«З бабулінага куфра»

  • Навуковыя супрацоўнікі музея, Светлы шлях 33/ от 14 августа 2015 14 августа 2015 16:08 Калейдоскоп Беларуская

    Так называецца выстава прадметаў калекцыі этнаграфіі і побыту, якая адкрылася ў Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі.

    Здаўна існавала традыцыя, калі дзяўчыне патрэбна было сабраць перад замужжам вялікі пасаг з рэчаў, зробленых сваімі рукамі. Так і ў Смаргонскім музеі знаходзіцца шмат непаўторных і яркіх вырабаў з ільну і шэрсці, падараваных ткачыхамі Э. І. Сячынскай, В. Ф. Жабінскай, Н. К. Дамашчыц, Т. І. Аўгусціновіч і іншымі. Гэта даматканыя дываны, посцілкі, абрусы канца XIX і XX стагоддзяў. На выставе можна ўбачыць розныя тыпы тканых рушнікоў, упрыгожаных арнаментам і вышыўкай, а таксама хатнія прылады апрацоўкі льну і ткацтва. Галоўнае месца сяродэкспанатаў хатніх прылад займае ткацкі станок — кросны, які быў перададзены ў фонды музея дачкой ткачыхі па прозвішчы Сідарэвіч. Сабраць кросны дапамагла таленавітая ткачыха Гановэфа Вацлаваўна Кажарновіч з вёскі Мілуці Смаргонскага раёна і яе сын, які жыве ў Смаргоні. Першай працай Гановэфы Вацлаваўны быў абрус, вытканы разам з маці. Пазней і сваіх дзяцей яна таксама знаёміла з ткацкай справай.

    Менавіта народнае ткацтва з’яўлялася адным з багатых і старажытных промыслаў беларусаў. На працягу стагоддзяў яно развівалася, удасканальвалася і перадавалася з пакалення ў пакалення. У народным ткацтве найшла адлюстраванне векавая гісторыя беларускага народа, яго майстэрства і мастацкі густ.