Каб у доме было цёпла

  • Андрэй КВІР., Дняпроўская праўда №71(10137) от 05 сентября 2015 Скачать номер 17 сентября 2015 17:01 Экономика Беларуская

     

    Напярэдадні прафесійнага свята наш карэспандэнт пабываў у Дубровенскім філіяле абласнога ўнітарнага прад­прыемства “Віцебскаблпал” і пацікавіўся ў яго дырэктара Анатоля Сяргеевіча ВЫБАРНАГА, якімі клопатамі жыве калектыў.

    —Галоўнай задачай нашай арганізацыі, у якой працуюць 14 чалавек, з'яўляецца забеспячэнне насельніцтва раёна цвёрдымі відамі паліва для абагрэву жылля. З гэтай задачай наш калектыў спраўляецца паспяхова. Мы на сто працэнтаў выконваем заяўкі грамадзян на пастаўкі таго ці іншага віда паліва ў спрыяльны для іх час. За восем месяцаў у нашу арганізацыю з заявай на пастаўку паліва звярнулася 824 чалавекі, 524 з іх пажадалі, каб мы даставілі торфабрыкет, 295 папрасілі прывезці дровы і 15 — торф. Згодна з заяўкамі грамадзянам рэалізавана 1806 тон торфабрыкету, 1426 кубаметраў дроў і 15 тон торфа.

    Заўважу, што згодна з нормай на адно домаўладанне выдзяляецца 3,5 тоны торфабрыкета або 4,9 кубаметра дроў.

    Такая колькасць паліва адпускаецца па льготнай цане, якая ў чатыры разы ніжэй яго сабекошту. Розніца ў кошце паліва пагашаецца з дзяржаўнага бюджэту. Сёлета нашай арганізацыяй на падзешаўленне паліва для насельніцтва з абласнога бюджэту выдзелена 4,2 мільярда рублёў. Калі па льготнай цане за 3,5 тоны брыкета жыхары Дуброўна плацяць каля 950 тысяч рублёў, то па поўнай цане давялося б выкласці каля 4 мільёнаў рублёў. Як бачыце, падтрымка дзяржавы ў гэтым плане вельмі адчувальная.

    —Анатоль Сяргеевіч, з вашых слоў атрымліваецца, што сёння жыхары раёна могуць атрымаць паліва па льготнай цане ў любы для іх зручны час. А чаргі на атрыманне паліва на 4-5 месяцаў, якая існавала раней, цяпер няма?

    —Так, чаргі на атрыманне цвёрдых відаў паліва ў апошні час не існуе. І выклікана гэта рэзкім змяншэннем заявак на пастаўкі паліва. Па-першае, няўхільна змяншаецца колькасць насельніцтва, асабліва ў сельскай мясцовасці, якое сёння з’яўляецца асноўным спажыўцом цвёрдых відаў паліва. Па-другое, газіфікаваны прыватны сектар горада Дуброўна і некаторых сельскіх населеных пунктаў. У дамах, дзе ёсць прыродны газ, брыкет ці дровы не трэба. І па-трэцяе, у апошнія гады зімы сталі карацейшыя і значна цяплейшыя, таму і паліва трэба менш. У выніку, нягледзячы на тое, што поўнасцю выконваем усе заяўкі на пастаўкі цвёрдых відаў паліва, яго рэалізацыя ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года зменшылася на 27,3 працэнта. Так, торфабрыкета рэалізавалі жыхарам раёна менш, чым летась на 886 тон, а дроў — на 31 кубаметр. І такая тэндэнцыя змяншэння спажывання цвёрдых відаў паліва насельніцтвам у апошнія гады назіраецца няўхільна.

    —А як забяспечваеце палівам прад­прыемствы і арганізацыі раёна?

    —Гэтай справай у апошні час амаль не займаемся. За восем месяцаў арганізацыям раёна рэалізавна 89 тон торфабрыкета і 11 кубаметраў дроў. Справа ў тым, што цяпер пастаўка паліва прадпрыемствам арганізавана на тэндэрнай аснове. А тэндэры мы ў асноўным прайграём прыватным фірмам і іншым арганізацыям, якія могуць прапана­ваць больш нізкія цэны. У нас, як дзяржаўнай арганізацыі, такой магчымасці няма.

    —Заўтра ў работнікаў вашага калектыва прафесійнае свята. Як вы ацэньваеце работу сваіх падначаленых?

    —У мяне няма прытэнзій да работы членаў калектыва. Усе выконваюць свае працоўныя абавязкі належным чынам. У першую чаргу я хачу сказаць дзякуй за добрасумленнае выкананне сваіх службовых абавязкаў ветэранам арганізацыі: вядучаму эканамісту Антаніне Фёдараўне Дзмітровіч і загадчыцы склада Ларысе Канстанцінаўне Майстрэнка, якія адпрацавалі ў арганізацыі больш за трыццаць гадоў. У брыгадзе па забеспячэнні насельніцтва торфабрыкетам і палівам старанна працуюць механізатары Аляксандр Вакунаў, Канстанцін Апет, Уладзімір Гудына, вадзіцелі Аляксандр Пучкоў і Яўген Выбарны і рабочы па распілоўцы дроў Генадзь Дарожкін.

    А яшчэ нашы работнікі нярэдка аказваюць дапамогу сельскім працаўнікам у правядзенні палявых работ. У сёлятнее жніво, напрыклад, стараннай працай на адвозцы збожжа ад камбайнаў у КУСГП імя Чарняхоўскага вызначыўся вадзіцель “МАЗа” Яўген Выбарны, а ў час сенакосу значную дапамогу на касьбе траў корманарыхтоўшчыкам гэтай гаспадаркі аказаў механізатар Аляксандр Вакунаў.

    Словам, усе работнікі калектыва працуюць добра. Я віншую ўсіх з прафесійным святам і жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту.

     

    На здымку: работнікі арганізацыі — механізатар Аляксандр Вакунаў, распілоўшчык дроў Генадзь Дарожкін, вадзіцель Аляксандр Пучкоў і механізатар Канстанцін Апет.