Пастаўскія касцы паказалі клас на міжнародных спаборніцтвах

  • Тамара Пашкевіч, Витебские вести 95/2015 от 20 августа 2015 Скачать номер 21 августа 2015 09:16 Общество Беларуская

    Арганізатар спаборніцтва касцоў з Пастаўшчыны і трыўмфатар міжнароднага конкурсу ўпэўнены: галоўная рыса беларусаў – працавітасць.

    Сядзіба Каралёў, што ў вёсцы Жылінскія Пастаўскага раёна, сёння больш нагадвае этнаграфічны музей, чым жылы комплекс. Уздоўж хлява стаяць шматлікія прылады для апрацоўкі зямлі, сенцы і пакоі хаты напоўнены рэчамі, якія служылі не аднаму пакаленню гэтай сям’і. Яны – напамін Пятру пра дзеда і бацьку, імкненне захаваць іх традыцыі, урэшце, зберагчы ад знікнення яшчэ адну невялікую вёсачку. Дзеля гэтага яго шматлікія ініцыятывы, мерапрыемствы, маральная і матэрыяльная падтрымка тых, хто яшчэ тут жыве. Хоць сам ужо колькі год працуе ў Полацку, у Жылінскія прыязджае, бадай, кожны тыдзень. Зямля, у якую праз глыб вякоў пускалі карані яго продкі, не адпускае. Тут мае агарод з цяплічкамі, трымае кароў, каня, авечак, хатнюю птушку – вя-дзе гаспадарку, дае работу адной з мясцовых сем’яў.

    Паспяховы прадпрымальнік і сам не цураецца простай сялянскай працы. Кожны прыезд бярэ ў рукі касу і абкошвае вясковыя абшары, не дае траве ды пустазеллю падыйсці да хат, задзічэць садам. А ўрэшце ў гэтым годзе арганізаваў спаборніцтвы касцоў у Пастаўскім раёне, пазней яго каманда паспяхова выступіла на міжнародных спаборніцтвах на радзіме рускай касы – пасёлку Арці.

    Вядома, Пётр Кароль радуецца гэтай перамозе, ганарыцца людзьмі, якія адгукнуліся на яго ідэю, трэніраваліся і паказалі клас касьбы перад усім светам. Ганарыцца Беларуссю. Расказвае, з якой павагай гаварылі расіяне пра беларускі народ, пра Прэзідэнта. Не перабольшу, фотаздымкамі беларускай каманды са сцягам сваёй краіны у нацыянальных касцюмах з гармонікам былі перапоўнены многія расійскія каналы і сайты сеціва. Арганізатары спаборніцтваў, суддзі і гледачы спявалі з ёй «Касіў Ясь канюшыну» і падтрымлівалі: «Расія з табой, Беларусь!» Нішто не парушыць нашай дружбы...

    – Гэта дорага каштуе, – падзяліўся ўражаннямі Пётр Паўлавіч. – Прапала стомленасць ад дарогі амаль у тры тысячы кіламетраў, нервовае напружанне перад стартам, перапаўнялі гонар за краіну і разам з тым адказнасць перад ёй, якая быццам бы і не адпраўляла цябе на Урал, аднак стаіць за табой, і сцяг якой трымаеш у руках. Востры прыступ патрыятызму, сказаў бы ўрач.

    Любоў да Айчыны, народа і яго культуры праяўляюцца па-рознаму. У прадпрымальніка Пятра Караля яна вось такая, калі не шкада ўласных зберажэнняў, часу, каб разам з аднадумцамі праслаўляць свой край на міжнародных спаборніцтвах, а дома берагчы тое, што засталося ад продкаў, іх традыцыі, працавітасць. Многім такая любоў перадаецца з малаком маці, пазней загартоўваецца жыццём.

    Пасля службы ў войску на БАМе Пётр меў розныя прапановы на ўладкаванне далейшага жыцця, але вярнуўся ў родныя мясціны і стаў працаваць механікам у калгасе, ажаніўся. Калі ж пачалася перабудова і іх «Ударнік» прыйшоў у заняпад, жонка пераканала пераехаць у Полацк. Там кіраваў рамонтнымі майстэрнямі ў аўтапарку, а затым вырашыў паспрабаваць сябе ў прадпрымальніцтве. Асвоіў выраб мэблі, арганізаваў швейную вытворчасць, адкрыў магазін. Толькі душа па-ранейшаму рвецца ў бацькаву хату. У ёй нараджаюцца і выспяваюць розныя ідэі – акрамя спаборніцтва касцоў задумае і правядзе свята вёскі, сабярэ на сядзібе ў купальскую ноч аднадумцаў, паглядзіць на ваду ў возеры, палюбуецца на зоркі ў начным небе, набярэцца сілы і зноў за працу. На карысць сям’і і Айчыне.

    Фота Тамары Пашкевіч.

    Источник:

    «Витебские вести»