Калі расцвітае папараць-кветка

  • Д. Уладзіміраў, Кричевская жизнь 11064 от 11 июля 2015 17 июля 2015 10:50 Калейдоскоп Беларуская

    І работнікі раённага Цэнтра культуры, якія з’яўляюцца яшчэ і сапраўднымі артыстамі па прызванні, зрабілі гэта свята яскравым і запамінальным. Спачатку, праўда, людзей сабралася небагата, але ж прыгожыя песні ўдзельнікаў народнага хору ветэранаў працы раённага Цэнтра культуры нагадалі крычаўлянам, што яны шмат чаго страцяць, калі не наведаюць свята.І людзі, адклаўшы свае справы, пайшлі. Бацькі, бабулі прывялі з сабой дзяцей і ўнукаў, а гэта самыя актыўныя ўдзельнікі свята, якія ўмеюць весяліцца ад усёй душы. А як яны заўзята скакалі пад музыку, як радаваліся ўсяму, што бачылі! А пабачыць было што – сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне, арыгінальныя конкурсы падрыхтавалі работнікі РЦК і іх памочнікі для тых, хто завітаў у гэты вечар на гарадскі пляж. Так, Купаліш, дзяўчаты-купалінкі паказалі старажытны абрад “Купальскае кола”. Кола ў нашых продкаў з’яўлялася сімвалам сонца, а стужкі – яго промні. Лічылася, што той, хто возьме стужку з кола ў купальскую ноч, атрымае цяпло і святло на ўвесь год. Наступная частка прадстаўлення — хлопцы на баране нясуць Купалінку. Наперадзе ідзе хлопец з купальскай лялькай. Маўляў, едзе Купалінка на сялянскай баране, вязе ляльку-купаліцу пры сабе. У старажытныя часы на гэту ляльку завязвалі ўсялякія непатрэбныя рэчы і лілі на яе ваду, каб змыць усё нядобрае. А потым неслі да купальскага вогнішча, каб разам з ёю ўсё дрэннае згарэла і больш не вярталася. Сапраўды, так хочацца пазбавіцца ад усяго, што перашкаждае жыць, ад недарэчнасцей і няўдач. І вось ужо вакол вялікага вогнішча віруе карагод, якому канца краю няма. Для дзятвы – гэта такая цікавая гульня, ды і моладзь не адстае. Словам, свята выклікала шмат станоўчых эмоцый. А святочны гандаль нікога не пакінуў без пачастункаў і падарункаў. Выходзіць, кожны знайшоў на Купалле сваю «папараць-кветку».

    Теги: