паказалі эканаміст Ульяна Сядова (І месца), кладаўшчык Ірына Лукашова (ІІ месца), бухгалтар Таццяна Гоман (ІІІ месца). Сярод мужчын першыя месцы адпаведна занялі майстар Мачаскага лясніцтва Аляксандр Макарэвіч, трактарыст Пагосцкага лясніцтва Васіль Гарбар, юрысконсульт Мікалай Паддубскі. У агульнакамандным заліку па шашках І месца заваявалі прадстаўнікі апарата лясгаса, ІІ – Мачаскага лясніцтва і ІІІ – Брадзецкага лясніцтва.

    Падведзены і агульны вынік спартакіяды сярод каманд пад­раздзяленняў ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас”. Тут найвышэйшых узнагарод – кубкаў і дыпломаў ­  за першае месца ўдастоена зборная Дзмітравіцкага лясніцтва, за другое – каманда аўтапарка і за трэцяе – каманда апарата лясной гаспадаркі.

    Гэтыя ўзнагароды, і таксама медалі, дыпломы, граматы і грашовыя заахвочванні ў агульнакамандным па відах спорту і асабістым заліках уручыў дырэктар ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” С.У. Чэмка.

    Вядома, на п’едэстал пераможцы ўзнімаліся з гонарам, з гонарам пазіралі на бацькоў дзеці. Але найбольш важная агульнакамандная перамога, якая ў чарговы раз паказала здаровы дух калектыву работнікаў лясной гаспадаркі. Застаецца пажадаць гэтак жа ўперад рушыць на абласной спартакіядзе, зноў праславіць свой калектыў і свой раён.