Зла не рабіць і людзей паважаць

  • Смалянка Галіна, Полымя №56 от 18 июля 2015 Скачать номер 20 июля 2015 09:17 Общество Беларуская

    Антонаўна адзначыла сваё 100-годдзе. З такой нагоды доўгажыхарку павіншавалі не толькі родныя і блізкія людзі, але і прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый раёна. Да яе наведаліся старшыня Цырынскага сельвыканкама Любоў Фёдараўна Атрашкевіч, выконваючы абавязкі намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК «Цырын-Агра» Віктар Мікалаевіч Шэўка і старшы пашпартыст групы па грамадзянству і міграцыі Карэліцкага раённага аддзела ўнутраных спраў Людміла Міхайлаўна Анісім.

    Доўгажыхарцы былі ўручаны пашпарт, падарунак і кветкі. Госці выказалі пажаданні ў адрас юбіляршы. Агульнае і галоўнае: каб доўжыўся яе век. Супрацоўнік пашпартнай службы адзначыла, што з задавальненнем прыедзе праз дваццаць пяць гадоў, каб ізноў уручыць пашпарт адпаведнага ўзору.

    Гасцей найбольш цікавіла пытанне: «У чым жа сакрэт доўгалецця?» На яго Любоў Антонаўна адказала коратка: «Зла не рабіць і людзей паважаць». Такую формулу жыцця жанчына вывела сама. Да гэтых слоў трэба дабавіць працалюбства, якое займала асноўнае месца ў яе жыцці.

    Зараз Любоў Антонаўна жыве ў райцэнтры. Яна акружана любоўю і клопатам сына Мікалая Мікалаевіча і нявесткі Зоі Фёдараўны Троска. «У семдзесят шэсць гадоў чалавеку таксама патрэбна мама», — перакананы сын. Нягледзячы на сваю занятасць (працаваў начальнікам Карэліцкага раённага вузла электрычнай сувязі),

    Мікалай Мікалаевіч пастаянна наведваў роднага чалавека ў вёсцы. У апошнія гады яна жыве разам з сынам і нявесткай, і яны клапоцяцца пра блізкага чалавека.

    Нявестка Зоя Фёдараўна Троска працавала настаўнікам, у жыцці старалася быць мудрай, са свякроўю ладзіць і быць для яе сябрам. Разам стараліся берагчы аўтарытэт сям’і.

    Зараз бабуля ганарыцца 4 унукамі і 6 праўнукамі. У час нашай сустрэчы была Алена. Яна добра вызначылася ў жыцці — суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь г. Мінск. Унучка з задавальненнем успамінала тыя гады, калі падчас летніх канікул ездзіла да бабулі. Па яе словах, вясковая жанчына не цуралася ніякай працы, паважала людзей, нікога не крыўдзіла і не абгаворвала. Яна жыла адна, дзядуля Мікалай Фёдаравіч Троска прапаў без вестак на вайне. У яе хапіла мудрасці і цярпення, каб справіцца з бядой і быць для дзяцей апорай, падтрымкай і дарадцай.

    … Мы пакідалі ўтульны і гасцінны дом дружнай сям’і, на душы было лёгка і хораша. Няшмат спатрэбілася часу, каб зразумець: сям’я Троскаў трымаецца на любові. «Усё трэба імкнуцца рабіць у жыцці па-людску» — гэты жыццёвы наказ тут перадаецца з пакалення ў пакаленне.

    Теги: